Сто гадоў без цара
Сто гадоў таму Лютаўская рэвалюцыя запусціла працэсы трансфармацыі ў нашым рэгіёне. На юбілей былі прапанаваныя незвычайныя версіі падзей стогадовай даўніны і агучаныя новыя іх трактоўкі.
Напэўна, для большасці суайчыннікаў азначэнне «Лютаўская рэвалюцыя» адраджае ў памяці сцэну з фільма «Міколка-паравоз». Там радасныя дзеці крычаць: «Цара зрынулі!» і бягуць з класу, каб шпурляць у буржуяў гайкамі і помсціць жандарам.
На самай справе, усё было больш складана, чым у Лынькова. Той жа буржуй, у якога Міколка так марыў запусціць гайкай, у лютым 1917-га, напэўна, меў большае за іншых права называцца рэвалюцыянерам. Па ходзе цяперашніх дэбатаў шмат гісторыкаў пагаджаюцца, што менавіта буйная буржуазія спрыяла прадуктоваму крызісу ў Петраградзе, які выліўся ў рэвалюцыйныя падзеі. Буржуазія і частка дэпутатаў Думы лічылі, што адстаўка непапулярнага Мікалая ІІ дапаможа мабілізаваць нацыю і фронт. Іх фантазіі ляснуліся, калі ініцыятыву перахапілі рабочыя і салдацкія Саветы.
Калі наконт ролі буржуазіі ў рэвалюцыі існуе кансенсус, дык іншыя моманты тых падзей выклікаюць спрэчкі. Напрыклад, дасюль няма адказу на пытанне, хто першым выйшаў на вуліцу. Феміністкі лічаць, што Лютаўская рэвалюцыя абавязаная кабетам. Як вядома, пралогам да яе сталі жаночыя пратэсты супраць дэфіцыту хлеба ў крамах і росту коштаў на прадукты. Гэтую пазіцыю часткова аспрэчваюць некаторыя ўкраінскія нацыяналісты. На іх думку, рэвалюцыя наўрад ці адбылася без жаўнераў Валынскага палку, які ўзняў бунт, даўшы прыклад усяму піцерскаму гарнізону.
Хапае ў цяперашніх гістарычных спрэчках і аматараў альтэрнатыўнай гісторыі. Думаецца, усіх пераплюнулі медыя Пскова. Менавіта на чыгуначнай станцыі Пскова Мікалай ІІ вырашыў адмовіцца ад кароны. На інтэрнэт-форумах актыўна фантануюць сцэнарамі, паводле якіх жыхары горада сто год таму абараняюць імператара ад піцерскіх рэвалюцыянераў. А цар і яго нашчадкі, нібыта, ацанілі такі ўчынак вернападданых з Пскову і ператварылі горад ледзь не ў новую сталіцу Расійскай імперыі.
Цікавіць гісторыкаў і хуткая эрозія ідэй дэмакратыі пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Той працэс ахвотна экстрапалююць на падзеі пасля краху СССР. Чытачы сярэдняга ўзросту, безумоўна, памятаюць, што нейкі час двухгаловы арол на гербе Расійскай Федэрацыі не меў кароны — як і герб Расіі пасля лютага 1917-га. Аднак стварыць культ Лютаўскай рэвалюцыі і яе ідэяў у Ельцына не атрымалася. Ужо пры ім, асабліва падчас прэм’ерства Прымакова, у Расіі пачалася рэабілітацыя імперыі, і, як следства, карону двухгаловаму арлу вярнулі. Кансерватыўныя публіцысты пішуць, што менавіта страта дэмакратычных ілюзій пасля лютага 1917-га заклала ў расійскай свядомасці ген нянавісці супраць любых рэвалюцый, што таксама праяўляецца ў правалах усіх спробаў арганізаваць «Майдан» у Расіі.
Сапраўды, сярод антыпуцінскай апазіцыі хапае спробаў разглядаць люты 1917-га як расійскі «Майдан», які перамог. Менавіта гэтае падабенства, быццам бы, стаяла за рашэннем Крамля вельмі сціпла адзначаць гадавіну той рэвалюцыі.
Узгадалі пра падзеі мінулага і ў Данбасе. Украінскія нацыяналісты, якія блакуюць камунікацыі з нефармальнымі рэспублікамі, заклікалі салдат ВСУ зрабіць гэтак жа, як салдаты ў 1917-м — перайсці на бок народа і разам зрынуць уладу, а дакладней, карумпаваны рэжым Парашэнкі. Праўда, заклік застаўся не пачутым.
У сувязі з юбілеем гальванізаваліся аматары рэстаўрацыі манархіі. Нават на ўзроўні дэпутатаў Дзярждумы кажуць, што Лютаўская рэвалюцыя яскрава давяла: манархія — ідэальны рэжым для Расіі. Адсюль і заклікі аднавіць імперыю. Прычым на ролю імператара прапануецца не прадстаўнік дому Раманавых, а самі разумееце хто. Той жа Жырыноўскі прапануе сабраць Земскі сабор, які абвесціць манархам Уладзіміра Пуціна. На думку старшыні ЛДПР, новая мадэль манархіі не будзе мець інстытуту прынцаў-нашчадкаў. Пасля смерці манарха зноў збіраецца Земскі сабор, які абірае наступнага цара-бацюхну.
Аднак на самай справе кансерватыўная трактоўка наступстваў Лютаўскай рэвалюцыі вельмі спрэчная. Менавіта Люты запусціў «вясну народаў» былой Расійскай імперыі. Так, ва Украіне люты 1917-га разглядаюць як пачатак адраджэння нацыянальнай дзяржавы. Пры прэзідэнце прынятая праграма святкавання стагоддзя «Нацыянальна-вызвольных змаганняў 1917–1921». Цікава, што ў межах святкавання таксама выдадуць дзіцячую настольную гульню пра рэвалюцыю. Нягледзячы на буйны маштаб святкаванняў, кіеўскія гісторыкі вызнаюць, што дактрынальнага бачання ўкраінскага ўдзелу ў Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года не сфармавалася.
Аднак гэта проста дробязь на фоне іншага пытання, якое таксама было агучанае ў прэсе: а ці скончылася Лютаўская рэвалюцыя? Калі паглядзець навокал, дык трэба прызнаць: барацьба за дэмакратычную трансфармацыю краін, якія паўсталі на рэштках імперыі, трывае дасюль. Так што ў некаторым плане кніга «Міколка-паравоз» і сёння не згубіла актуальнасці.