Выдзяленне Беларусі трэцяга траншу крэдыту ЕФСР зноў адкладваецца

Дата правядзення савета Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця, на якім павінна разглядацца пытанне аб выдзяленні Беларусі трэцяга траншу крэдыту, не вызначаная.

Фота knk.media

Фота knk.media

"Пасяджэнне савета еўразійскага фонду можа ініцыяваць старшыня савета — міністр фінансаў Расіі. Пакуль адпаведнае рашэнне ім не прынятае, і калі савет можа адбыцца, невядома", — паведаміў БелаПАН суразмоўца, знаёмы з ходам перамоўнага працэсу аб выдзяленні еўразійскага крэдыту Беларусі.
Пры гэтым ён адзначыў, што станоўчае рашэнне па пытанні аб выдзяленні Беларусі трэцяга траншу крэдыту (на 300 млн долараў) залежыць ад выканання рэспублікай умоў крэдытнай праграмы.
Згодна з крэдытнай праграмай, трэці транш крэдыту Беларусь можа атрымаць у выпадку, калі будзе зацверджаная стратэгія аб рэфармаванні сектара дзяржпрадпрыемстваў, а ўрад прыме рашэнне аб сацабароне ўразлівых слаёў насельніцтва і падвысіць дапамогу па беспрацоўі.
"Пакуль гэтыя дакументы не зацверджаныя. Без іх прыняцця наўрад ці трэці транш еўразійскага крэдыту будзе вылучаны Беларусі — гэта малаверагодна", — падкрэсліў у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН эксперт у фінансавых колах, знаёмы з перспектывамі выдзялення Беларусі знешняга фінансавання.
Як паведамлялася, беларускія ўлады вясной 2016 года падпісалі крэдытную праграму аб атрыманні з Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця крэдыту на 2 млрд долараў, які выдзяляецца сям'ю траншамі. Для атрымання траншаў беларускія ўлады павінны рэалізаваць комплекс мер па рэфармаванні эканомікі.
На гэты момант беларускі бок атрымаў два траншы еўразійскага крэдыту — 500 млн долараў у сакавіку 2016 года, 300 млн долараў — у ліпені. Мінфін Беларусі раней разлічваў атрымаць трэці транш крэдыту ЕФСР (таксама на 300 млн долараў) у кастрычніку 2016 года, аднак гэтага не адбылося.
Беларускія аналітыкі лічаць, што затрымка з выдзяленнем траншаў еўразійскага крэдыту — следства нафтагазавай спрэчкі паміж Масквой і Мінскам.
"Безумоўна, нафтагазавы канфлікт — асноўны бар'ер, які перашкаджае выдзяленню чарговага траншу еўразійскага крэдыту Беларусі. Таму мэтазгодна больш хуткае ўрэгуляванне гэтай канфліктнай сітуацыі", — лічыць фінансавы аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.
Беларусь і Расія больш за год не могуць дамовіцца пра цану на газ. У сувязі з канфліктам у газавай сферы расійскі ўрад у другой палове 2016 года прыняў рашэнне скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН