Сусветныя цікавосткі: Дзённік Гітлера, пластычная аперацыя як бонус, футбол і дыктатура

Сорак гадоў таму быў знойдзены дзённік Гітлера. Як высветлілася — фальшывы. У Карэі ёсць план, як «вывесці ў людзі» хікікаморы. Футбол — новая забаўка дыктатара. Перапісванне падручнікаў у Індыі. Пра ўсё гэта — у новым выпуску сусветных цікавостак. 

Вокладка часопіса Stern. germanhistorydocs.ghi-dc.org, 

Вокладка часопіса Stern. germanhistorydocs.ghi-dc.org


Самая вялікая фальшыўка ХХ стагоддзя

Роўна 40 гадоў таму, 25 красавіка 1983 года, свет абляцела сенсацыя — знойдзены дзённік Гітлера, напісаны нібыта ім у 1932-1945 гадах, плюс асобны нататнік, які адкрывае таямніцу пералёту намесніка фюрэра Рудольфа Геса ў Англію. Уладальнікам дзённікаў аказалася рэдакцыя часопіса Stern, якая купіла іх на чорным рынку ў нейкага калекцыянера, які быццам знайшоў дзённік на месцы крушэння нямецкага самалёта ў 1945-м. Неўзабаве першая частка дзённікаў была апублікавана, што прынесла Stern фантастычны гешэфт. Тыраж выдання вырас адразу на 300 тыс. экзэмпляраў. СМІ іншых заходніх краін прапанавалі вялізныя грошы за правы публікацый перакладаў дзённіка Гітлера. Уладальнікі Stern былі не супраць, што, уласна кажучы, іх і загубіла. Амерыканскі Newsweek перад заключэннем кантракту наняў спецыяліста, які павінен быў паглядзець арыгінал дзённіка — чорны сшытак з залатымі ініцыяламі Гітлера. Спецыяліст даў адназначнае заключэнне — гэта падробка. Папера, чарніла, клей у вокладках і штучная скура вокладкі адносіліся да пасляваеннага часу.
Неўзабаве высветлілася, што «дзённік» быў напісаны мастаком-фальсіфікатарам Конрадам Куяў. Апошні ва ўсім прызнаўся, але паспрабаваў выставіць галоўным арганізатарам фальсіфікацыі журналіста, які падсунуў рэдакцыі Stern фальшыўку. У выніку абодва атрымалі прыкладна па 4 гады. Застаецца дадаць, што пасля вызвалення Куяў адкрыў у Штутгарце краму «Галерэя падробак», дзе гандляваў вырабленымі ім і яго вучнямі копіямі палоцен Рэмбранта, Рэнуара і Пікаса, нотных рукапісаў Бетховена, бакенбардамі Напалеона, акварэлямі Адольфа Гітлера і шмат чым іншым.
Па матэрыялах нямецкай прэсы

Сацыялізаваць «хікікаморы»



1hikikomori.png

Хікікаморы, створана нейрасеткай
Міністэрства гендарнай роўнасці і сям'і Рэспублікі Карэя (РК) аб'явіла аб запуску праграмы дапамогі ў сацыялізацыі самотным маладым хлопцам ва ўзросце ад 19 да 24 гадоў, якіх у народзе называюць «хікікаморы». Тэрмін зарадзіўся ў Японіі і абазначае маладых мужчын, якія праз тыя ці іншыя прычыны вядуць пустэльніцкі лад жыцця з невысокімі перспектывамі выхаду ў грамадства, атрымання працы і стварэння сям'і. Часткова іх з'яўленне звязана і з эканомікай: закрываюцца часцей за ўсё тыя юнакі, якія жывуць у бедных сем'ях. Так ці інакш, у выніку з'ява стала масавай. Каля 350 тыс. маладых людзей ва ўзросце ад 19 да 39 гадоў вядуць замкнёны лад жыцця. Гэта, дарэчы, тры працэнты насельніцтва краіны. Страціць у сацыяльным і дэмаграфічным плане немалую частку пакалення дзяржаве вельмі не хацелася. Рэінтэграваць «хікікаморы» ў грамадства ўлады спадзяюцца за кошт комплексу мер — у прыватнасці, дзяржава гатова прафінансаваць іх адукацыю і ўдзел у культурных мерапрыемствах, даць працоўнае месца. Сярод бонусаў за сацыялізацыю ёсць і вельмі незвычайны: калі «хікікаморы» пачне выходзіць на людзі, урад гатовы аплаціць яму паслугі медыцынскага характару, у прыватнасці па карэкцыі знешнасці.
Па матэрыялах брытанскай прэсы

Дыктатар захапіўся футболам

У туркменскім футболе пачынаюцца маштабныя перамены. Літаральна напярэдадні старту гэтага сезона ў мясцовым чэмпіянаце невядома адкуль з'явіўся клуб «Аркадаг». Наогул удзельнічаць у турніры клуб права не меў. Інфармацыя аб стварэнні каманды з'явілася ў пачатку красавіка, калі ў Туркменістане закрывалася трансфернае акно і адпаведна рэгістрацыя ўдзельнікаў турніру. Аднак кіраўніцтва Федэрацыі чамусьці прыняло рашэнне падоўжыць тэрміны акна для таго, каб сфарміраваць склад новага клуба. Гэты факт, а таксама назва клуба («Аркадагам» называлі і называюць экс-прэзідэнта Гурбангулы Бердымухамедава, які фактычна працягвае кіраваць краінай за плячыма свайго сына) шмат аб чым гаворыць.


Мяркуючы па ўсім, у Гурбангулы новае хобі. Цяпер у дадатак да гадоўлі сабак і коней, складання музыкі, напісання кніг і развядзення дынь ён вырашыў заняцца футболам. Можна меркаваць, што ў «Аркадаг» па яго інструкцыі збіраюць лепшых туркменскіх гульцоў, а сам клуб стане базавым клубам зборнай Туркменістана. Няма таксама сумненняў у тым, што «Аркадаг» стане туркменскім чэмпіёнам сёлета і будзе ўладальнікам гэтага тытула як мінімум пакуль дыктатар не знойдзе сабе новую забаўку.
Па матэрыялах туркменскай прэсы

Махатмы Гандзі не існавала?



mohandas_k._gandhi__portrait__1946.jpg

Махатма Гандзі, 1946
Калі верыць некаторым індыйскім СМІ, менавіта такую выснову можа зрабіць школьнік-індус, які будзе вучыць гісторыю краіны па падручніку. Яго распрацавала міністэрства адукацыі Індыі, якой, як вядома, кіруе ўрад нацыяналістаў пад кіраўніцтвам Нарэндра Модзі. Сам Модзі вядомы сваімі ісламафобскімі поглядамі, што знайшло адлюстраванне ў новым падручніку.


Найперш з яго цалкам прыбралі 250-гадовы этап, калі Індыяй кіравалі мусульмане-маголы. Такім чынам, што адбывалася ў краіне з XVI стагоддзя да пачатку брытанскай каланізацыі, не зразумела. Таксама незразумела, адкуль узяліся такія славутыя помнікі культуры як, напрыклад, палац Тадж-Махал, які пабудаваў адзін з імператараў маголаў. Не пашкадавалі аўтары падручніка і Махатму Гандзі, які, як вядома, быў забіты індускім нацыяналістам за спробы знайсці кампраміс паміж індусамі і мусульманскай камунай. Пра Гандзі практычна нічога ў падручніку не гаворыцца. Як піша прэса, з'яўленне такога падручніка ад каманды Модзі не сюрпрыз. Здзіўленне хутчэй выклікае пасіўнасць свецкай апазіцыі, якая дазволіла «імператару Модзі» ўзмацніць кантроль над яшчэ большымі сектарамі індыйскага жыцця.
Па матэрыялах ізраільскай прэсы