С.Жадан: Калі ўсё скончыцца
Украінскі пісменнік Сяргей Жадан разважае над тым, з чым давядзецца лічыцца ўкраінскаму грамадству, калі скончыцца цяперашні кафлікт на Усходзе Украіны.
Калі ўсё гэта скончыцца, многія рэчы будуць мець зусім іншы выгляд. На многія рэчы расплюшчацца вочы. Хоць глядзець захочацца далёка не на ўсё. Але так ці інакш — калі ўсё гэта
скончыцца, гэта значыць калі перастануць страляць, калі «закончыцца вайна» (што б мы пад гэтым словам ні разумелі), нам усім давядзецца сутыкнуцца з тым, наколькі ўсё змянілася. Я
нават не кажу пра аператыўнае становішча, пра хаду баявых дзеянняў, захопленыя населеныя пункты, разбураныя масты і знішчаную вайсковую тэхніку. Я кажу хутчэй пра тое, што пачынаецца кожны раз, калі
ўсё сканчаецца, што пачынаецца з заканчэннем вайны.
Відавочна, краіне давядзецца мець справу з сапраўднымі франтавікамі, тымі, хто трымаў у руках зброю, больш за тое — з тымі, хто гэтую зброю ўжываў. Давядзецца мець справу з іх праўдай,
іх досведам, іх стратамі і перамогамі. І з тым, і з іншым — і з стратамі, і (асабліва) з перамогамі — давядзецца лічыцца. Гэтак сама, як давядзецца лічыцца з досведам тых, хто ў
рукі зброю не браў, але так ці інакш таксама быў часткай вайны. Хоць, што значыць «часткай»? Яны сёння — напаўненне гэтай вайны, яе фонам, на якім адбываюцца ваенныя
апэрацыі. Імі сёння прыкрываюцца, імі апраўдваюцца, іх абвінавачваюць, ім суперажываюць. Хоць у большасьці выпадкаў іх проста ігнаруюць — вайна гэта перш за ўсё людзі ўзброеныя. Людзі
цывільныя напаўняюць тэатар ваенных дзеянняў не так гераізмам, як шумам. Яны ўсім замінаюць — замінаюць цяпер, будуць замінаць і ў будучыні. І з гэтым таксама давядзецца мець справу.
Гэтак сама давядзецца мець справу з тым, што мы ўсе нарэшце ўбачым гэты наш украінскі міфічны Усход, Данбас знутры, усутыч, зблізку. І ўсе гэтыя назвы, якія сёння з такім крывавым ціскам
прарываюцца ў нашу свядомасьць, залягаючы ў памяці — Чырвоны Ліман, Станіца Луганская, або, скажам, Шчасце, — будуць не проста назвамі населеных пунктаў, дзе большасць з нашых
суграмадзяняў ніколі не была (дый не планавала быць), а больш чым рэальнымі і крывавымі (менавіта таму і рэальнымі) кавалкамі тэрыторыі, з якой шмат у каго будзе ад гэтага часу многае звязана.
Вельмі спадзяюся, што калі ўсё гэта скончыцца, у краіне не пачнецца паляванне на ведзьмаў. Што вінаватымі не выявяцца ўсе жыхары вызваленых гарадоў і сёлаў. Што не будуць помсціць тым, хто не
здольны сябе абараніць, не будуць пераследаваць тых, хто не спадабаецца. Затое, я гэтак сама спадзяюся, што давядзецца адказаць усім тым, хто мог спыніць усю гэтую масакру яшчэ тады, вясной, некалькі
месяцаў таму. Спадзяюся, што ўся гэтая навалач, да апошняга дэпутата, да апошняга гарадскога галавы і начальніка міліцыі, з усімі алігархамі і святарамі ўключна, усе гэтыя законныя прадстаўнікі ўлады
і маральныя аўтарытэты, якія сядзелі і глядзелі, як сітуацыя заходзіць у тупік, будуць адказваць за ўсё — і за дзяржаўную здраду, і за сабатаж, і за марадзёрства.
Таму што найпрасцей перакласці ўсю віну на мірнае насельніцтва. Найпрасцей менавіта яго звінаваціць ва ўсіх яго праблемах, менавіта яго папракаць і менавіта на яго злавацца. Аднак прыгадайце, з
чаго ўсё пачыналася, і ўявіце сабе, што было б, калі б людзі проста выконвалі сваю працу. Усе — ад міліцыянтаў на мітынгах да памежнікаў на пераездах. Уявіце сабе, чаго можна было б
пазбегнуць. І вось з абавязковым называннем імёнаў сапраўдных здраднікаў нам таксама давядзецца мець справу. Называць здраднікаў па імёнах не заўсёды лёгка. Але заўсёды справядліва.
Сяргей Жадан, tsn.ua