Прэзідэнт Эстоніі рыхтуецца да вайны
Мы вярнуліся ў 1938 год, мяркуе Тоомас Ілвэс.
Прэзідэнт Эстоніі Тоомас Ілвэс (справа)
У інтэрв'ю часопісу «Ir» Тоомас Гендрык Ілвэс распавёў, што думае пра расійскую пагрозу, абараназдольнасць краін Балтыі і інфармацыйную вайну, паведамляе латвійскі
партал Delfi.
Спытаўшы ў журналіста Паўлса Раудсэпа, што адбываецца ў Латвіі, і пачуўшы адказ, што краіна рыхтуецца да выбараў, Ілвэс заявіў: «Вы рыхтуецеся да выбараў, а я рыхтуюся да
вайны».
Прэзідэнт Эстоніі сказаў, што Расія апошнім часам робіць усё, пра што кажа, таму не варта ігнараваць яе заявы.
«Мы вярнуліся ў 1938 год. Калі пачытаць такіх «вар'ятаў» (прынамсі, цяпер яны здаюцца «вар'ятамі»), як Дугін і
Маркаў, — яны апраўдваюць анэксію тэрыторый, абапіраючыся на
прысутнасць «суайчыннікаў». Гэта выразны сігнал для Лонданскага Сіці, Карлавых Вар, Брайтан-Біч, не кажучы ўжо пра краіны каля межаў Расіі», — сказаў Ілвэс.
Што да размяшчэння ў краінах Балтыі і Польшчы кантынгенту NАТО, то за гэта трэба плаціць, адзначыў эстонскі прэзідэнт, а ў Латвіі і Літве і так даволі нізкія выдаткі на абарону.
«Мне здаецца, што ўсім трэба выконваць тое, што паабяцалі», — сказаў Ілвэс, дадаўшы, што для Эстоніі адно з найважнейшых пытанняў пяцігадовага
бюджэту — павышэнне выдаткаў на абарону да 2% ад ВУП.
Акрамя таго, важна надаваць увагу ўнутранай бяспецы, бо гэта шчыльна ўзаемна звязана, адзначыў ён. Паводле ягоных слоў, расійскае войска за апошнія гады змянілася — яно засвоіла навуку вайны ў Грузіі і стала мабільным, хутка рэагуе. У Расіі ўвесь час
адбываюцца вайсковыя вучэнні, у тым ліку раптоўныя, яе войска — добра падрыхтаванае і экіпаванае, з сучаснай зброяй. Таму і краінам Балтыі трэба
мяняць мысленне, мяркуе эстонскі прэзідэнт.
У прыватнасці, на ягоную думку, прафесійнага войска недастаткова. У маленькай краіне яно малалікае. Гэта тычыцца і Латвіі, і Швецыі. Рэзэрву не ствараецца.
«Мы і фіны, ды, напэўна, яшчэ грэкі, — астатнія
краіны ў Еўропе з абавязковай вайсковай службай... Тэарэтычна мы здолеем змабілізаваць 30 000 жаўнераў. А ў выпадку прафесійнага войска гэта немагчыма. Яны вельмі добрыя, але колькі
іх — дзве тысячы?» — кажа Ілвэс.
Пры гэтым ён станоўча ацэньвае фармавання зэмэсардзэ (лат.: Zemessardze — «Варта Зямлі» (даслоўна) — латвійская народная добраахвотная ўзброеная арганізацыя, якая з'яўляецца
часткай Нацыянальных узброеных сіл Латвійскай Рэспублікі. — заўв.рэд.) На пытанне, ці падтрымлівае ён у рамках інфармацыйнай вайны прыпыненне
рэтрансляцыі расійскіх тэлеканалаў у Літве і Латвіі, Ілвэс адказаў, што, на ягоную думку, гэта няправільна.
«Павінна быць вольная інфармацыйная плынь... Я супраць усякага блакавання інфармацыі. Так рабіць нельга. У вас жа тут, на месцы, ёсць рашэнне — цэнтр стратэгічнай камунікацыі NATO», — сказаў Ілвэс.