Шэнген прыходзіць на Каўказ

Атрыманне грузінамі бязвізавага рэжыму з ЕС — важная падзея не толькі для Грузі, аднак і для ўсёй постсавецкай прасторы, і нават для працэсаў глабальнай палітыкі.

georgia_visa_si.jpg

Трэба адразу сказаць, што рашэнне Еўрапарламента ад 3 лютага яшчэ не азначае заканчэнне працэдуры візавай лібералізацыі для Грузіі. Аднак усе разумеюць, што цяпер «бязвізішвілі» (так жартам называюць бязвізавы рэжым для грузін) — справа часу. Лічыцца, што першыя грузіны наведаюць ЕС без візаў ужо ў сакавіку.

Навіны з Брусэлю, натуральна, былі ўспрынятыя на беразе Куры з вялікім энтузіязмам. Сацыяльныя сеткі перапоўненыя віншаваннямі, а прэм’ер Іраклій Гарыбашвілі нават паведаміў, што адразу ж пасля запуску бязвізавага рэжыму выправіцца ў Еўропу разам з першай партыяй прадстаўнікоў грузінскай моладзі.

Радасць Гарыбашвілі зразумелая. Рашэнне ЕС, безумоўна, дапамагло стабілізаваць цяперашні палітычны рэжым, сяброў якога апазіцыя намагалася выяўляць як агентаў Масквы. На хвалі эйфарыі ад бязвізу ўрадавай партыі «Грузінская мара» будзе значна прасцей правесці задуманую канстытуцыйную рэформу. Маргіналізаванай апазіцыі з лагеру Саакашвілі застаецца толькі нагадваць пра тое, што менавіта ён у свой час запусціў праект еўраінтэграцыі Грузіі.

«Калі я пасля «рэвалюцыі ружаў» у 2003 годзе ўзняў сцяг Еўропы ў цэнтры Тбілісі перад парламентам, з мяне здзекаваліся практычна ўсе. (…) А сёння Грузія нарэшце атрымала бязвізавы рэжым. Так што ніколі не смейцеся з ідэалістаў, яны і рухаюць свет», — такім паведамленнем адрэагаваў на навіны пра візы Міхаіл Саакашвілі.

У Тбілісі таксама спадзяюцца, што «бязвіз» будзе садзейнічаць інтэграцыі краіны. Тут ужо заявілі, што вольна падарожнічаць у ЕС могуць абхазы і асеціны, якія маюць грузінскі пашпарт. Такая перспектыва яўна спалохала Сухумі і Цхінвалі. Абхазскі МЗС назваў прапанову «бязвізу» «чарговай нязграбнай спробай тбіліскіх уладаў уцягнуць грамадзян Рэспублікі Абхазія ў палітыка-прававую прастору Грузіі». У мясцовай прэсе нават пачалася завочная кампанія супраць тых, хто скарыстаецца грузінскім «бязвізам». Такіх называюць здраднікамі народу і незалежнасці.

Негатыўна адгукнуліся на лібералізацыю і расійскія медыя. Калі верыць ім, «бязвіз» створыць масу праблем для Грузіі. Нібыта новыя візавыя правілы выклічуць цунамі эміграцыі і дэмаграфічны крызіс. У якасці прыкладу прыводзіцца Малдова, якая ў свой час першая сярод краін СНД атрымала аналагічны візавы рэгламент з ЕС, і зараз стабільна ўваходзіць у дзясятку сусветных краін — лідараў па колькасці эмігрантаў.

У Грузіі дэмаграфія таксама кульгае. У 2015-м на сходзе грузінскіх дыяспар прэм’ер-міністр агучыў прыблізную ацэнку міграцыйных страт з моманту развалу СССР — «паўтара-два мільёны» пры цяперашнім насельніцтве краіны ў 3,7 мільёна чалавек. Грузінскія палітолагі дапускаюць, што нейкая частка моладзі, сапраўды, пад выглядам турыстаў будзе шукаць працу ў Еўрасаюзе, аднак катастрофы маштабаў Косава (адсюль у ЕС збегла ўжо 25 працэнтаў працоўнай моладзі) чакаць нельга. На ўсялякі выпадак грузінскія ўлады рыхтуюцца да правядзення масавай прапагандысцкай кампаніі: грамадзянам краіны будуць тлумачыць, што бязвізавы рэжым не дае ім права на працу ў Еўрасаюзе.

Істэрыка ў Маскве выклікала цікавую рэакцыю ў грузінскім экспертным асяроддзі. Адзін з мясцовых адмыслоўцаў папярэдзіў і пра магчымую пагрозу, якая можа зыходзіць ад расійскіх спецслужб. На яго думку, супрацоўнікі гэтых службаў пад выглядам абхазаў і асецін атрымаюць грузінскія пашпарты і з гэтымі пашпартамі паспрабуюць дыскрэдытаваць грамадзян Грузіі ў краінах Шэнгена, каб быў запушчаны так званы «механізм прыпынення бязвізавага рэжыму». Варта нагадаць, што асноўныя праблемы на шляху атрымання бязвізавага ўезду Грузіяй былі звязаныя з праблемай арганізаванага грузінскага крыміналу ў Еўропе.

«Бязвізішвілі» відавочна паўплывае на рэгіянальны палітычны працэс. Гэта, напрыклад, пстрычка па носе Эрдагану. Турцыя даўно вядзе перамовы з ЕС пра скасаванне візаў і, быццам, нават выйшла ў перамовах на фінальную дыстанцыю. Аднак у выніку туркаў апярэдзілі грузіны, якім на атрыманне Шэнгена спатрэбілася каля 5 гадоў. Беручы пад увагу, што Турцыя ўтрымлівае на сваёй тэрыторыі амаль тры мільёны бежанцаў, якія імкнуцца ў Еўропу, выбар ЕС на карысць Грузіі можа паглыбіць цяперашнія еўрапейска-турэцкія калізіі.

Армянская дэмакратычная прэса мяркуе, што бязвізавы рэжым для грузін натхніць армянскія праеўрапейскія сілы напярэдадні гарачай палітычнай вясны. Нягледзячы на тое, што Арменія — сябра Еўразійскага Эканамічнага Саюза, унутрыпалітычная барацьба за геапалітычны вектар краіны тут яшчэ трывае.

Нарэшце, пра наступствы грузінскага «бязвізу» для Украіны, якой доўгі час абяцалі тое ж самае ў адным пакеце з Грузіяй. Тое, што Грузія дамаглася візавай лібералізацыі без Украіны, выклікала ў Кіеве пачуццё адкрытай зайздрасці. З’ява, напэўна, тлумачыцца тым, што тэма «бязвізу» ў выступах таго ж Парашэнкі выглядае як універсальная панацэя ад усіх існуючых праблем. Ілюстрацыяй незвычайнай псіхалагічнай траўмы ўкраінцаў на глебе візавага пытання стаў фармат «дня сурка», які праводзіцца на пачатку лютага. Дзень сурка — рытуал, падчас якога па паводзінах жывёлы спрабуюць прагназаваць час надыходу вясны. У гэтым годзе жывёлам-метэаролагам ва Украіне прапанавалася таксама адказаць на пытанне, ці атрымаюць украінцы «бязвіз» у 2017-м. Жывёлы, як піша прэса,  абралі шыльды накшталт «Бязвіз у 2017-м». Паглядзім, ці не падмануць спадзяванні чыноўнікі.