Сірыя: прарыў у Алепа
Урадавыя сірыйскія войскі здзейснілі прарыў у зацяжным канфлікце ў Алепа, захапіўшы значную частку тэрыторыі на ўсходзе горада, якую займалі паўстанцы.
Хуткае прасоўванне урадавых войскаў, паклала канец тупіковай сітуацыі, якая існавала паміж рэжымам і паўстанцамі ў Алепа фактычна з 2012 г. Прарыў стаў вынікам хвалі нападаў, якія паказалі, што сірыйскі прэзідэнт Башар Асад схіляецца да вайсковага вырашэння канфлікту, «нягледзячы на міжнародныя намаганні дамагчыся міру шляхам перамоваў».
Тэрыторыя, падкантрольная паўстанцам, паступова памяншалася на працягу года, аднак яны ўсё яшчэ ўтрымліваюць вялікую частку правінцыі Ідліб на паўночным захадзе і некаторыя вобласці ў іншых правінцыях. Акрамя таго, у ходзе нядаўняга наступлення на баявікоў з «Ісламскай дзяржавы» пры падтрымцы Турцыі ім удалося паўторна захапіць некаторыя тэрыторыі на поўначы правінцыі Алепа.
У выніку прарыву урадавых войскаў у Алепа дзясяткі тысяч мірных жыхароў пачалі пакідаць горад. Да цяперашняга моманту паўстанцы страцілі прыкладна траціну сваёй тэрыторыі ў Алепа. Значную частку часу атакі на паўстанцкую частку Алепа суправаджаліся спробамі некаторых сусветных дзяржаў спыніць кровапраліцце і падтрымаць статус-кво. Аднак на апошнім этапе паўстанцы фактычна перасталі атрымліваць падтрымку ад сваіх знешніх прыхільнікаў.
Тым часам ключавыя саюзнікі паўстанцаў альбо не могуць, альбо не хочуць умешвацца. Турэцкі ўрад цяпер заняты перамовамі з Расіяй у надзеі аслабіць курдскі анклаў на поўначы Сірыі, таму што падазрае яго ў падрыўной дзейнасці сярод турэцкіх курдаў. Вашынгтон, які і раней не выяўляў вялікага імпэту ў плане падтрымкі, цяпер нават не паспрабаваў дамовіцца з Крамлём аб спыненні наступу, як ён гэта зрабіў раней, у верасні. Паўстанцы лічаць, што адсутнасць амерыканскай дыпламатычнай ініцыятывы ў гэтым кірунку — вынік перамогі Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША. У ААН паспрабавалі аднавіць мірныя перамовы, але спроба не ўдалася.
З іншага боку, нявызначанасцю ў Вашынгтоне скарысталіся Асад і яго група падтрымкі ў асобе Расіі і Ірана, якія ўзмацнілі атакі на паўстанцкую частка Алепа. Асад спадзяецца, што калі ён разаб'е апазіцыю ў Алепа, які лічыцца яе галоўнай апорай, то ён атрымае перавагу ў далейшым, калі пачнецца працэс палітычнага ўрэгулявання.
Урадавыя сілы ўжо не раз прапаноўвалі мірным жыхарам пакінуць аточаныя тэрыторыі, аднак да апошняга часу амаль ніхто не сыходзіў, таму што людзі не давяралі ўраду. Аднак цяпер людзі сталі масава пакідаць Алепа. Многія накіроўваюцца ў вобласць, кантраляваную курдамі. Іншыя адправіліся на тэрыторыі, падкантрольныя ўраду. Былі і тыя, што рушылі на поўдзень, у вобласці, якія яшчэ знаходзяцца пад кантролем паўстанцаў, аднак у выніку зноў апынуліся ў зоне з працягам бамбёжак.
Паводле polit.ru