ЮНІСЭФ: паўмільёна дзяцей у Сірыі жывуць ва ўмовах аблогі
Каля 500 тыс. дзяцей у Сірыі жывуць у блакадных умовах, сцвярджаюць у ЮНІСЭФ.
Менш чым за год колькасць дзяцей, якія жывуць у аблозе, падвоілася, гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце арганізацыі.
Па дадзеных ЮНІСЭФ, у 16 раёнах па ўсёй краіне дзеці амаль цалкам адрэзаныя ад знешняга свету, не атрымліваюць гуманітарнай дапамогі і пазбаўленыя доступу да паслуг першай неабходнасці, уключаючы медыцыну і адукацыю,
«Дзеці гінуць і атрымліваюць раненні, яны занадта напалоханыя, каб хадзіць у школу і гуляць, яны выжываюць ва ўмовах недахопу ежы і амаль поўнай адсутнасці лекаў», — адзначае выканаўчы дырэктар ЮНІСЭФ Энтані Лэйк.
Арганізацыя падкрэслівае, што некаторыя сірыйскія абшчыны не атрымліваюць практычна ніякай дапамогі ужо на працягу двух гадоў.
Паводле ацэнак ЮНІСЭФ, у адной толькі ўсходняй частцы Алепа ў аблозе аказаліся 100 тыс. дзяцей.У арганізацыі адзначаюць, што ваенныя дзеянні ў некаторых выпадках у літаральным сэнсе заганяюць дзяцей пад зямлю. У адным з абложаных раёнаў Алепа група добраахвотнікаў пабудавала падземную дзіцячую пляцоўку. Кожны дзень яе наведваюць каля 200 дзяцей. У іншым абложаным раёне горада працуе падземная школа, дзе вучацца 250 дзяўчынак.
ЮНІСЭФ заклікае ўсе бакі канфлікту зняць блакады, а таксама забяспечыць неадкладны, безумоўны і пастаянны доступ да іх гуманітарных місій па ўсёй тэрыторыі краіны.
Паводле рускай службы Бі-бі-сі