Сусветныя цікавосткі: Беражыся пешахода ў КНДР, хто паслаў рускі карабель і традыцыйныя каштоўнасці Туркменістану

Як зарабіць грошы ў КНДР, хто дакладна паслаў рускі карабель, ці адбудзецца ўвосень рэферэндум аб зліцці Беларусі і Расіі — пра гэта і іншае ў нашым дайджэсце кур'ёзаў свету.

mycollages__12__2.jpg

Беражыся пешахода!

Цяжкая эканамічная сітуацыя і эпідэмія змушаюць жыхароў Паўночнай Карэі прыдумляць самыя неверагодныя трукі. Паўднёвакарэйская прэса паведамляе, што ўсё больш грамадзян Паўночнай Карэі інсцэніруюць на трасах інцыдэнты або няшчасныя выпадкі дзеля кампенсацыі. Прасцей кажучы, паўночнакарэйцы, рызыкуючы сваім жыццём, здзяйсняюць небяспечныя ўчынкі на дарогах, кідаючыся пад машыны. Мэта ў тым, каб атрымаць невялікія раненні і затым шантажаваць кіроўцу заявай у органы ўлады. Калі кіроўца не хоча, каб пра інцыдэнт даведаліся, яму прапануецца выкласці круглую суму. Такім чынам людзі спрабуюць атрымаць хоць нейкія сродкі, каб звесці канцы з канцамі на фоне эканамічных цяжкасцяў, якія працягваюцца. Як правіла, кіроўцы вымушаны адкупляцца, паколькі пакаранне за дарожныя і транспартныя злачынствы вельмі сур’ёзнае.
Паводле прэсы Паўднёвай Карэі, сума адступных можа складаць ад 3 тысячы долараў у эквіваленце. Таксама прэса піша, што ўсе падобныя аварыйныя сітуацыі ўсё часцей правакуюць жанчыны, якія нясуць адказнасць за свае сем'і ва ўмовах недахопу харчавання.


Хто «паслаў» рускі карабель?

Незвычайны паварот у гісторыі з фразай пра рускі карабель, якая стала ва Украіне адным з сімвалаў супраціву. Першапачаткова яе прыпісвалі марскому пяхотніку Раману Грыбаву, які знаходзіўся на востраве Змяіны на пачатку вайны. Але 24 траўня чыноўнік Андрэй Дземчанка нечакана заявіў, што імя чалавека, які ў нецэнзурнай форме паслаў экіпаж крэйсера «Масква», раней не агучвалі, каб не нашкодзіць вайскоўцу. Прычына ў тым, што ён, маўляў, быў у палоне ў расейскіх акупантаў. Больш за тое, па словах Дземчанкі, публічнасць марскога пяхотніка Рамана Грыбава, якому раней прыпісвалі аўтарства гэтай фразы, у некаторым сэнсе была аперацыяй па інфармацыйным прыкрыцці. Аднак цяпер аўтар славутай фразы нібы знаходзіцца ў бяспецы.
Натуральна грамадства патрабуе назваць імя героя, але ў Зяленскага чамусьці пакуль маюць намер пакідаць яго ў таямніцы. Так ці інакш імя давядзецца назваць, і магчыма гэтага чалавека чакае вялікая палітычная кар'ера з улікам таго, што фраза пра карабель стала ледзь не культавай. Застаецца дадаць, што расійскія медыя сцвярджаюць, што ніхто такой фразы сярод маракоў з вострава Змяіны, не казаў.

Туркменская жанчына — обліко марале!

У Туркменістане новы хапун. На гэты раз сілавікі затрымліваюць парачкі, якія трымаюцца за рукі ў грамадскіх месцах. Так, у горадзе Мары затрымалі і павезлі ў кайданках дзясяткі пар за парушэнне «грамадскіх асноў». Калі верыць апавяданням затрыманых, іх адвозілі ў паліцэйскія ўчасткі, дзе прымушалі слухаць лекцыю пра традыцыйныя туркменскія каштоўнасці. Пасля лекцыі ад затрыманых патрабавалі патэлефанаваць сваякам і папрасіць іх прынесці пасведчанне аб заключэнні шлюбу і пашпарты, каб даказаць, што пара знаходзіцца ў законным саюзе.
Хутчэй за ўсё апошнія затрыманні — частка больш маштабнай кампаніі за маральныя каштоўнасці. Раней працуючым жанчынам забаранілі насіць адзенне ў абліпку, пагражаючы ў адваротным выпадку звальненнем. У красавіку паліцыя затрымала на вуліцах дзясяткі жанчын, у якіх былі накладныя пазногці і вейкі. Паліцыя таксама спыняла жанчын, каб праверыць, ці не рабілі яны працэдуру павелічэння вуснаў. Паведамлялі, што дзясяткі сцюардэс і супрацоўніц нацыянальнай чыгуначнай кампаніі былі звольненыя за грудныя імпланты і павелічэнне вуснаў. Але гэта яшчэ кветачкі. Крыніцы, блізкія да ўрада ў Ашхабадзе, паведамілі журналістам, што ўлады думаюць таксама аб забароне на выезд туркменскіх жанчын за мяжу без спецыяльнага дазволу ад уладаў.

Увосень рэферэндум аб зліцці Беларусі і Расіі?

Журналісты ўкраінскага выдання РБК арыгінальна пракаментавалі публікацыю ў расійскім апазіцыйным СМІ «Мядуза» наконт запланаваных на восень рэферэндумаў у Херсонскай і Запарожскіх абласцях, а таксама ў Паўднёвай Асеціі. Паводле «Мядузы», на тых плебісцытах жыхарам згаданых рэгіёнаў прапануюць прагаласаваць за прыяднанне да Расіі. Агучвае «Мядуза» і дату магчымых рэферэндумаў — 11 верасня. А вось ва ўкраінскім РБК мяркуюць, што калектыўныя апытанні могуць прайсці не толькі на тэрыторыях Украіны і Грузіі, якія захопленыя расійскімі войскамі. Як адзначае выданне, «не выключана, што ў верасні можа прайсці плебісцыт у Беларусі аб "зліцці" з Расіяй». Зрэшты крыніца РБК лічыць, што пакуль стоадсоткава казаць пра гэта рана. «Рэферэндум пра ўваход у склад Расіі адбудзецца, калі ўдасца прадушыць Лукашэнку, які ад такога сцэнарыя ўсяляк адыходзіць», — падкрэсліў адзін з суразмоўцаў у размове з украінскімі журналістамі.