SWIFT супраць дыктатуры
У якасці адной з магчымых формаў ціску на Пуціна разглядаецца адключэнне расійскіх банкаў ад сістэмы SWIFT. Тры гады таму такая ж мера была ўведзеная супраць банкаўскіх інстытутаў Ірану. Ці прынесла яна плён?
SWIFT прыдумалі бельгійцы ў 1973 годзе, калі прыкладна 200 банкаў свету дамовіліся рабіць трансферы па агульных стандартах. Праект аказаўся вельмі запатрабаваным у банкаўскім свеце, асабліва калі пачалася глабалізацыя і працэнт замежных пераводаў у агульнай масе банкаўскай дзейнасці значна вырас. На цяперашні дзень сетка SWIFT уключае ў сябе каля 10 200 банкаў у 200 краінах свету. Штогод праз сетку праходзяць плацяжы на суму 2,5 мільярда долараў.
У краінах, якія моцна залежаць ад экспарту-імпарту, SWIFT увогуле ператварыўся ў адзін з ключавых інстытутаў фінансавага сектару. Да такіх краінаў належаў і Іран, галоўнай крыніцай даходаў якога, як вядома, ёсць нафтавы экспарт. Не дзіўна, што санкцыі з боку Захаду, які прыкладна з 2006-га намагаўся прымусіць Тэгеран адмовіцца ад атамнай праграмы, былі накіраваныя на тое, каб падарваць нафтавы гандаль. Яшчэ ў 2005-м пачала агучвацца ідэя т. зв. «падвоенай атакі» — пасля ўвядзення нафтавага эмбарга таксама выключыць Іран з сістэмы SWIFT.
Галоўнымі лабістамі прапановы адключыць Іран ад SWIFT былі Ізраіль і ЗША (па-сутнасці, рашэнне было канчаткова прынята пасля сустрэчы Барака Абамы і Біньяміна Нетаньяху). Праўда, сам механізм прымусу бізнесменаў (SWIFT — гэта прыватная кампанія) да прыняцця палітычнага рашэння дасюль цалкам не зразумелы. Сама кампанія заявіла, што пайшла на такі крок пасля ўвядзення санкцый Еўрасаюза супраць Ірану. Так ці інакш, 14 сакавіка 2012 года Іран стаў банкаўскім ізгоем.
Ініцыятары такой меры лічылі, што для кіраўнікоў Ірану такі крок будзе мець вельмі сур’ёзныя наступствы. Напрыклад, Нетаньяху прагназаваў хуткі параліч дзейнасці іранскага ўраду. Міністр эканомікі ў яго ўрадзе чакаў калапсу эканомікі Ірану.
Што атрымалася на самай справе? З улікам таго, што апакаліпсісу ў Іране пасля 14 сакавіка 2012-га не адбылося, можна казаць, што ўдар аказаўся не такім ужо і смяротным, хаця іранскую эканоміку вельмі ліхаманіць.
Затое, па-першае, рэпутацыя SWIFT як незалежнай ад палітыкі структуры аказалася заплямленая. Як вынік, у Трэцім свеце назіраюцца спробы стварэння сваіх аўтаномных сістэмаў. Напэўна, самая развітая з іх — hawala. Яна распаўсюджаная ў краінах Блізкага Усходу, і ў тым ліку дазваляе праводзіць трансферы з Ірану ў краіны Захаду.
Па-другое, гандляваць з Іранам адмовіліся толькі на Захадзе, у той час як усходнія краіны не сталі разрываць эканамічныя кантракты з Тэгеранам. Гэта прывяло да большай ступені аўтаноміі Ірану ад заходніх рынкаў. За час дзеяння санкцый галоўным камерцыйным партнёрам Ірану паступова стаў Кітай.
Нарэшце, на думку некаторых аналітыкаў, дзякуючы банкаўскай блакадзе быў нанесены моцны ўдар па сусветнай доларавай сістэме (SWIFT гандлюе праз долары і золата). Кітай і Індыя, якія жадалі купіць іранскую нафту, былі вымушаныя шукаць іншыя (не доларавыя) метады разліку па нафтавых здзелках. Галоўным чынам гэта былі разлікі ў нацыянальных валютах і праз бартэр. «Выкарыстанне сістэмы SWIFT у якасці інструмента вайны аказалася памылкай, якая паскорыла падзенне долара і, як следства, ЗША», — заключае адно з французскіх СМІ.
У Іране таксама шырока распаўсюджаная практыка гандлю праз банкі суседніх краінаў, дзе працуюць з SWIFT. Распрацаваная таксама схема U-turn, праз якую іранцы выводзяць свае грошы праз валюту іншых краін на дэпазіты ў ЗША і атрымліваюць назад амерыканскія долары. У такіх аперацыях падазраюцца не нейкія маргінальныя ўстановы, а такія салідныя банкаўскія канторы, як Royal Bank of Scotland, UniCredit, HSBC, Société Générale і Crédit Agricole. Яшчэ адна вялікая дзірка ў рэжыме банкаўскіх санкцый — фінансавы рынак Афганістану. У кабульскіх валютчыкаў можна лёгка памяняць іранскія рэалы на долары.
Адным словам, Захад не можа забяспечыць поўны кантроль над падтрыманнем рэжыму санкцый. Акрамя таго, як дзяржаўны, так і прыватны сектар краіны супраць якой дзейнічаюць санкцыі, можа знайсці і эфектыўна выкарыстоўваць абходныя шляхі. Таму ў гэтай галіне ўрадам Захаду трэба яшчэ працаваць і працаваць.
Нарэшце, самым супярэчлівым момантам банкаўскіх санкцый праз SWIFT ёсць іх гуманітарны эфект. Калі верыць брытанскай прэсе, першай ахвярай адключэння Ірану ад SWIFT сталі не банкі, а хворыя, для лячэння якіх трэба было набываць лекі за мяжой. Не будучы здольнымі аператыўна іх замаўляць і атрымліваць, людзі аказаліся асуджанымі на смерць. Па статыстыцы, з-за выключэння SWIFT памерлі каля 30 чалавек, якія пакутавалі на рак, праблемы з дыханнем і г.д. Гэтыя трагедыі сталі добрым матэрыялам для антызаходняй істэрыкі на старонках іранскай прапагандысцкай прэсы.