Сямён Сяменчанка: Шанцаў на мірнае ўрэгуляванне без здачы нацыянальных інтарэсаў — няма

Калі пайсці па шляху здачы пазіцый кіруючай «эліты» Украіны, то будзе новая рэвалюцыя, далейшае паслабленне краіны і новы напад антыўкраінскіх сіл, лічыць камандзір батальёна «Данбас».



siamienczanka_u_kyivi.jpg

На жаль, шанцаў на мірнае ўрэгуляванне сітуацыі на Данбасе без здачы нацыянальных інтарэсаў Украіны — няма, лічыць камандзір батальёна «Данбас» Сямён Сяменчанка. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю ZN.UA. 
«Гэта няпроста прыняць, але давайце капнем глыбей. Канфлікт — гэта найбольш востры спосаб вырашэння супярэчнасцяў у інтарэсах, мэтах, поглядах. І каб зразумець, як гэты канфлікт вырашыць, трэба разабрацца, у каго ўзніклі супярэчнасці», — сказаў камандзір батальёна «Данбас» . 
Як адзначыў Сяменчанка, актыўнымі бакамі канфлікту з'яўляюцца дзяржавы РФ і Украіна, эліта, якая знаходзіцца ва ўладзе ва  Украіне, контрэліта, ад улады адхіленая (ПР і Сям'я), і эліта новая, пакуль яшчэ не сфармаваная народам пасля Майдана.
«Дарэчы, у працэсе канфлікту некаторыя сацыяльныя групы на Данбасе стварылі свой ​​варыянт новай эліты, якая выступае супраць тых жа негатыўных працэсаў у грамадстве. На жаль, намаганнямі прапаганды і бяздзейнасцю цэнтральнай улады Украіны гэтую групу атрымалася сутыкнуць не з яе сапраўднымі ворагамі — былой кіруючай групай, якая абкрадала і падманвала Данбас, а з іншымі бакамі канфлікту», — адзначыў ён. 
«Ну і як цяпер усё гэта мірна ўрэгуляваць? Калі пайсці па шляху здачы пазіцый кіруючай "эліты" Украіны, то будзе новая рэвалюцыя, далейшае паслабленне краіны і новы напад антыўкраінскіх сіл. Дабіць слабога ў палітыцы — на жаль, "святая справа", — падкрэсліў Сяменчанка. 
Пры гэтым камбат лічыць, што калі пакінуць Данбас, то ён будзе выкарыстаны як плацдарм для ўмацавання і наступнага пашырэння агрэсіі: «Прычым на Днепрапятроўск, Кіеў і Харкаў пойдуць і расійскія найміты, і сфарміраваная армія тэрарыстаў з мясцовых. Перамога акрыляе, і ў рух прыйдуць нават тыя групы, якія цяпер ўдзелу ў канфлікце не прымаюць. Гэта значыць, пра "развод" размова не ідзе, паколькі ён азначае пажыранне па частках моцным слабога». 
На яго думку, АТА варта вынікова і хутка завяршыць з мінімальнымі стратамі. Паралельна трэба вельмі хутка выкараняць прычыны канфлікту, мяняць упарадкаванне палітычнай улады ў краіне, праводзіць сацыяльна-эканамічныя рэформы, жорстка змагацца з карупцыяй. 
«Паралельна ўключаць у пераўтварэнні пасіянарную частку насельніцтва, якая ўсе гэтыя гады не прымала ўдзелу ў кіраванні дзяржавай. Прычым і прарасійская частка Данбаса, чые рукі "не ў крыві", прыме тады ў гэтым працэсе ўдзел, атрымаўшы магчымасць самарэалізацыі ва Украіне», — адзначыў Сяменчанка. 
«На жаль, для рэалізацыі гэтага сцэнара трэба, каб у ім былі зацікаўлены як народ, так і групы ва ўладзе. А ці так гэта? На гэтае пытанне мы атрымаем адказ у самы бліжэйшы час», — дадаў ён.
zn.ua