«Талібан» у 2001-м знішчыў статуі Буды ў Баміянскай даліне — а цяпер хоча на іх зарабляць

Праз 20 гадоў пасля руйнавання статуй у Баміянскай даліне «Талібан» вярнуў сабе ўладу — і вырашыў зарабіць на знішчаных статуях. Якім чынам?

Ніша, у якой знаходзілася статуя Буды. 5 верасня 2022 года. Фота Getty Images

Ніша, у якой знаходзілася статуя Буды. 5 верасня 2022 года. Фота Getty Images

У 2001 годзе ісламісцкі рух «Талібан», які за некалькі гадоў да гэтага захапіў уладу ў Афганістане, знішчыў дзве гіганцкія статуі Буды, якія былі высечаныя ў скале ў Баміянскай даліне. Праз больш чым 20 гадоў, калі талібы зноў прыйшлі да ўлады, яны кардынальна змянілі стаўленне да старажытных помнікаў — і цяпер разглядаюць даліну як патэнцыйную крыніцу даходу і плануюць зрабіць яе турыстычнай славутасцю.

Пра цяперашні стан Баміянскай даліны, якая знаходзіцца ў спісе Сусветнай культурнай спадчыны, распавядае The Washington Post.

Статуі Буды вышынёй у 55 і 37 метраў былі ўзведзены ў VI стагоддзі нашай эры. Лічыцца, што рашэнне пра іх знішчэнне прыняў асабіста лідар «Талібану» мула Амар, які абвясціў іх «паганскімі ідаламі». Статуі знішчалі ў некалькі этапаў, скарысталіся нават зенітнымі гарматамі.

Баміянскія статуі Буды да разбурэння. Фота Getty Images

Баміянскія статуі Буды да разбурэння. Фота Getty Images

Нягледзячы на тое, што самі статуі былі цалкам разбураныя, ЮНЕСКА ў 2003 годзе ўнесла ландшафт баміянскай даліны ў спіс Сусветнай спадчыны. Арганізацыя адзначыла аб'ект як той, «які знаходзіцца пад пагрозай».

Пасля звяржэння рэжыму талібаў улады Афганістана мелі намер аднавіць статуі. Пры падтрымцы ЮНЕСКА былі праведзены работы, накіраваныя на ўмацаванне нішаў, у якіх стаялі статуі Буды, і павышэнне стабільнасці іх рэшткаў.

У 2011 годзе прадстаўнікі афганскіх уладаў і эксперты вырашылі, што статуі патэнцыйна гатовыя да выключэння са спісу аб'ектаў, якія знаходзяцца пад пагрозай, аднак у выніку з-за рознагалоссяў адносна таго, як менавіта неабходна іх рэканструяваць, завяршыць работы так і не атрымалася.

Калі «Талібан» зноў захапіў уладу ў 2021 годзе, прадстаўнікі руху сталі глядзець на Баміянскую даліну больш прагматычна, чым 20 гадоў таму.

На фоне адсутнасці замежнай падтрымкі і вострай неабходнасці ў грошах, піша Washington Post, талібы пачалі разглядаць астанкі статуй Буды як патэнцыйна прыбытковую крыніцу даходу і працаваць над прыцягненнем турыстаў. Цяпер яны хочуць ператварыць даліну ў адну з галоўных славутасцяў краіны.

«Баміян і асабліва Буды маюць вялікае значэнне для нашага ўрада, гэтак жа, як і для ўсяго свету», — сказаў у гутарцы з Washington Post намеснік міністра культуры Афганістана Атыкула Азізі. І дадаў, што ў маштабах усёй краіны «Талібан» накіраваў больш за тысячу чалавек на абарону аб'ектаў культурнай спадчыны.


Цяпер за наведванне статуй з афганцаў бяруць эквівалент 58 амерыканскіх цэнтаў, з замежнікаў — 3,45 долара. Ля ўваходу, піша Washington Post, стаіць шапік з марозівам, каля яго — узброеная ахова. Адзіны размешчаны на тэрыторыі гатэль абгароджаны калючым дротам. Унутры яго на сценах вісяць фатаграфіі статуй да разбурэння. Выданне піша, што цяпер у даліне, у асноўным, бываюць два цалкам розныя тыпы наведвальнікаў — адукаваныя афганцы і жаўнеры «Талібану», якія раскватараваныя паблізу.

Па словах прадстаўніка рэгіянальных уладаў Сайфурахмана Махамадзі, за 2022 год правінцыю Баміян наведалі каля 200 тысяч турыстаў, большасць з якіх былі афганцамі. Ён лічыць, што пры дадатковых намаганнях па прасоўванні і ажыўленні гэтага раёна турызм «можа стаць значнай крыніцай даходу». Ужо цяпер турысты падчас сваіх паездак у Баміян у сярэднім выдаткоўваюць суму, эквівалентную 57 доларам ЗША.

Пры гэтым уладальнікі адной з сувенірных крамаў, наадварот, распавялі The Washington Post, што пасля вяртання талібаў да ўлады колькасць турыстаў значна зменшылася, а продажы сувеніраў — афганскіх сукенак і дываноў ручной працы з выявай статуй — скараціліся ўдвая.


У здольнасці талібаў захаваць гістарычнае месца ў многіх ёсць сумневы.

«Яны прафесіяналы ў знішчэнні рэчаў, але не ў іх аднаўленні», — выказаў меркаванне 22-гадовы афганец па імені Саід, які дабіраўся да Баміяна цэлы дзень, каб больш даведацца пра даісламскую гісторыю сваёй краіны.

Філіп Маркі, які ўзначальвае французскую археалагічную дэлегацыю ў Афганістане, адзначае, што хоць талібы «зразумелі, што знішчэнне археалагічных помнікаў або гістарычных будынкаў не прынясе ім падтрымкі», ім зусім не хапае ведаў і вопыту для аднаўлення гістарычных месцаў.


З улікам гэтага, робіць выснову Washington Post, як будзе развівацца сітуацыя вакол Баміянскай даліны далей — незразумела. Сродкаў для фінансавання маштабных праектаў у «Талібану» няма, а замежныя арганізацыі і турысты не гатовыя вяртацца ў Афганістан, пакуль ва ўладзе застаюцца талібы.

Пры гэтым у самім «Талібане» не ўсе добра ставяцца да ідэі зрабіць даліну турыстычным аб'ектам. Так, губернатар правінцыі Баміян Абдула Сархадзі заявіў, што хоць адданы справе захавання культурнай спадчыны Афганістана, але ўсё ж падтрымлівае рашэнне знішчыць статуі. «Мы мусульмане. Мы павінны прытрымлівацца патрабаванняў Бога», — сказаў ён. На думку чыноўніка «Талібана», турысты маглі б наведваць іншыя гістарычныя месцы.


Паводле meduza.io