Правілы жыцця і шчасця самай вялікай сям’і Еўропы

Учора ў Мінску самая вялікая сям’я Еўропы Пасціга-Пік прэзентавала кнігу «Як жыць шчасліва з 1, 2, 3 дзецьмі?». Але дзясяткаў сем’яў, якія прыйшлі на сустрэчу, цікавіла не толькі кніга, але самі бацькі, якія нарадзілі васямнаццаць дзяцей.

roza_z_muzam_hosemaryja_1_logo.jpg

Мадэратарам сустрэчы быў акцёр, бацька пяцёра дзяцей Павел Харланчук.
Некалькі гадоў таму ў госці да шматдзетнай іспанскай сям’і завітаў канал ВВС, пасля рэпартажу якога на сям’ю абваліўся вялікі інтарэс. «А пасля сябры і знаёмыя сказалі, што я проста абавязана напісаць кнігу», — распавядала Роза, — і я яе напісала». «Як жыць шчасліва з 1, 2, 3… дзецьмі?» — кніга, якая перакладзена на 11 моваў свету. Дзякуючы перакладчыцы Юліі Шэдзько, мы можам чытаць яе цяпер і па-беларуску.

sjam_ja_pasciha_pik_1_logo.jpg


Кніга, якая напісана з гумарам, — гэта маленькая скарбонка з сакрэтамі выхавання дзяцей і захавання цёплых узаемаадносінаў паміж сужонкамі. «Галоўнае ў выхаванні — навучыць дзяцей любіць і служыць», — зрабіў выснову Хосэмарыя Пік.

Пытанне задае маці дзевяці дзяцей

Пытанне задае маці дзевяці дзяцей


Па колькасці людзей у залі стала зразумела, што тэма адказнага бацькоўства і выхавання дзетак — папулярная сярод беларусаў. Пытанні Розе задаваліся самыя разнастайныя: ад «Ці забіраюць у Іспаніі ўлады дзетак ад недабранадзейных бацькоў?» да «ці варта даваць дзецям соску?».


На сустрэчы Роза дзялілася ўласным досведам шматдзетнай маці: «Я набываю адзін раз у месяц праз інтэрнэт 240 літраў малака, 1300 пячэнняў, 100 яек, 25 кілаграмаў бульбы, 96 рулонаў туалетнай паперы. І калі нешта заканчваецца, я не бягу ў краму, але чакаю наступнага месяцу. Напрыклад, калі заканчваецца цукар, то да наступнага месяца мы жывём без цукру. Дадаткова я набываю толькі туалетную паперу».

knihi_1_logo.jpg


І Хосэмарыя, і Роза — працуючыя бацькі. Да працы яны прывучваюць і сваіх дзяцей. Гэта робіцца для таго, каб дзеці ведалі, што грошы проста так не даюцца. Напрыклад, дзеці могуць падпрацоўваць нянькамі. Бацькі не сядзяць дома нават дзеля тых, хто не ходзіць у дзіцячы садок: «Мы наймаем няньку, каб яна глядзела з малымі». Павел Харланчук удакладніў: «Гэта вашы старэйшыя падпрацоўваць у вас?». Пасціга-Пік пасмяяліся: «Не, нашы дзеці ў нашай жа сям’і не працуюць».


Вялікую ўвагу як у кнізе, так і на сустрэчы Роза надала такому моманту як збіранне ўсёй сям’і за сталом: «За сталом усё адразу бачна — у каго якія праблемы ўзніклі за гэты дзень. Ніякіх мабільных тэлефонаў і тэлевізараў. Дзеці распавядаюць, што ў іх здарылася ў школе або ў дзіцячым садку. І ўсе чакаюць таго моманту, калі кожны можа падзяліцца перажытым за дзень».


Распавядала Роза з сумнай усмешкай і пра тое, як яна страціла трох дзяцей. Двух маленькіх дзетак яна згубіла за некалькі месяцаў: «Мне было тады дваццаць шэсць. І я ляжала ў лякарні. Тады мне хацелася скінуцца з вакенца, бо я не бачыла аніякага сэнсу ў жыцці». Зусім нядаўна памерла і старэйшая дачка Пасціга-Пікаў Кармінета — падчас аперацыі на сэрца ў дзяўчыны разарваліся сасуды...

hiszp8_logo.jpg


Шмат хто пытае ў Розы: «Што ты сабе такое колеш? Як табе ўдаецца заставацца шчаслівай?”
Адказ на гэтае пытанне і галоўны рэцэпт шматдзетнай сям’і ў апошнім раздзеле кнігі «Роза, у чым твая таямніца?». Але кнігу варта прачытаць усім не толькі дзеля ключыка да шчасця, але і дзеля таго, каб навучыцца лёгка і з гумарам спраўляцца з нібыта цяжкімі і невырашальнымі праблемамі
Кнігу можа набыць у «Духоўнай кнізе» па адрасе: г. Мінск, вуліца Максіма Багдановіча, 25.