Сяміразовы дыктатар, адмова беларускаму ўцекачу ў Балгарыі, санкцыйны футбол: што пра Беларусь пісалі ў сусьветных медыя ў кастрычніку

Пра нашую краіну не забываюць, гэта радуе. Але нагоды для артыкулаў у сусьветных выданьнях не самыя пазытыўныя. Мы прасачылі за галоўнымі тэмамі, якія падаліся істотнымі ў іншых краінах. 

Фота: Павал Хадзінскі

Фота: Павал Хадзінскі

Вугоршчына пад агнём крытыкі за справы з беларускім рэжымам

«Урад Вугоршчыны ніколі не губляе магчымасьці прысароміць нас», — заявіла эўрадэпутат Наталі Луазо. Пра выкрутасы Будапэшту зьвяртае ўвагу Politico.

29 кастрычніка позна ўвечары ўзьнялася крытыка з нагоды паездкі міністра замежных справаў Вугоршчыны Петэра Сіярта ў Менск для ўдзелу ў форуме па бясьпецы з удзелам высокапастаўленых чыноўнікаў Беларусі, Расеі і Сірыі.
Цяперашнія і былыя высокапастаўленыя чыноўнікі крытыкавалі Вугоршчыну — чальца ваеннага альянсу NATO — за яе ўсё больш шчыльныя адносіны з Расеяй, у той час, калі яна вядзе вайну супраць Украіны.

«Па-французску мы кажам: «Калі вы перасякаеце межы, няма абмежаваньняў», — сказала Каміль Гран, былы памочнік генэральнага сакратара NATO. «Вельмі трывожна», — дадала яна.

Марка Міхкельсан, старшыня камітэта па замежных справах эстонскага парлямэнта, паўтарыў іх расчараваньне, спытаўшы: «Як доўга яшчэ?»

Сіярта, галоўны дыплямат ва ўрадзе прэм'ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана, павінен выступіць 31 кастрычніка на Менскай міжнароднай канферэнцыі па эўразійскай бясьпецы, саміце, які Расея і яе хаўрусьнікі разглядаюць як суперніка Мюнхэнскай канферэнцыі па бясьпецы.

Міністар замежных справаў Вугоршчыны неаднаразова наведваў Маскву, Санкт-Пецярбург і Менск з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, а сам Орбан падтрымлівае шчыльныя сувязі з прэзідэнтам Расеі Пуціным.

Глядзіце таксама

Сяміразовы

Прэзідэнт Беларусі Лукашэнка будзе балятавацца на сёмы тэрмін на студзеньскіх выбарах, піша катарскае выданьне Al-Jazeera. Увогуле заява беларускага тырана аб сваім намеры зноў вылучацца стала галоўнай навінай, датычнай Беларусі за апошні месяц.

Апазыцыя заклікае да непрызнаньня выбараў, скіраваных на падаўжэньне 30-гадовага праўленьня Лукашэнкі, - працягвае медыя.

Лукашэнка, верны хаўрусьнік Расеі, якога абвінавачвалі ў маніпуляцыях на папярэдніх выбарах і зьнішчэньні палітычнай апазыцыі, узмацніў кантроль над іншадумствам пасьля таго, як Масква пачала ўварваньне ў суседнюю Ўкраіну ў лютым 2022 года.

Дэмакратычныя сілы ў Беларусі, якія імкнуцца зрынуць Лукашэнку з моманту яго першага прыходу да ўлады ў 1994 годзе, пасьля распаду Савецкага Саюза, раней заяўлялі, што будуць дамагацца непрызнаньня выбараў міжнароднай супольнасьцю.

Як і ў папярэднія галасаваньні, апошнія выбары ў 2020 годзе былі азмрочаныя паведамленьнямі аб масавых фальсыфікацыях. Абвяшчэньне ЦВК аб перамозе Лукашэнкі ў тым годзе выклікала тыдні масавых пратэстаў, якія, здавалася, паставілі Беларусь на мяжу рэвалюцыі.

Аднак Лукашэнку ўдалося авалодаць сітуацыяй, і ўсьлед рушылі жорсткія рэпрэсіі, многія тысячы былі арыштаваныя або ўцяклі. У Беларусі каля 1300 палітвязьняў, паведамляе праваабарончая арганізацыя «Вясна».

Сярод выгнаных у 2020 годзе была прэтэндэнтка Сьвятлана Ціханоўская, якая раней заяўляла пра перамогу, набраўшы больш за 60 адсоткаў галасоў.
Яна пасьпяшалася раскрытыкаваць абвяшчэньне даты выбараў, сумняючыся ў верагоднасьці свабоднай і справядлівай гонкі. Здушэньне палітычнага іншадумства ў апошнія дзесяць гадоў прывяло да таго, што Лукашэнка цьвёрда вярнуўся ў лона Масквы. У лютым 2022 года ён дазволіў расейскім войскам выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для ўварваньня ва Ўкраіну.

Расея заявіла аб плянах разьмясьціць у Беларусі стратэгічную ядзерную зброю. Нядаўна Лукашэнка паўтарыў пагрозы ўжыць ядзерную зброю ў выпадку нападу на яго краіну.

Associated Press падхоплівае тэму і дадае падрабязкі.

Асноўныя дзеячы апазыцыі з 2020 года былі або заключаныя ў турму, або ўцяклі з краіны ў выніку рэпрэсій, падчас якіх было арыштавана каля 65 000 чалавек. З моманту прыходу да ўлады ў 1994 годзе Лукашэнка настойліва душыў апазыцыю і незалежныя СМІ. Цэнтрвыбаркам адкрыў рэгістрацыю ініцыятыўных групаў, якія павінны сабраць да 6 сьнежня не менш за 100 тысячаў подпісаў для вылучэньня кандыдата.

ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў лідэру руху «За свабоду» Юрасю Губарэвічу са спасылкай на «парушэньне парадку падачы дакумэнтаў». Адмоўлена ў рэгістрацыі і палітыку Аляксандру Драздову (чалавек-ноўнэйм ужо валодае азначэньнем «палітык» - заўв. П.Х.).
«Гэта не выбары, а выбарчы фарс, і дзеяньні Цэнтрвыбаркама толькі сьведчаць аб тым, што да выбараў не дапусьцяць ніводнага рэальнага апанэнта Лукашэнкі», — заявіў Губарэвіч агенцтву Associated Press.

А нам застаецца толькі здагадвацца, ці меў на ўвазе сябе спадар Губарэвіч, калі казаў пра «рэальнага апанэнта Лукашэнкі». А таксама незразумелымі засталіся матывы беларускага дзеяча: ці стаў бы выбарчы фарс выбарамі, калі б яго ініцыятыўная група была зарэгістраваная. А калі не – тады чаму ён у выбарчы фарс падаваў нейкія дакумэнты.

Журналісты АР, зрэшты, не сталі раскручваць гэтыя нюансы.

Глядзіце таксама

Беды беларусаў у Балгарыі

Барыс Барысаў, другі беларускі актывіст, якому за апошні час адмовілі ў статусе ўцекача ў Баўгарыі – дзеліцца Balkan Investigative Reporting Network.

Беларускі апазіцыйны актывіст Барыс Барысаў у інтэрвію BIRN у Сафіі заявіў, што баіцца дэпартацыі з Балгарыі і перасьледу з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі пасьля таго, як Дзяржаўнае агенцтва па справах бежанцаў Балгарыі адхіліла яго хадайніцтва аб прадастаўленьні прытулку.

«Закрытае рассьледаваньне майго ўдзелу ў пратэстах [у Беларусі] будзе неадкладна. Праблемнымі фактарамі будзе таксама мая актыўнасьць у сацсетках і тое, што я меў кантакты з іншымі актывістамі за мяжой», — сказаў Барысаў. Ён выказаў бачную заклапочанасьць сваёй сітуацыяй і магчымасьцю вяртаньня ў Беларусь.

«Беларуская дзяржава — гэта машына рэпрэсій», — заявіў ён.

Барыс Барысаў. Фота з архіва героя

Барыс Барысаў. Фота з архіва героя

Адмова ад Дзяржаўнага агенцтва па справах бежанцаў прыйшла 7 кастрычніка. BIRN сустрэўся з Барысавам неўзабаве пасьля таго, як 15 кастрычніка ён абскардзіў рашэньне і падаў яшчэ адну заяву. Ён з мінулага года разам з жонкай і пяцігадовым сынам жыве ў Сафіі пасьля прыезду з Тбілісі, куды пераехаў з Менску ў лютым 2022 года.

Барыс нарадзіўся ў 1989 годзе ў горадзе Слуцку і ​​працаваў інжынэрам, ён быў часткай каманды банкіра, які стаў апазыцыйным кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах у жніўні 2020 года. Падчас кампаніі Барысаў аказваў фінансавую дапамогу апазыцыйнаму руху, арганізоўваў мірныя акцыі і зьбіраў подпісы.

У самога Барысава скончыўся тэрмін дзеяньня беларускага пашпарта. Ён баіцца, што калі ён вернецца, каб аднавіць яго, то панясе цяжкія наступствы.

«Яго заявы аб тым, што ён пакінуў Беларусь з-за боязі перасьледу, ніяк не пацьвярджаюцца і зьяўляюцца беспадстаўнымі», — гаворыцца ў адмове з Дзяржаўнага агенцтва па справах бежанцаў.

Беларускіх футбалістаў не вельмі чакалі ў Паўночнай Ірляндыі

Ёсьць нявызначанасьць наконт таго, ці адбудзецца хатні матч Лігі нацый Паўночнай Ірляндыі супраць Беларусі ў лістападзе – зьвяртае ўвагу ВВС.

Пакуль не прынятае рашэньне, ці атрымаюць беларускія гульцы і пэрсанал візы для ўдзелу ў матчы ўрадам Вялікай Брытаніі.

Беларусь трапіла пад санкцыі Вялікай Брытаніі супраць Расеі, паколькі краіна дазволіла расейскай арміі выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для нападаў на поўнач Украіны.

Прэс-сакратар Ірляндзкай футбольнай асацыяцыі сказаў, што яна «ў кантакце з адпаведнымі прадстаўнікамі УЕФА і ўрада па гэтым пытаньні».

Ад сябе адзначым, што на сёньняшні дзень пытаньне аб выдачы візаў вырашанае станоўча.