Мікалай Статкевіч: Мы назіраем нараджэнне нацыі

Мікола Статкевіч неаднойчы казаў, што атрымаў званне «галоўнага вулічнага байца» не па сваёй волі. Проста больш лідарства «на вуліцы» ніхто не браў. І зразумела, што наконт вулічных пратэстаў перад 25 сакавіка мы вырашылі паразмаўляць менавіта з ім.

150923174054_minsk_statkevich_promo_624x351_afp_nocredit_1.jpg


Майдан у Беларусі немагчымы

— Зараз усе спрачаюцца: ці магчымы ў Беларусі «Майдан»? Што думаеце вы?

— У Беларусі Майдан немагчымы, таму што ў нашай мове няма такога слова (смяецца). А падзеі кшталту ўкраінскіх… У нас зусім іншая сітуацыя. У нас няма незалежных электронных масавых медыя, тэлебачання, няма фракцыі апазіцыі ў парламенце, урэшце ў апазіцыі да ўлады не знаходзіцца гарадское кіраўніцтва Мінска. У нас іншая сітуацыя, іншая перадгісторыя, іншая ментальнасць.

Беларусы больш гатовыя да рэформаў, і, мабыць, мы маглі б быць больш паспяховымі ў пабудове прававой дзяржавы, таму што ў нас іншае стаўленне да закона. Гэта звязана з гісторыяй. Ва ўкраінскім грамадстве ў якасці ідэала — гісторыя казацтва. Казакі — мужныя, годныя людзі, але як яны ставіліся да законаў і да чужой маёмасці, вядома. Украіна мае і будзе мець з-за гэтага праблемы. У нас жа — вельмі істотны ўплыў нашай шляхетнай гісторыі, быў вялікі пласт насельніцтва вольных грамадзян, быў сацыяльны ліфт, куды мог трапіць любы чалавек... Шляхта жыла па законах. У нас была прававая дзяржава — не ідэальная, але прававая. У нас усё магло быць значна лепш, каб мы не памыліліся ў сваім выбары ў 1994 годзе.

Дэкрэт — толькі нагода

— Акцыі пратэсту здольныя змяніць сітуацыю? Ці не ёсць гэта толькі сродкам «выпускання пары»?

— Сённяшнія пратэсты сітуацыю ўжо мяняюць, бо яны змяняюць само грамадства. Людзі раптоўна робяцца грамадзянамі. Не проста атрымальнікамі дабротаў ці непрыемнасцяў ад улады, а менавіта грамадзянамі, якія хочуць вырашаць свой лёс, лёс сваіх дзяцей, лёс сваёй краіны. У пэўнай ступені тое, што зараз адбываецца, можна назваць рэвалюцыяй унутранай, духоўнай. Людзі ў запалоханай за столькі год краіне раптам адчуваюць у сабе сілы, годнасць і мужнасць да зменаў. Гэта гістарычны перыяд — мы зараз назіраем нараджэнне беларускай грамадзянскай супольнасці, нараджэнне нацыі. Гэта вялікі час.

Дэкрэт пра дармаедства — толькі нагода, спускавы кручок, штуршок, які дазволіў праявіцца ўсім тым зменам, якія рыхтаваліся ў душах людзей. І не больш.

— Раней усе казалі, асабліва падчас выбарчых мітынгаў: «Усё вырашыцца ў Мінску». Але, на маю думку, напужала ўладу менавіта правінцыя.

— Уладу напалохалі настроі людзей. Яна адарвалася ад народу, яна проста не ведала сапраўднага стану рэчаў. І калі следам за Мінскам, за акцыяй 17 лютага, якая дала старт народнаму пратэсту, пачалі масава выходзіць рэгіёны, то, сапраўды, улада напалохалася. Яна раптам убачыла ўсю ступень нянавісці да сябе. Але, на жаль, у краінах аўтарытарных, цэнтралізаваных, пытанне зменаў, безумоўна, вырашаецца ў сталіцы. Таксама безумоўна, што гэтыя змены немагчымыя без падтрымкі рэгіёнаў.

25 сакавіка мы збіраем вялікую акцыю ў Мінску, дзе мы павінны паказаць сілу народа і яго волю да пераменаў, і на наступны дзень, 26-га ў 12.00 заклікаем выходзіць людзей на плошчы сваіх гарадоў па ўсёй Беларусі, каб яны паказалі, што не толькі сталіца пратэстуе, што гэта воля ўсёй Беларусі.

marsh_rasserzhennykh_belorusov_20170217_zam_tutby.jpg

На плошчы людзей выводзіць улада

— Улада ўжывае тактыку бізуна і перніка. З аднаго боку — замарозілі выкананне дэкрэту, з іншага — пачалі рэпрэсіі. Ці ўдасца такім чынам сцішыць пратэст?

— Улады ўсё яшчэ думаюць, што выводзіць людзей на плошчы беларуская дэмакратычная апазіцыя.

Насамрэч, на плошчы людзей выводзіць сама ўлада — сваім хамствам, непавагай да чалавека, карупцыяй, імкненнем усіх запалохаць і ўсіх кантраляваць. А дэмакратычная патрыятычная апазіцыя — прынамсі, яе частка, — прагназавала такую сітуацыю. Яна рыхтавала магчымасць для людзей, пляцоўку, механізмы для пратэсту. Зараз людзі карыстаюцца гэтым.

Паўтара гады таму, калі я выйшаў з турмы, я пачаў рабіць тое, што назваў «ствараць пляцоўку свабоды ў цэнтры сталіцы». Гэтай пляцоўкай, і іншымі пляцоўкамі ў цэнтрах гарадоў людзі пачалі карыстацца, бо гэта было напрацавана. А крыху меней года таму, на ўстаноўчай сесіі Беларускага нацыянальнага кангрэсу, сярод іншага, было заяўлена: нашая задача — ачоліць і скіраваць сацыяльны пратэст з мэтай прымусу ўладаў да эканамічных і палітычных рэформ. Мы тады гэта прагназавалі, мы ішлі крыху наперадзе. І зараз людзі прынялі нашы механізмы ўздзеяння, нашы лозунгі і нават нашы сцягі.

Што будзе далей? Я думаю, што сітуацыя можа развівацца па-рознаму. Шмат што будзе залежаць ад самой улады. Брутальныя сродкі могуць прывесці да брутальнага яе канца. Калі брутальных сродкаў не будзе, то барацьба зацягнецца. Мы не хочам гвалту, крыві, мы не хочам разбурыць свой дом — мы хочам проста навесці ў ім парадак. І мы мусім дзейнічаць паслядоўна, спакойна, цярпліва, але цвёрда. Адной акцыяй усё не вырашыцца. Калі вырашаць усё адной акцыяй, то мы можам змясці гэтых самазванцаў, мы маем такое права. Дэкларацыю ААН аб правах нацый ніхто не адмяняў.

Але мы разумеем, што можам справакаваць знешняе ўмяшанне. Мы не хацелі б згубіць свой дом. Таму мы мусім дзейнічаць мірна і паслядоўна, і гэта будзе вялікая праца, прыйдзецца выходзіць на вуліцы не адзін раз. Прыйдзецца ціснуць, як удаў, да таго часу, пакуль не пачне разбурацца гэтая хлуслівая і карупцыйная вертыкаль, у тым ліку і вертыкаль сілавая.

Тады можа здарыцца і так, што нам прыцягнуць гэтага кадра ўжо звязаным. Або пакуль ён сам не зразумее, што, каб пазбегнуць такога канца, трэба размаўляць і дамаўляцца. Якім бы гэта малаімаверным зараз не здавалася, але мы гатовыя да перамоў. Не да гульняў лялечнага спектаклю пад назвай «круглы стол», дзе пасадзяць марыянетак і клоўнаў, а сапраўдных сур’ёзных перамоў з тымі, хто прадстаўляе пратэст.

Мы спадзяемся, што тут здаровага сэнсу хопіць, але, на жаль, пакуль што імавернасць гэтага не вельмі высокая.

— Узнікла занепакоенасць, што пратэсты могуць быць падставай для ўмяшання Расіі. Як прафесійны вайсковец, вы можаце сказаць, ці ёсць глеба для гэтых перасцярогаў?

— Так, небяспека ёсць, і перасцярогі не лішнія, але сацыяльны пратэст быў бы ўсё роўна. Мы яго спрагназавалі, мы да яго падрыхтаваліся. Але калі б мы не падрыхтаваліся і не ачолілі гэты пратэст — ён бы ўсё роўна быў. Магчыма, у нейкіх іншых формах, і ў яго, магчыма, быў бы іншы лідар. Той, якога паказваюць па пяці з васьмі «сацыяльных» каналаў беларускага тэлебачання.

Калі б Лукашэнка так дбаў пра неўмяшанне Расіі, яму для пачатку трэба было б вярнуць беларусам беларускую інфармацыйную прастору. Я не кажу пра астатняе — гэта проста прыклад. Чалавек, які столькі зрабіў супраць нашай незалежнасці, нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў, які знішчаў гісторыю, паслядоўна знішчаў мову, чалавек, якога б я назваў у найноўшай гісторыі галоўным ворагам нашай нацыі, зараз раптам пачынае называць нас ледзьве не агентамі Крамля. Хто чый агент?

Мы якраз робім усё вельмі абачліва, прадумана, каб не стварыць пагроз незалежнасці. Бо пагрозы вялікія, і стварыў іх раней сам Лукашэнка.

Пратэст быў бы ўсё роўна, а будучыня Беларусі залежыць ад таго, хто яго ўзначаліць. Зараз яго ўзначальвае патрыятычная апазіцыя, — і гэта галоўная гарантыя таго, што Беларусь застанецца незалежнай.

5f05b3197f939311f97fd48af4811b14.jpg

Мы сведкі канца сістэмы

— У 2015 годзе вы казалі, што гэтай уладзе засталося два-тры гады. Вы зараз ад гэтага прагнозу не адмаўляецеся?

— Не адмаўляюся, таму што зараз мы назіраем сістэмны крызіс улады. Скончыўся рэсурс. Cхема, калі краіна ператвораная ў вялікі калгас, калі адзін чалавек мае магчымасць кантраляваць амаль кожнага, — яна шыкоўная для палітычнага кантролю, такое палітычнае шчасце чалавеку, які хворы ўладай. Але гэтая схема скрайне неэфектыўная эканамічна. За шчасце плаціла Расія. Зараз яна не можа павялічваць аплату, — а яе трэба павялічваць увесь час, бо эфектыўнасць такой эканомікі падае. А Расія за тое, што дае, усё больш і больш патрабуе. Яна патрабуе ўжо столькі, што аддаваць усё — ужо небяспечна для асабістай улады Лукашэнкі. Сістэма апынулася ў тупіку.

Але гэты тупік апынуўся тупіком для ўсёй краіны. Яшчэ ў мінулым годзе народ спадзяваўся, што гэты раптам крутнецца, падмане, набярэ, выдурыць крэдытаў, і ўсё неяк наладзіцца. Сённяшнія выступы сведчаць: людзі зразумелі, што — усё.

Насамрэч, народ знаходзіцца ў страшэнным стрэсе. У рэгіёнах заробкі такія, што людзям ледзьве хапае на паесці. У сем’ях ужо думаюць, чым карміць дзяцей. Адказнасць за гэта людзі ўскладаюць на аднаго чалавека. Ён усё ўзяў на сябе, усім кіруе, а значыць, за ўсё адказвае.

Безумоўна, мы прысутнічаем пры канцы гэтай сістэмы. І, шчыра кажу, мяне ўжо больш хвалюе, што будзе пасля яе. Як зрабіць, каб у гэты пераходны перыяд не трапіць пад залежнасць іншай дзяржавы, не згубіць нашу незалежнасць, не выклікаць грамадзянскіх канфліктаў у нашым расколатым грамадстве. Я зараз мушу звяртацца да людзей і казаць, што розніца ў мове, у геапалітычных прыхільнасцях ці ў сімпатыях да нейкай сімволікі не павінна быць падставай для канфлікту ў грамадстве. Мы — адзін народ, адна нацыя, у нас адзін дом, і мы павінны думаць пра тое, як наладзіць жыццё ў гэтым доме.

Зараз ужо трэба пачынаць думаць пра тое, што будзе пасля гэтага чалавека, хаця, безумоўна, так проста ён сысці не збіраецца. Але далей няма куды. У яго хутка не будзе грошай, каб карміць нават тую зграю, якой ён палохае народ.

Пасля яго нам найперш патрэбныя вольныя выбары, нам трэба легітымная ўлада, якая прадстаўляе ўвесь народ. Безумоўна, ёсць рызыка, што мы можам нарвацца на чарговага папуліста, рызыка знешняга ўмяшання... Але без рызыкі рух наперад немагчымы.

Нам трэба рухацца. Для гэтага мы павінны зноў пачаць вучыцца дэмакратыі, будаваць сістэму падзелу ўлады, супрацьвагаў, стрымлівання, нармальную эканоміку. Усё гэта давядзецца рабіць вельмі хутка. Зрабіць гэта хутка не атрымаецца, калі мы будзем раз’яднаныя ў базавых каштоўнасцях.

І галоўная каштоўнасць — што ў нас, беларусаў, ёсць свой дом, свая дзяржава. Гэта наша дзяржава, і мы не павінны яе разбурыць.