Штронах пазбавіць ад спадчыны Хайдэра
Здавалася, за часы цяперашняга крызісу Еўропа пабачыла самыя неверагодныя мадэлі палітычных рухаў: акупанты біржаў, піраты, неаманархісты. Цяпер на авансцэну выходзяць партыі-фірмы.
Франк Штронах
5 мая ў аўстрыйскім Зальцбургу прайшлі выбары ў рэгіянальны парламент. Падзея не маштабная, аднак інтарэс да яе ў прэсе вельмі вялікі. Гэта апошнія мясцовыя выбары перад прызначанымі на восень федэральнымі выбарамі. Акрамя таго, яны могуць дапамагчы зразумець патэнцыял новай партыі «TeamStronach» («Каманда Штронаха»). Хаця ў яе гісторыі гэта другія выбары, партыя разглядаецца як адзін з самых цікавых палітычных праектаў, здольных кардынальна змяніць палітычнае жыццё альпійскай рэспублікі.
Усё дзякуючы Франку Штронаху (Frank Stronach), заснавальніку партыі, у гонар якога яна і названая. Франк Штронах нарадзіўся ў 1932 годзе. Хаця ў хлопца была тэхнічная адукацыя, ён зарабляў на жыццё тым, што гуляў у прафесійны футбол. У 1954 годзе, маючы ў кішэні ўсяго 200 долараў, Штронах адправіўся ў Канаду, дзе фантастычна хутка разбагацеў на здзелках з патрыманымі аўтамабілямі. Пасля створаная ім кампанія выйшла на іншыя рынкі. На цяперашні момант яго фірма «Magna InternationalInc» — адна з самых вялікіх у Паўночнай Амерыцы, а капітал кампаніі вымяраецца лічбай у 9 мільярдаў долараў.
У 1989 годзе алігарх нечакана згадаў пра гістарычную радзіму, дзе пра яго не забылі, шмат пісалі і нават лічылі лепшай кандыдатурай на пасаду канцлера. Пасля ад’езду з Аўстрыі Штронах займаўся рознымі дабрачыннымі праектамі — будаваў паркі, заснаваў футбольную акадэмію, фінансаваў адзін з венскіх футбольных клубаў, даў грошы на будаўніцтва ў аўстрыйскай сталіцы новай музычнай залы. У 2009 годзе ўзніклі чуткі пра тое, што нямецкі ўрад не супраць прадаць Штронаху і яго партнёрам аўтакампанію «Opel», аднак здзелка не адбылася. Магчыма, таму, што «містар твістар» знайшоў сабе новую цацку — палітыку.
Яшчэ ў 2011 годзе Франк заснаваў Інстытут за сацыяльна-эканамічную справядлівасць, які таксама ён назваў у свой гонар. Інстытут распрацаваў шэраг альтэрнатыўных законапраектаў ліберальнага характару. Вялікая ўвага таксама надавалася крытыцы еўрапейкай інтэграцыі і пошукам альтэрнатывы. Напрыклад, была распрацаваная канцэпцыя т. зв. «нацыянальных еўра» — агульная еўрапейская валюта, якая існуе паралельна з нацыянальнымі валютамі.
Дзейнасць установы хутка зацікавіла правыя і еўрафобскія партыі, накшталт «Саюзу за будучыню Аўстрыі» (BZО). Палітыкі пачалі актыўна цягнуць Франка пад партыйныя штандары, у тым ліку ў надзеі на спонсарства. Аднак алігарх не даў сябе ачмурыць, і ў жніўні 2012 года заявіў пра намер стварыць уласную партыю. Партыя была прадстаўленая публіцы 25 верасня мінулага года.
Праграма партыі ўтрымлівае такія патрабаванні, як вяртанне Аўстрыі да нацыянальнай валюты, кардынальная рэформа падатковай сістэмы праз замену ўсіх падаткаў адным універсальным падаткам, т. зв. Flat Tax, максімальнае скарачэнне дзяржаўнага апарату, большая ступень федэралізацыі краіны.
Галоўным чалавекам партыі, паводле статуту, лічыцца Obmann (старшыня). Гэтую пасаду, зразумела, займае сам Штронах. Статут надае яму вялікія паўнамоцтвы, у тым ліку выключнае права выказваць пазіцыю партыі на публіцы. У старшыні ёсць намеснік. Наступны орган па значнасці — кіраўніцтва партыі, у склад якога зараз уваходзяць 10 чалавек. Хаця сябры кіраўніцтва могуць па статуту дыскутаваць з лідарам, усе рашэнні прымае выключна ён. Як піша прэса, па сутнасці структура партыі — гэта структура прыватнай фірмы, дзе апошняе слова мае бос. Аглядальнікі пішуць, што да такога нахабства не даходзілі нават украінскія і расійскія алігархі.
Першыя крокі новастворанай структуры паказалі сур’ёзнасць намераў мільярдэра. Па-першае, на працягу зімы была створаная арганізацыйная сетка на месцах. Штронах не стаў выдумляць веласіпед. На месцах базай партыі сталі перабежчыкі з розных правых партый, у першую чаргу BZО. За кошт «варагаў» была сфармаваная і фракцыя «Каманды Штронаха» ў нацыянальным парламенце. На цяперашні дзень яе сябрамі з’яўляюцца 5 чалавек, якія збеглі з усё той жа BZО. Важна дадаць,што партыя Штронаха лічыцца самай багатай партыяй у краіне. Заснавальнік перавёў на яе рахунак каля 9 мільёнаў еўра. Дарэчы, у зямлі Ціроль паміж дэпутатамі, якія хацелі перайсці ў лагер Франка, нават узнікла патасоўка, якую давялося разнімаць паліцыі.
Упершыню «Каманда Штронаха» паспрабавала сябе на выбарах 3 сакавіка 2013 года, калі ў шэрагу аўстрыйскіх земляў абіралі парламенты. Першы блін не быў для Штронаха камяком. У зямлі Карынтыя «Каманда Штронаха» атрымала 11 працэнтаў, у Ніжняй Аўстрыі — 9,8 працэнта, аднак правалілася ў Ціролі (3,4 працэнта). Франк, дарэчы, ужо паставіў перад аднапартыйцамі задачу — сабраць на восеньскіх выбарах не менш за 10 працэнтаў. На цяперашні дзень рэйтынг «Каманды Штронаха» — прыкладна 9–12 працэнтаў. Сам Штронах не хавае, што марыць пра пасаду канцлера. Паводле аўстрыйскіх мерак, каб сур’ёзна разлічваць на такую пасаду, трэба мець як мінімум траціну дэпутацкага корпусу.
Адзін з сацыялагічных інстытутаў ужо намаляваў партрэт тыповага сімпатызанта Штронаха. Гэта галоўным чынам мужчына трошкі маладзей за 40 гадоў, які мае сярэдні заробак. Як правіла, гэта прадстаўнік тэхнічнай прафесіі або супрацоўнік офісу. Калі верыць сацыёлагам, электарат партыі Франка слаба арыентуюцца ў партыйнай праграме або ўвогуле яе не чытаў. Як правіла, галоўны аргумент галасаваць за Франка — «ён лепш за ўсіх разумее, што такое эканоміка». Таксама падабаецца выбаршчыкам Штронаха тое, што іх кумір супрацьстаіць старой палітычнай эліце. Шмат каго прываблівае ў выступах Штронаха яго выразная нянавісць да фемінісцкага руху і іранічнае стаўленне да жанчын-палітыкаў.
Прагрэсіўная публіка не толькі ў Аўстрыі ў шоку ад амбіцый Штронаха. Па-сутнасці, еўрапейцы ледзь адышлі ад Ёрга Хайдэра — лідара правай папулісцкай «Аўстрыйскай партыі свабоды» (FPO), якая ў 2002 годзе стала трэцяй партыяй у краіне і ўвайшла ў кааліцыйны кабінет з кансерватарамі. Знаходжанне ў складзе ўраду запоўнілася масай скандалаў, звязаных з праявамі сімпатый хайдэраўцаў да нацызму. У сярэдзіне нулявых гадоў папулярнасць партыі Хайдэра пачала падаць. Хаця партыя дасюль застаецца ў вышэйшым дывізіёне аўстрыйскай палітыкі (сам Ёрг загінуў у аўтакатастрофе ў 2008-м), аднак цяпер фантом правага папулізму вярнуўся ў выглядзе заакіянскага мільярдэра.
Адным словам, атрымліваецца, што маюць рацыю гісторыкі, якія пішуць, што Аўстрыя — не ахвяра фашызму, а яго радзіма. Ідэя прыналежнасці да нейкай элітнай нацыі прапісалася з часоў Аўстра-Венгрыі ў масавай свядомасці аўстрыйцаў і рэгулярна праяўляецца ў высокіх рэйтынгах правых папулістаў. Праўда, у такой пазіцыі ёсць крытыкі. Яны лічаць, што феномен Штронаха — гэта следства агульнай еўрапейскай эрозіі даверу для традыцыйных партый. Акрамя таго, з’яўленне Штронаха здольнае разваліць увесь правы радыкальны фланг і назаўсёды пазбавіць аўстрыйскую палітыку ад рэшткаў спадчыны Ёрга Хайдэра.