Германія. Будзе Міністэрства барацьбы з неанацызмам
З такой незвычайнай ініцыятывай выступіла віцэ-старшыня ліберальнай «Свабоднай дэмакратычнай партыі» (FDP) Сабіна Лёйтхойзер-Шнарэнбергер.
Сабіна Лёйтхойзер-Шнарэнбергер
Як лічыць палітык, грамадству не хапае спецыяльнага органа, які б мог каардынаваць барацьбу з неанацыстамі, за якую зараз адказваюць спецыяльныя дэпартаменты ў паліцыі і Міністэрстве юстыцыі. У выпадку, калі пасля восеньскіх парламенцкіх выбараў FDP застанецца ўрадавай партыяй, такое пытанне, як абяцае Сабіна, будзе абавязкова ўзнятае падчас перамоваў з партнёрамі па ўраду.
Актуальнасць стварэння такога дэпартамента выклікана інфармацыяй, якая ўсплыла падчас цяперашняга судовага працэсу над сябрамі мілітарнай групоўкі «Нацыянал-сацыялістычны супраціў» (NSU). Па матэрыялах следства можна заключыць, што неанацысты моцна праніклі ў некаторыя сегменты нямецкага грамадства, напрыклад, у турэмную і падлеткавую субкультуры.
Варта таксама сказаць, што саміх свабодных дэмакратаў вельмі часта крытыкавалі за антысеміцкія настроі некаторых сябраў партыі.
Паводле нямецкай прэсы