Традыцыйны вясенні кірмаш Казюкаса ў Вільні. Фотарэпартаж

Самабытнае свята надыходу вясны з фантастычнымі выставамі рамеснікаў і фермераў адзначаецца ў Вільні штогод вось ужо пяць стагоддзяў. Адпраўляемся на шпацыр па горадзе, каб сказаць цяплу «прывітанне!» і прадэгуставаць традыцыйныя літоўскія пачастункі.

vokladka_69_logo.jpg

Вельмі цікава, што ў вясенніх святах Беларусь і Літва маюць пэўныя адрозненні.

Ужгавенес, які мы наведалі раней, — гэта менавіта праводзіны зімы, своеасаблівае збавенне ад зімовай ляноты, назапашаных праблем і празмернага харчавання. А вось вітанне вясны ў Літве адзначаецца на бліжэйшых выходных да 4 сакавіка, у той час як у нас на радзіме абедзве місіі змяшчаюцца ў Масленіцу. Такім чынам, з зімой Літва развітаецца аж на месяц раней: і, відаць, нездарма, гледзячы на лагоднае надвор’е за акном!

Аўтэнтычны кірмаш Казюкаса, названы ў гонар Святога Казіміра, зарадзіўся ў Вільні яшчэ ў XVII стагоддзі. На вуліцах гандлявалі не толькі купцы, але і сяляне, якія спецыяльна прыязджалі з вёсак для гандлю прадметамі ўласных рамёстваў. На кірмаш з'язджалася да 2400 вазоў: месцаў для намётаў і будак не хапала, таму акрамя цэнтральных вуліц горада кірмаш пашыраўся ўздоўж усёй набярэжнай рэчкі Віліі ад Жвярынскага да Зялёнага моста.

Уявіць маштабы такой велічы ўвогуле цяжка, бо сёлета Казюкас разцягнуўся на 800 гандляроў і агульную даўжыню ў 4,5 кіламетры: па мінскіх мерках гэта бясконцы кірмаш ад Купалаўскай да Парка Чалюскінцаў!

Адкрываецца свята грандыёзным маршам Казюкаса. Першымі ў калоне ідуць завадатары, якія вітаюць гараджан з вясной, за імі — невялічкі аркестр з трубамі, скрыпкамі і спевакамі ў яркіх шаліках колераў літоўскага сцяга. Далей — вялізная лялька Казюкаса, дзяўчаты і хлопцы ў традыцыйным строі, што трымаюць расфарбаваныя віленскія вербачкі, і дзеці з рознакаляровымі флюгерамі. Спыняючыся на плошчах, яны разам з народам спяваюць традыцыйную літоўскую фолк-песню вітання вясны «Eisva mudu abudu», што перакладаецца як «Мы разам пойдзем наперад». Разам са спевамі птушак і гукамі прыроды, што льюцца з дынамікаў, усё гэта выглядае неверагодна аўтэнтычна.

Выбар на кірмашы настолькі вялізны, што вочы разбягаюцца па розныя бакі: часам складана ўявіць, як шмат рамеснікаў і фермерскіх гаспадарак вырабляюць такія якасныя і ўнікальныя тавары. Сёлета на Казюкасе можна было сустрэць гандляроў з Латвіі, Эстоніі, Украіны, Беларусі, Сакартвэла, Польшчы, Узбекістана ды іншых краін. Найбольш цікавыя знаходкі, якія мы ўбачылі на кірмашы — гарачы квас, ракавінкі, рыба, якая смажылася ў фуры, і віленскія вербачкі, вырабленыя з сухіх кветак і траў.

Ну і канешне ж класічныя «каралі» літоўскай кухні накшталт апетытных цэпелінаў, баранкаў, пончыкаў і шакоцісаў. Дарэчы, стравы можна было знайсці па вельмі файных коштах: каўбаска з бульбачкай на агні і гарачай квашанай капустай абышліся ў €7, кубачак пончыкаў — у €3.

Вітаем вясну! Eisva mudu abudu!