Спрэчкі вакол Брэксіту: брытанскі ўрад — пад пагрозай расколу
Брытанскаму кабінэту міністраў і кіруючай Кансерватыўнай партыі пагражае раскол у сувязі з неабходнасцю ў найбліжэйшыя дні вызначыць пазіцыю ў пытанні аб выхадзе з Еўрасаюзу. Пра гэта пішуць агенцтва Reuters і брытанская прэса, спасылаючыся на свае крыніцы, паведамляе Радыё Свабода.
![Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй](/img/v1/images/547049_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй
У пятніцу парламент трэці раз адхіліў праект пагаднення з Еўрасаюзам, прапанаваны прэм’ерам Тэрэзай Мэй. Раней парламент падчас рэйтынгавага галасавання адхіліў некалькі альтэрнатыўных падыходаў да Брэксіту.
Многія каментатары лічаць, што ва ўраду застаўся выбар паміж выхадам з ЕС без пагаднення да 12 красавіка (гэтая дата цяпер лічыцца афіцыйнай) і адтэрміноўкай Брэксіту на працяглы тэрмін, што запатрабуе ў траўні правесці выбары ў Еўрапейскі парламент на тэрыторыі Брытаніі.
Кіраўніцтва Еўрасаюзу, аднак, дало зразумець, што пагодзіцца на адтэрміноўку толькі ў тым выпадку, калі Лондан прадставіць выразны план таго, што ён мае намер рабіць далей — улічваючы, што пагадненне аб выхадзе з ЕС парламент адхіліў.
У сітуацыі, якая склалася, частка міністраў і значная частка дэпутатаў-кансерватараў пераконваюць Мэй у тым, што найлепшым варыянтам стаў бы выхад з ЕС без пагаднення. Такім чынам была б выкананая воля рэферэндуму 2016 году.
Іншая частка міністраў і шэраг дэпутатаў, аднак, настойваюць на неабходнасці новай адтэрміноўкі Брэксіту — хай нават коштам саступак, у тым ліку, згоды на сяброўства Брытаніі ў Мытным саюзе з ЕС пасля Брэксіту, супраць чаго пярэчыць Мэй.
У панядзелак у парламенце, як чакаецца, зноў пройдзе рэйтынгавае галасаванне па некалькіх альтэрнатыўных праектах, уключаючы паўторны рэфэрэндум і сяброўства ў Мытным саюзе. Мінулы раз гэтыя падтрыманыя апазіцыяй папраўкі былі адкінутыя большасцю.
Шмат хто кажа таксама аб магчымасці датэрміновых выбараў, аднак незразумела, як рашэнне аб іх правядзенні дапаможа вырашыць лёс Брэксіту.
На дадзены момант, папярэджваюць юрысты, выхад Брытаніі з ЕС без пагаднення уяўляецца ўсё больш верагодным, паколькі дата 12 красавіка прапісаная ў законе, і каб яе змяніць, парламент у найбліжэйшыя дні павінен дамовіцца аб нейкім альтэрнатыўным падыходзе.
svaboda.org