Толькі Эболы ім не хапала

Ва Украіне прэса, палітыкум і грамадства ўсё больш спекулююць наконт непазбежнага прыходу эпідэміі віруса Эбола. Але  галоўную пагрозу ўяўляе хутчэй не вірус, а палітычны папулізм, здольны выклікаць масавую паніку.



ebola.jpg

Ва Украіне прэса, палітыкум і грамадства ўсё больш спекулююць наконт непазбежнага прыходу эпідэміі віруса Эбола, які прынясе, у тым ліку, і палітычныя наступствы.

Першым біць у набат пачаў Анатоль Грыцэнка, лідар партыі "Грамадзянская пазіцыя" (ГП), якая, дарэчы, мае нядрэнныя шанцы для праходу ў Вярхоўную Раду на выбарах 26 кастрычніка. На папулярным ток-шоў Савіка Шустэра Грыцэнка нечакана для аўдыторыі праігнараваў звыклыя тэмы люстрацыі, карупцыі і Данбаса. Ён паспрабаваў прыцягнуць увагу да праблемы ліхаманкі Эбола. Рэзюмэ спіча палітыка: каб не пусціць вірус у краіну, неабходна забяспечыць каранцінную зону ва ўсіх марскіх партах і аэрапортах. Акрамя таго, Украіне трэба вывесці сваіх міратворцаў з Ліберыі і Конга, дзе бушуе гэты небяспечны вірус.

Мяркуючы па рэакцыі аўдыторыі, прамову лідара ГП не зразумелі. Адзін са спікераў нават высмеяў панікёра. Аднак хутка практычна ўсе найбуйнейшыя ўкраінскія СМІ асвяцілі праблему віруса Эбола. Безумоўна, росту цікавасці да эпідэміі спрыялі навіны: 12 кастрычніка ў польскай Лодзі, а 13 — ва Украіне шпіталізавалі людзей з падазрэннем на ліхаманку Эбола.

Перш за ўсё каментатары спрабуюць разабрацца: ці можа эпідэмія пранікнуць ва Украіну і набыць буйны маштаб.

Аргументы аптымістаў: па-першае, не зразумела, як экватарыяльная эпідэмія можа распаўсюджвацца ў нашых шыротах; па-другое, ва Украіне няма прамых авіярэйсаў з краін Заходняй Афрыкі (арэал хваробы). Таксама вядома, што на самай справе вірус Эбола блукае па Афрыцы ўжо каля сарака гадоў. Шмат у чым смерці абумоўленыя адсутнасцю своечасовай медыцынскай дапамогі, нізкай дасведчанасцю і непісьменнасцю афрыканскага насельніцтва.

Довады песімістаў: інкубацыйны перыяд хваробы складае ад 2 да 21 дня. За тры тыдні чалавек можа дабрацца з Афрыкі ў любую краіну свету, нават калі туды няма прамых рэйсаў. Невядома, як украінскія лекары змогуць адрозніць ліхаманку Эбола ад іншых захворванняў, пры якіх сімптомы на ранняй стадыі вельмі падобныя — высокая тэмпература, слабасць, галаўны і мышачны боль, млоснасць?.. Наўрад ці тут дапаможа стандартнае для постсавецкіх бальніц абследаванне — агульны аналіз крыві і УЗД на апараце, набытым у мінулым стагоддзі.

Калі меркаваць па форумах, народ у большасці сапраўды дапускае прыход хваробы. Тыповы пост з украінскага сеціва: «Ва Украіне стан сістэмы аховы здароўя з'яўляецца пагрозай нацыянальнай бяспецы. Поўны калапс адказнасці за прыняцце рашэнняў, некампетэнтнасць чыноўнікаў і лекараў, адсутнасць механізмаў адваротнай сувязі (праз колькі тыдняў пасля захворвання ў Міністэрстве аховы здароўя зразумеюць: ліхаманка Эбола прыйшла?!), адсутнасць інфраструктуры для адаптацыі сістэмы аховы здароўя краіны пад новыя ўмовы... Усё гэта рэаліі. Мы памятаем сітуацыю "Цімашэнка і каранцін": панядзелак: "Любыя мае! Азія ад нас далёка! У нас практычна няма міжнародных кантактаў! Свінячы грып нам не страшны!" Серада таго ж тыдня: "Любыя мае! Сітуацыя ва Украіне катастрафічная! Эпідэмія свінога грыпу пагражае здароўю ўкраінца! Каранцін будзе трываць адзін месяц". Я разумею, што ў такі ідыёцкі стан Цімашэнку паставілі чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя. Але яна абавязаная зрабіць чыстку ад такіх чыноўнікаў. Гэта не было зроблена. Зараз нас чакаюць такія ж запэўненні ад Парашэнкі?»

Асобная тэма: як магчымая эпідэмія можа адлюстравацца на палітычных працэсах у краіне. Наконт гэтага пытання таксама адзінай пазіцыі няма. Лагер антымайданаўцаў лічыць, што незапрошаны госць з Афрыкі стане кантрольным стрэлам у майданаўскі праект. «У мінулую грамадзянскую вайну самыя вялікія страты нанесла не вайна, а эпідэмія тыфу. У чырвоных ён скасіў 11-ю армію Паўднёвага фронту, у пятлюраўцаў — Галіцкае войска, у махноўцаў — 1-ы Данецкі корпус. Звязана гэта было з халадамі і антысанітарыяй у войсках. Ёсць дастатковая верагоднасць, што ў гэтую грамадзянскую месца тыфу зойме ліхаманка Эбола. Хутчэй за ўсё, вірус прыйдзе з Афрыкі ці Еўропы, а значыць, з тылу войскаў АТО, ён можа нанесці найбольш адчувальныя страты. Апалчэнне апынецца ў больш выгадным становішчы, калі паспее адгарадзіцца буфернай зонай", — піша адэскі антымайданавец Валянцін Азараў.

У лагеры сімпатызантаў Майдана чамусьці лічаць, што першая ахвярай віруса Эбола абавязкова стане акупаваны Крым. Так, прынамсі, паведамляе канал НТН са спасылкай на галоўнага ўрача Крыму Наталлю Пянькоўскую. Апошняя сказала пра тое, што прыход ліхаманкі Эбола ў Крым непазбежны.

Цікава, што ў крымскай прэсе вірус чакаюць з кантынентальнай Украіны. Газета «Вечерний Крым»: "Украіна будзе хворая. Хворая невылечнай хваробай, якая пагражае перакінуцца і на сумежныя тэрыторыі. І таму санітарны кардон на яе межах больш чым дарэчны. Смяротную чуму XXI стагоддзя трэба ізаляваць для пачатку, а ўжо пасля лячыць".

Калі меркаваць па адзінкавых выпадках хваробы ў Еўропе, думаецца, што маштабных памераў ва Украіне яна (калі прыйдзе сюды) не набудзе. У гэтым плане галоўную пагрозу ўяўляе хутчэй не вірус, а палітычны папулізм, здольны выклікаць масавую паніку. Напярэдадні выбараў 26 кастрычніка тэма ліхаманкі Эбола можа быць выкарыстана для дыскрэдытацыі ўлады і атрымання электаральных бонусаў. Тым больш, як сведчыць вопыт, цяперашняя мадэль масавай свядомасці ўкраінцаў ахвотна клюе на падобныя правакацыі.

Гаворка пра зіму 2009 года, на пачатак якой прыйшоўся віток дэвальвацыі — долар падскочыў з 6 амаль да 9 грыўняў. Практычна адначасова прэм’ер Юлія Цімашэнка кінулася «ратаваць» украінцаў ад пандэміі H1N1, або, прасцей кажучы, свінячага грыпу. Усё б нічога, алё актыўныя дзеянні па прадухіленні захворвання сталі прычынай узнікнення масавай панікі сярод насельніцтва. Людзі ліхаманкава пачалі шыць марлевыя павязкі ў сябе дома, паколькі ў аптэках яны скончыліся. Гэтак жа скончыліся антыбіётыкі і супрацьгрыпозныя лекі. На нейкі час у грамадстве пачалася сапраўдная калектыўная істэрыка, калі ўсе з ранку да вечара адсочвалі навіны, чакаючы чарговыя паведамленні пра смерць ад невядомай пагрозы. Кожная смерць адразу станавілася прадметам амаль што нацыянальных дэбатаў.

У выніку напрыканцы кастрычніка 2009 года ва Украіне былі зачынены на каранцін каля 9 абласцей. Ужо пазней папаўзлі чуткі пра тое, што нехта някепска зарабіў на продажы медыкаментаў і эканоміі бюджэтных сродкаў. Трошкі пазней усе зразумелі, што ў цэлым нічога выбітнага не адбылося, акрамя таго, што людзі з-за паранойі практычна забыліся пра дэвальвацыю і кепскі стан эканомікі. Не выключана, што сітуацыя паўтараецца.