Не дапякло?
Эканамічныя паказчыкі працягваюць падзенне. Як казаў Астап Бэндэр, фінансавая прорва — прорва, у якую можна падаць бясконца. Што з гэтым падзеннем рабіць — зразумела, але ці хопіць на гэта палітычнай волі?
![Фота www. cdns.yournewswire.com Фота www. cdns.yournewswire.com](/img/v1/images/s049602166_770x350.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота www. cdns.yournewswire.com
ВУП Беларусі ў студзені-лютым 2017 года знізіўся на 1% да аналагічнага перыяду мінулага года. Аб’ём прамысловай вытворчасці павялічыўся ў студзені-лютым на 3,1%, сельгасвытворчасць за гэты перыяд вырасла на 0,8%. Аднак, нягледзячы на такія станоўчыя паказчыкі, ВУП знізіўся. Чаму? Таму што гэтую прамысловую і сельскагаспадарчую прадукцыю ніхто не набывае, і ўкладацца ў прадпрыемствы таксама ніхто не хоча. Рознічны таваразварот знізіўся на 3,7%, інвестыцыі ў асноўны капітал у студзені-лютым упалі на 17,4%.
Падзенне ВУП у 1% за два месяцы — гэта горшы з найгоршых паказчыкаў. Напрыклад, МВФ прагназаваў зніжэнне ВУП Беларусі ў 2017-м на 0,5%, а Сусветны банк — на 1%. Гэтыя прагнозы мы выканалі за два месяцы. Урад Беларусі ўвогуле казаў, што ВУП у Беларусі ў 2017 годзе павінен вырасці на 1,7%, але яму мала хто верыў. Як аказалася — слушна.
Сітуацыю падкошвае неразбярыха ў беларуска-расійскіх стасунках. Як паведамілі «саюзныя» крыніцы, першы намеснік міністра энергетыкі РФАляксей Тэкслерагучыў квоту на нафту для Беларусі ўжо ў другім квартале. Як і ў першым, РБ па нафтаправодах атрымае 4 мільёны тон «стратэгічнага прадукту». Згодна з дамоўленасцямі ў межах ЕАЭС, Сінявокая павінна атрымліваць 24 мільёны тон нафты на год, то бок 6 мільёнаў тон у квартал. Калі такая сітуацыя захаваецца, мы атрымаем толькі 16 мільёнаў тон на год. Што азначае недазагрузку нашых НПЗ, зніжэнне валютнай выручкі — і, адпаведна, пагаршэнне таго самага ВУП.
Эканамічныя праблемы непазбежна адбіваюцца на ўзроўні жыцця. Днямі ў Мінску прайшла цікавая канферэнцыя пад назвай «Беларусь і рэгіён». Яе ўдзельнікі разважалі, чаму ўлада праспала правінцыйныя «маршы недармаедаў». І вымушаныя былі канстатаваць — улады абсалютна адарваліся ад рэальнасці і паняцця не маюць пра тое, што на самай справе адбываецца ў краіне.
Напрыклад, па словах рэдактара крычаўскай незалежнай газеты «Вольны горад» Сяргея Няроўнага, за апошнія дзесяць гадоў у рэгіёне зачыніліся завод напояў, маслазавод, мясакамбінат, стары цэментны завод, які быў гонарам Крычава. Замест яго кітайцы пабудавалі новы, на звязаныя крэдыты, прычым працавалі над ім у асноўным кітайскія рабочыя і інжынеры. Адпаведна, знайсці хоць нейкую працу ў раёне цяжка. Заробак у 300 рублёў лічыцца годным, на вёсцы сезонныя заробкі складаюць 40–60 рублёў.
Праблемы, падобныя на сітуацыю ў Крычаве, перажывае нямала дэпрэсіўных рэгіёнаў Беларусі. Цяжкае матэрыяльнае становішча робіцца прычынай росту ў краіне колькасці крадзяжоў і выпадкаў карупцыі.
«Ёсць адчуванне, што Мінск не вельмі ўяўляе, што дзеецца ў рэгіёнах. Бо рэгіянальнае начальства, зацікаўленае ў захаванні свайго месца, часцяком падманвае вышэйшае кіраўніцтва», — лічыць кіраўнік праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.
Вырашыць гэтыя праблемы можна толькі адным шляхам — паляпшэннем узроўню жыцця насельніцтва. А зрабіць гэта немагчыма без сапраўднай лібералізацыі эканомікі, рэгулятыўнай сістэмы, можа быць, нават замарожвання на некалькі гадоў любых рэпрэсіўных дзеянняў у дачыненні да эканамічных суб’ектаў.
Аднак пакуль рашэнні ва ўладзе прымаюцца адваротныя. Напрыклад, нашы бізнесоўцы вельмі радаваліся, што пры ўрадзе і з удзелам прадстаўнікоў бізнесу з’явілася група па распрацоўцы закона аб дэкрыміналізацыі эканамічных злачынстваў. Але тое, што разумеюць ва ўрадзе, не вельмі разумеюць на месцах. Як заявіў на прэс-канферэнцыі начальнік галоўнага ўпраўлення па эканамічных злачынствах крымінальнай міліцыі МУС Эдуард Нікіцін, міліцыя гатовая зрабіць толькі «касметычныя» праўкі ў крымінальна-эканамічнае заканадаўства. Напрыклад, паменшыць пакаранне паводле артыкула 223 КК Беларусі «Парушэнне правілаў аб здзелках з каштоўнымі металамі і камянямі». Пры гэтым МУС супраць адмены галоўнага пудзіла для бізнесу — артыкула 234 КК «Ілжэпрадпрымальніцтва». Як адзначыў Нікіцін, тыя, хто стварае «ілжэпрадпрымальніцкія структуры», разумеюць, што парушаюць закон у жаданні атрымаць прыбытак. «Цяжка ўявіць, што будзе, калі мы дэкрыміналізуем гэты склад злачынства», — сказаў Нікіцін.
Што рабіць з палеглай эканомікай, улады не ведаюць, а таму вырашылі пракансультавацца. Як паведамілі інфармагенцтвы, пасля атрымання дадзеных за першы квартал адбудзецца пашыраная справаздача ўрада перад Аляксандрам Лукашэнкам. На гэтую справаздачу будуць запрошаныя больш за 300 чалавек. Большае прадстаўніцтва кіраўнік дзяржавы хоча бачыць з боку вертыкалі ўлады ў рэгіёнах, дырэктараў прадпрыемстваў і арганізацый — людзей, якія бачаць і ведаюць становішча на месцах. Гэткая кансультацыя «саміх з сабою».
Канешне, у свеце багата прыкладаў, калі аўтарытарныя і нават дыктатарскія рэжымы змянялі эканоміку ад занядбання да квітнення. Але дзеля гэтага яны не праводзілі агульны збор кіраўнікоў прадпрыемстваў — яны проста браліся за эканамічныя рэформы.
Канешне, пасля тых рэформаў аўтарытарная ўлада, як правіла, змянялася на дэмакратычную, бо немагчыма быць вольным у адной сферы і заціснутым у іншай. Але змянялася яна ціха, спакойна, без выбухаў і зрухаў. І потым яна, гэтая змененая ўлада, на пенсіі мірна пісала мемуары кшталту «Як я спачатку разваліў, а потым выратаваў краіну».
Падобна на тое, што наша ўлада небяспеку сацыяльнага выбуху пакуль недаацэньвае. Але калі рване, будзе ўжо позна.