Сусветныя цікавосткі: прэзідэнт дыктуе моду, піва супраць прэм'ера

У Таджыкістане модныя тэндэнцыі вызначае прэзідэнт. Як стаў знакамітым Бандэра. Брытанскі прэм'ер трапіў у канфузную сітуацыю праз піва. А ў Швецыі выпраўляць злачынцаў збіраюцца ў манастырах. Пра ўсё гэта чытайце ў «Сусветных цікавостках».

Прэзідэнт — заканадаўца моды

Ілюстрацыйная выява, pixabay.com

Ілюстрацыйная выява, pixabay.com

На днях прэзідэнт Таджыкістана падпісаў закон «Аб упарадкаванні ўрачыстасцяў і абрадаў у Рэспубліцы Таджыкістан», які ў тым ліку ўводзіць забарону на некаторае адзенне. Усе думалі, што гаворка ідзе пра хіджаб і сатру (мусульманскія хусткі), якія носяць прыхільнікі рэлігійнага фундаменталізму. З выступаў Эмамалі Рахмона вынікала, што гаворка ідзе менавіта пра гэта. «Перайманне чужой культуры ў адзенні, гэта значыць нашэнне чужога адзення пад назвай сатр і хіджаб, з'яўляецца яшчэ адной актуальнай праблемай для нашага грамадства. Адчужэнне этыкету і рытуалаў адзення — культурнае адчужэнне, якое падрывае незалежнасць думкі, нацыянальную і культурную самабытнасць нацыі», — заяўляў прэзідэнт.

Між тым, аказалася, што жыхарам Таджыкістана забаранілі насіць не толькі рэлігійнае адзенне, але і некаторыя віды свецкага: напрыклад, ірваныя джынсы, міні-спадніцы, сукенкі з дэкальтэ. Пра гэта расказала адна дэпутатка парламента. Але і на гэтым эксперыменты ў галіне адзення ў Таджыкістане не спыняцца. Усё тая ж дэпутатка прызналася, што сярод чыноўнікаў ёсць ідэя стварэння сучаснага адзення шляхам змешвання форм і арнаментаў нацыянальнага. Такім чынам, атрымліваецца, што прэзідэнт Рахмон хутка стане куцюр'е.

Па матэрыялах таджыкістанскай прэсы

Першыя палітычныя крокі Бандэры

Сцяпан Бандэра

Сцяпан Бандэра

Чамусьці многія прайшлі міма цікавага юбілею. А менавіта — угодкаў выхаду Сцяпана Бандэры ў вялікую палітыку. Гэта адбылося 90 гадоў таму, калі 14 чэрвеня 1934 года ўкраінскімі нацыяналістамі быў забіты Браніслаў Перацкі — адна з ключавых фігур рэжыму маршала Пілсудскага. Забойцы ўдалося ўцячы, а галоўнымі падазронымі адразу ж сталі нацыяналісты. Але не ўкраінскія, а польскія, паколькі напярэдадні забойства ўказам Перацкага была забаронена дзейнасць Нацыянальна-радыкальнага лагера. Следства рэзка змяніла свой напрамак пасля экспертызы. Кулі, выпушчаныя ў Перацкага, належалі да той жа зброі, з якой раней быў застрэлены ўкраінскі нацыяналіст, якога паплечнікі западозрылі ў працы на паліцыю. Хутка лідары нацыяналістаў, у тым ліку Бандэра, былі арыштаваныя. Праз паўтары гады пачаўся судовы працэс, які зрабіў Бандэру зоркай. Ён праславіўся тым, што рэгулярна выкрыкваў украінскія лаянкі на пасяджэннях, пасля чаго яго выносілі з будынка суда. Суворы прыгавор толькі замацаваў аўтарытэт Бандэры сярод нацыяналістаў. 

Застаецца дадаць, што многія дасюль не вераць, што Бандэра быў датычны да забойства Перацкага. Так, галоўны апазіцыянер рэжыму Вінцэнты Вітас (дарэчы, былы прэм'ер-міністр Польшчы), які на той момант ужо эміграваў у Чэхаславакію, лічыў, што Перацкага забілі ў рамках далёка ідучай палітычнай інтрыгі, а Бандэру і яго людзей падставілі. Зрэшты, апошнія самі былі рады, што іх успрымаюць як ворагаў Польшчы нумар адзін.

Па матэрыялах украінскай прэсы

Піва супраць прэм'ера

10469894_original.jpg

Ужо відавочна, што выбарчая кампанія брытанскіх кансерватараў напярэдадні выбараў парламента ўвойдзе ў гісторыю як вельмі няўдалая. У тым ліку таму, што лідар торы Рышы Сунак на кожным кроку дэманструе адарванасць ад рэальнасці. Напрыклад, ён прымудрыўся адправіцца агітаваць у адзін з самых бедных раёнаў краіны з заплечнікам коштам 750 фунтаў. Новы канфуз адбыўся ў пабе The Drewe Arms у Заходнім Дэвоне, куды Сунак накіраваўся, каб паразмаўляць з групай мясцовых жыхароў. Там непітушчы прэм'ер-міністр наліў ліманад у традыцыйны піўны куфаль. Гэта выклікала шок у звычайных брытанцаў. Адзін з выбаршчыкаў зайшоў у X, былы Twitter, каб напісаць: «Я шаную цвярозасць Рышы Сунака, але я не ўпэўнены, што піць ваду з паўлітровай шклянкі ў пабе — выдатны спосаб супрацьстаяць іміджу "адарванасці ад звычайных людзей"».

Пост стаў вірусным: больш за 6000 чалавек лайкнулі паведамленне і здымак, які яго суправаджаў. Многія бачаць ва ўчынку прэм'ера акт таннага папулізму. Калі яму не падабаецца алкаголь, то ён мог бы проста замовіць гарбату. Адным словам, у Сунака новы пракол. Наўрад канфуз з півам будзе фатальным для вынікаў выбараў, але сваю ролю ў фіяска партыі Сунака ён згуляе.

Па матэрыялах брытанскай прэсы

Кляштары будуць турмамі?

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

У Швецыі прыдумалі незвычайны спосаб вырашэння праблемы перанаселенасці турмаў, якая часта становіцца фактарам гвалту. Турэмная сістэма не была разлічана на такую ​​колькасць вязняў. А зневажальныя, перанаселеныя ўмовы не ствараюць «добрае асяроддзе для рэабілітацыі».

І вось выйсце знойдзена. Прапануецца адправіць зняволеных у манастыры. Там яны будуць не проста адбываць тэрмін, але таксама «разважаць, вылечваць душу і выкупаць свае грахі пры падтрымцы духавенства». Самае цікавае, што прапанова не такая вар'яцкая, як можа падацца на першы погляд. Цэрквы і прыватныя грамадзянскія групы даўно плённа супрацоўнічаюць з турмамі ў Германіі і Нідэрландах. Рэлігійныя абшчыны валодаюць «вялікай кампетэнтнасцю і вопытам у сацыяльнай рабоце і доглядзе». Чаму б ім не клапаціцца аб зняволеных, — задаецца пытаннем шведская грамадскасць. Зрэшты, пакуль за рамкі дэбатаў незвычайны праект не выходзіць.

Па матэрыялах амерыканскай прэсы