Сусветныя цікавосткі: Секс-забастоўка супраць мяса, падатак за акупацыю, як каралева ад дыктатара хавалася

Прапануем вам традыцыйны агляд кур'ёзных навін з усяго свету.

grilled_meats_1309495_1280.jpg

Або секс, або мяса

Дастаткова вядомая арганізацыя па абароне жывёл Peta заклікала мужчын радыкальна змяніць свой рацыён. Як высветлілася, мужчыны значна больш небяспечныя для навакольнага асяроддзя, чым жанчыны. Усё таму, што яны ядуць занадта шмат мяса, вытворчасць якога выклікае парніковы эфект. Паводле падлікаў эколагаў, унёсак мужчын у змяненне клімату ў сярэднім на 41% большы, чым у жанчыны. Што рабіць? На гэты конт у Peta некалькі ідэй. Напрыклад, арганізацыя лічыць дарэчным увесці высокі падатак на мяса для мужчын. Але ёсць і больш радыкальны праект. У Peta мяркуюць, што тыя мужчыны, хто працягвае есці мяса, павінны быць падвергнуты «сексуальнаму байкоту». На справе гэта значыць, што жанчыны дзеля клімату павінны байкатаваць інтым з тымі, хто любіць сасіскі, шашлык і каўбасу. Па словах актывістаў Peta, карысць ад сексуальнай забастоўкі, верагодна, таксама будзе заключацца ў ніжэйшым узроўні нараджальнасці, што таксама дазволіць знізіць спажыванне CO₂ на планеце.
Радыкальная прапанова выклікала ў грамадстве і палітычнай эліце негатыўную рэакцыю. А адзін з дэпутатаў Бундэстага ўвогуле прапанаваў забараніць Peta.
Па матэрыялах нямецкай прэсы

Забаранілі збіраць бутэлькі

Адміністрацыя Ашхабада вырашыла забараніць прыватным асобам збіраць на вуліцы пластыкавыя бутэлькі, бо, на думку ўлад, гэта «ганьбіць краіну». Да справы падышлі сур'ёзна. Адлоў зборшчыкаў другаснай сыравіны даручылі паліцэйскім, якія дзяжураць каля прыёмных пунктаў, дзе людзі здаюць тару. Як правіла, затрыманых людзей папярэджваюць, што зараз збіраць бутэлькі забаронена, а здаваць другсыравіну маюць права выключна штатныя работнікі ЖКГ.
Збор пластыкавых бутэлек і іх здача ў пункты прыёму другаснай сыравіны па 2 манаты за кілаграм ($0,06 па курсе чорнага рынку) былі адным з нямногіх даступных бедным жыхарам Ашхабада спосабаў заробку. Людзі зрэшты спадзяюцца, што забарона будзе часовай.
Трэба сказаць, што ў апошнія гады незалежныя СМІ рэгулярна паведамлялі аб росце колькасці грамадзян Туркменістана, якія рыюцца ў смеццевых баках або ходзяць па кватэрах, просячы міласціну. Некаторыя з іх спецыяльна прыязджаюць у Ашхабад з рэгіёнаў, каб такім чынам «падпрацаваць». У мінулым годзе прэса пісала, што ў сталіцы нават пачалася барацьба за тэрыторыю паміж групоўкамі людзей, якія капаюцца ў баках для смецця. Каля сметніц з'явіліся «смотрящие», якія праганяюць «чужых».
Па матэрыялах туркменскай прэсы

Каралева і дыктатар

Хоць мерапрыемствы з нагоды смерці каралевы Лізаветы скончыліся, брытанцы па-ранейшаму шмат гавораць пра нябожчыцу, якая стала сімвалам цэлай эпохі. У тым ліку згадваецца і гісторыя, якая здарылася ў 1978 годзе. Тады ў краіну з афіцыйным візітам прыехаў румынскі дыктатар Мікалае Чаўшэску і яго жонка Алена Чаўшэску. Гэта была гістарычная падзея — першы дзяржаўны візіт кіраўніка румынскай дыктатуры ў Вялікабрытанію. Сярод іншага Чаўшэску вельмі хацелі сустрэцца з каралевай. Але тая лічыла, што «Чаўшэску — гэта ўжо занадта». Тады румынскія госці вырашылі дзейнічаць хітрасцю. Яны напрасіліся на візіт у Букінгемскі палац, каб прыватна пагаварыць з прынцам Філіпам, мужам Лізаветы, у спадзеве неяк сустрэцца і з Лізаветай. Калі Алена і Мікалае з'явіліся на тэрыторыі палаца, каралева хутка пакінула будынак і на пэўны час схавалася ў кустах, каб пазбегнуць сустрэчы з гасцямі ўласнага дома. У выніку Чаўшэску так і не здолелі дабіцца жаданай сустрэчы.
Зрэшты, трэба адзначыць, што апісаная кур'ёзная гісторыя хутчэй выключэнне, чым правіла. Брытанскае МЗС часта прымушала каралеву сустракацца з вельмі сумнеўнымі палітыкамі, напрыклад, Робертам Мугабэ, Мабуту Сесе Секо, Башарам Асадам і г.д.
Па матэрыялах брытанскай прэсы

Падатак за акупацыю

Паток расейскіх мігрантаў у Грузію справакаваў актыўную ўнутраную палітычную дыскусію наконт таго, што рабіць з гэтай публікай. Свой рэцэпт вырашэння праблемы прапанавала апазіцыя. У партыі «Нацыянальны рух» выступілі з ініцыятывай увядзення «акупацыйнай пошліны» для грамадзян Расіі. «Павінен быць устаноўлены абавязак па выплаце акупацыйнага ўзносу для грамадзян Расіі пры ўездзе на тэрыторыю Грузіі. Сума складзе 1000 лары на кожнага грамадзяніна — гэты плацеж забяспечыць прызнанне грамадзянамі Расіі таго, што тэрыторыя Грузіі акупаваная Расійскай Федэрацыяй, і што РФ з'яўляецца агрэсарам. У адваротным выпадку яны не могуць перайсці на тэрыторыю Грузіі. Увядзенне згаданага падатку стане дэкларацыяй салідарнасці для тысяч вымушаных перасяленцаў у Грузіі — гэтыя сродкі будуць пералічаны на іх патрэбы», — сказаў адзін са спікераў апазіцыі. Ён таксама адзначыў, што грамадзяне Расіі, якія ўехалі ў Грузію да прыняцця закона, павінны будуць заплаціць «акупацыйную пошліну» для атрымання права карыстацца паслугамі дзяржавы.
Прапанова не атрымала пакуль падтрымкі большасці ў грузінскім парламенце, дзе дамінуе праўладная партыя.
Цікава, дарэчы, назіраць за гэтай сітуацыяй у кантэксце візіту Лукашэнкі ў Абхазію. Калі Мінск і Сухумі наладзяць адносіны, ці не ўзнікне ў Грузіі ідэя накласці на беларускіх турыстаў і мігрантаў таксама падатак на акупацыю?
Па матэрыялах грузінскай прэсы