Германія. Сепаратызм у скураных шортах

Адным з наступстваў іміграцыйнага крызісу ў Германіі стаў рэнесанс баварскага сепаратызму, які можа стаць ідэалогіяй цэнтральнага ўраду. 



bayern_26.jpg

Вільфрэд Шарнагл выдаў кнігу «Баварыя здольная сама».  Фота www.taz.de

Калі ў 2012 годзе Вільфрэд Шарнагл выдаў кнігу «Баварыя здольная сама» пра неабходнасць стварэння баварскай дзяржавы, яе ўспрынялі ў большай ступені як своеасаблівую правакацыю. Падставай шукаць прыхаваны сэнс было таксама тое, што аўтар — не нейкі маргінал-графаман, а былы рэдактар тыднёвіка «Bayernkurier» — органа Сацыяльна-хрысціянскага саюза (CSU), вядучай рэгіянальнай партыі.

Было не зразумела, што прымусіла такога саліднага рэдактара падацца ў палітычныя фантасты. Каму патрэбна тая незалежнасць, калі Баварыя — самы заможны край у ФРГ, дзе ў дадатак аўтахтонная палітычная сцэна. Напрыклад, Саюз хрысціянскіх дэмакратаў у Баварыі не працуе, а нішу кансерватараў займае асобная партыя — Сацыяльна-хрысціянскі саюз. Нарэшце, на гарызонце няма ніводнай прыкметы пагрозы баварскай ідэнтычнасці, мясцовай культурнай традыцыі. Кароткія скураныя шорты — сімвал Баварыі — дасюль у трэндзе мясцовай моды.

Не прайшло і пяці гадоў пасля выхаду кнігі «Баварыя здольная сама», як стаўленне да твору Вільфрэда Шарнагла кардынальна змянілася. Яго тэзісы ўсё часцей успрымаюцца як сур’ёзны маніфест. Прычына таму — не толькі эканамічны крызіс, які абуджае ў падаткаплацельшчыкаў на месцах прыроднае жаданне як мага менш плаціць у цэнтральны бюджэт.

Працуе на руку незалежнікам таксама гістарычная спадчына. Як адміністратыўная адзінка з элементамі суверэнітэту Баварыя існавала практычна да 1918-га, а апошнія спробы рэанімацыі баварскай дзяржаўнасці фіксуюцца ў сярэдзіне 1940-х гадоў. Пакуль прыкладна ў 1946-м саюзнікі, што акупавалі Германію, не знайшлі кансенсус на базе ідэі стварэння федэральнай рэспублікі, баварскія незалежнікі не пакідалі ідэю аб самастойнасці. Заснаваная імі ў той час Баварская партыя аж да канца 1950-х гадоў мела масавую падтрымку, збіраючы да 15 працэнтаў галасоў выбаршчыкаў.

Новая рэдакцыя баварскага сепаратызму, аднак, звязаная не з Баварскай партыяй, а з Сацыяльна-хрысцінскім саюзам (CSU), кіраўніцтва якога прыкладна пяць гадоў таму пачало шукаць новыя стратэгіі пазіцыянавання. У тым ліку было вырашана паспрабаваць эксплуатаваць і набіраючую папулярнасць на фоне навінаў з Шатландыі і Каталоніі тэму незалежнасці. «Еўропе патрэбна больш Шатландый», — казаў тады намеснік старшыні CSU Пітэр Гаўвайлер.

Берлінская эліта дастаткова спакойна ўспрымала «незалежніцкую» рыторыку CSU, падазраючы, што за ёй стаіць выключна прагматычны разлік паліттэхнолагаў. «Рэгіяналізм, які патрабуе больш федэральнай аўтаноміі альбо гатовы фліртаваць з лозунгамі нацыянальнай дзяржавы, здольны забяспечыць новую стратэгічную перспектыву», — адзначала «Frankfurter Allgemrine Zeitung» у 2014 годзе. У незалежніцкую перспектыву слаба верылася таксама таму, што да цяперашняй Баварыі ў свой час штучна далучылі Франконію, дзе таксама ёсць свае сепаратысты. Выхад на сур’ёзны ўзровень тэмы пра баварскі суверэнітэт значыў бы рэанімацыю франконскага пытання, а гэта — канфлікт, які нікому не патрэбны.

Аднак нечакана, дзякуючы іміграцыйнаму крызісу, сепаратызм ад CSU атрымаў новае вымярэнне. Паколькі партыя Хорста Зеехофера адразу катэгарычна выступіла супраць плану Меркель па прыёму імігрантаў, сюды дадаліся правыя, папулярныя зараз у грамадстве тэмы. За кошт крытыкі палітыкі цэнтра па пытанні нелегалаў, Зеехофер атрымаў каласальны рэсурс нізавой падтрымкі (сёння за яго партыю гатовыя галасаваць 48 працэнтаў баварцаў, што гарантуе абсалютную большасць у ландтагу).

Таму Хорст Зеехофер можа дазволіць сабе тое, што, напэўна, не дазваляў сам Ёзэф Штраўс — легендарны лідар CSU 1970-х гадоў, агрэсіўны нораў якога дазваляў яму на роўных размаўляць з цэнтрам. Зеехофер фактычна адрадзіў баварскі МЗС. Так, увосень усе сталі сведкамі рэзанансных замежных ваяжаў баварскага прэм’ера. Прычым да дзяржаўных лідараў, пра якіх спікеры берлінскага ўраду кажуць выключна ў негатыўным тоне. Спачатку Хорст Зеехофер наведаў Расію, каб паціснуць руку Уладзіміру Пуціну. А нядаўна яго бачылі ў Венгрыі ў абдымках Віктара Орбана.

Пасля зямельных выбараў 13 сакавіка, на якіх партыя Меркель значна прасела, разборкі з Берлінам увайшлі ў новую фазу. На думку Зеехофера, працяг цяперашняй іміграцыйнай палітыкі закончыцца для кааліцыі CDU-CSU катастрофай на выбарах у бундэстаг у наступным годзе. Ён нават не выключае выхаду CSU з кааліцыі з Меркель, калі яна не вызначыцца з пытаннем: «або паўмесяц, або крыж». Першым крокам у гэтым накірунку павінна быць адмова Берліна ад запланаванай лібералізацыі візавага рэжыму ЕС з Турцыяй, якая пагадзілася прымаць сірыйскіх мігрантаў.

Інтрыгу наконт развязкі канфлікту паміж Мюнхенам і Баварыяй пакуль цяжка прадказаць таксама з улікам незвычайнага фактара — пасля 13 сакавіка сярод кансерватараў Меркель з’явілася шмат аматараў Зеехофера. Так што сепаратызм у скураных шортах можа набыць самыя непрадказальныя траекторыі.