Сусветныя цікавосткі: Аперацыя «Ы» супраць Сталіна, дзе схавацца ад атамнай вайны, Дзень закаханых кароў

Рамзана Кадырава называць «Мехк-Да» — «бацька народа». У Індыі на Дзень святога Валянціца прапануюць абдымацца... з каровамі. Ці быў Леанід Гайдай латэнтным антысаветчыкам? І ў якой краіне хавацца ў выпадку ядзернай вайны? Прапануем вам традыцыйны агляд кур'ёзных навін з усяго свету.

Ілюстрацыйнае фота, grozny-inform.ru

Ілюстрацыйнае фота, grozny-inform.ru


Рамзан Кадыраў будзе «падышахам»?

Нядаўна Масква дамаглася, каб кіраўнік Татарстана перастаў называць сябе прэзідэнтам. На думку Крамля, практыка, калі ў краіне акрамя прэзідэнта Пуціна ёсць яшчэ нейкія прэзідэнты, мае прысмак сепаратызму. Так ці інакш, у Татарстане больш прэзідэнта няма. Цяпер главу татарскай вертыкалі называць «раіс». Гэта слова арабскага паходжання і азначае «кіраўнік». Магчыма, гэта гісторыя выклікала ў Рамзана Кадырава жаданне таксама мець прыгожы тытул. На пачатку лютага чачэнскія чыноўнікі прапанавалі назваць кіраўніка аўтаноміі «Мехк-Да», што можна перакласці як «бацька народа». Пры гэтым усё натуральна аргументуецца спасылкай на гісторыю і традыцыі.
Ідэя, аднак, выклікала крытыку не толькі з боку апанентаў кадыраўскага клану, якія прыгадалі, што ў народзе Кадыраў даўно мае мянушку «падышах». «Вось падышахам трэба і назвацца», — іранізуюць яны. Не ў захапленні ад прапановы таксама гісторыкі і філолагі. На іх думку, персонаў з такім тытулам у гісторыі чачэнскага народа не было, таму што не было саслоўяў, не было князёў, як, у прынцыпе, і дзяржавы.
Між тым, на форумах ужо чакаюць, што кадыраўскую ініцыятыву падтрымаюць кіраўнікі іншых расейскіх рэгіёнаў. Стаўрапольскаму губернатару прапануюць называцца «Атаманам», а кіраўніку Калінінградскай вобласці — «Курфюстам Калінінградскім».
Паводле расейскай прэсы

14 лютага — Дзень абдымкаў з каровамі

valentines_day.png

Ілюстрацыйная выява, створана з дапамогай Midjourney

Пры ўладзе ў Індыі знаходзіцца партыя індуісцкіх нацыяналістаў Бхарата Джаната Парты(БДП) на чале з Нарэндрай Модзі. Сярод іншага БДП заўзята змагаецца за вяртанне да культурных традыцый індусаў. Нядзіўна, што нацыяналісты даўно маюць вялізарны зуб на Дзень святога Валянціна, разглядаючы яго як латэнтную форму вестэрнізацыі. Тым больш, што з некаторага часу маркетынгавыя кампаніі заходніх фірмаў зрабілі свята дастаткова папулярным сярод мясцовай моладзі.
Нейкі час нацыяналісты змагаліся з святым Валянцінам акцыямі прамога дзеяння: 14 лютага на базе секцый БДП фармаваліся дружыны, якія ладзілі рэйды па крамах, патрабуючы прыбраць з прылаўкаў сувеніры-сэрцайкі, ці наўпрост нападалі на парачкі, якія трымаліся за рукі. Сцвярджалася, што свята заахвочвае жаночую распусту і вульгарныя паводзіны.
У гэтым годзе праблему Дня ўсіх закаханых вырашаюць нестандартна. Урад Індыі заклікаў людзей адсвяткаваць 14 лютага абдымаючыся з каровамі — святымі жывёламі ў індуізме. А дата 14 лютага аб'яўлена «Днём абдымкаў кароў». Паводле заявы ўрада, абдымкі каровы «прынясуць эмацыйнае багацце» і «павялічаць ваша індывідуальнае і калектыўнае шчасце».
Па матэрыялах брытанскай прэсы

Аперацыя «Ы» супраць Сталіна

fmt_114_24_tbb.webp

Фільм "Самагоншчыкі"

30 студзеня споўнілася сто гадоў з дня нараджэння караля савецкай камедыі рэжысёра Леаніда Гайдая. У сувязі з гэтым з'явілася шмат публікацый, прысвечаных розным аспектам яго творчасці. У тым ліку агучаная сенсацыйная тэорыя, што Гайдай нібыта быў антысаветчыкам, які перадаваў праз экран нейкія крамольныя месэджы. Напрыклад, у «Іван Васільевіч змяняе прафесію» спецыялісты лёгка разглядаюць цытаты з другой серыі «Івана Жахлівага» Сяргея Эйзенштэйна — фільма, які асабіста забараніў Сталін. Магчыма, гэта сведчыць пра спробу рэжысёра завуалявана выказацца наконт сталінізму. І гэта яшчэ не ўсё. Аналізуючы вобраз славутай тройкі «Бывалы», «Баязлівец» і «Балбес» (іх сыгралі адпаведна Яўген Маргуноў, Георгій Віцын і Юрый Нікулін), аўтар аднаго з артыкулаў, прысвечаных юбіляру, заключае: «За кожным з іх (удзельнікаў тройкі) угадваецца адпаведны артыкул». «Напрыклад, у «Бывалага» відавочна бытавы» (гэта значыць, эканамічны), у Балбеса дробны крымінал. Што тычыцца Баязліўца то, на думку аўтара тэксту, «у гэтым персанажы можна ўбачыць сядзельца, выхадца з ГУЛАГа». Атрымліваецца, што рэжысёр з дапамогай героя Георгія Віцына нібыта нагадваў гледачу пра сталінскія рэпрэсіі, якія былі табуяванай тэмай у СССР на той час. Вось такая смелая версія. На жаль, верыфікаваць яе мог бы толькі сам геніяльны Леанід Гайдай, які памёр у 1993 годзе.
Па матэрыялах расійскай прэсы

Дзе схавацца ад атамнай вайны?

new_zealand_4661427_1280.jpg

Image by Pawel Grzegorz from Pixabay 

На фоне спекуляцый пра тое, што расейска-ўкраінсік канфлікт не абыдзецца без атамнай вайны паміж Расеяй і NATO, вучоныя вырашылі высветліць, дзе лепш хавацца ад апакаліпсісу. На думку даследчыкаў, Аўстралія а таксама яе суседка Новая Зеландыя, лепш за ўсё падыходзяць для таго, каб перажыць ядзерную вайну і яе наступствы. Больш за тое, у сілу каласальнай катастрофы ў Еўропе, Еўразіі і Паўночнай Амерыцы (тут знаходзяцца краіны — патэнцыйныя ўдзельнікі ядзернай вайны) менавіта Аўстралія і Новая Зеландыя могуць стаць рэгіёнам адраджэння чалавечай цывілізацыі. Справа ў тым, што гэтыя краіны найбольш здольныя вырабляць дастаткова ежы для насельніцтва і вытрымаць памяншэнне колькасці сонечнага святла ў выніку ядзернай канфрантацыі. Прычым прадуктаў таксама хопіць на дзясяткі мільёнаў мігрантаў з зоны канфлікту. Акрамя таго, у гэтай частцы планеты будзе не так шмат ядзерных ападкаў.
З іншага боку, ёсць і такія, хто не верыць, што Аўстралія і Новая Зеландыя змогуць перажыць ядзерны калапс. Перш за ўсё таму, што гэтыя краіны традыцыйна залежаць ад міжнароднага гандлю. Калі гандлёвых партнёраў не будзе, то ўзнікае вялікая рызыка краху прамысловасці і росту ў грамадстве сацыяльнай агрэсіі. Так што лепш, каб абышлося без атамных бомбаў.
Па матэрыялах аўстралійскай прэсы