Мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі і ЕС змяняе сваю прыроду. Перамога «камітэтчыкаў»?

Вядомы сацыёлаг Генадзь Коршунаў аналізуе міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і ЕС, які, нягледзячы на зніжэнне да яго ўвагі, не заканчваецца. Але ў ім ёсць цікавы трэнд адносна Літвы: пры агульным росце атак мяжы на літоўскім напрамку — зацішша.

00ef0000_0a00_0242_8fd0_08d9add59ed0_w1200_r1.avif

Літаральна месяц таму, на мяжы студзеня і лютага сёлетняга года, і беларускія медыі, і памежнікі ў суседскіх краінах адзначалі выключную з’яву — ніводзін мігрант не спрабаваў незаконна перасекчы межы краін Еўрасаюза з тэрыторыі Беларусі. Прычым сітуацыя доўжылася аж восем дзён запар — неймаверны выпадак за апошнія гады, амаль цуд. Але цуду не адбылося.

У лютым колькасць спроб нелегальна перасекчы заходнюю і паўночныя межы Беларусі павялічылася ў разы. Назіранне паказвае, што і цяпер гэтая колькасць толькі расце, прычым імкліва — амаль кожны тыдзень лічба такіх спроб стала большай у два-тры разы. У выніку цягам мінулага месяца тыднёвая сума такіх пераходаў узрасла больш чым у дваццаць разоў (з 17 у першы тыдзень лютага да амаль 400 у перыяд ад 26-га лютага да 3-га сакавіка).

Па-ранейшаму асноўнымі мэтамі мігранцкіх хваляў застаюцца Польшча і Латвія. Літва, якая да Заходняй Еўропы знаходзіцца бліжэй за Латвію і мае значна даўжэйшую мяжу (увогуле, беларуска-літоўская мяжа — самая вялікая ў Беларусі з краінамі ЕС), — фактычна па-за ўвагай нелегальных мігрантаў. Каля дзесяці спробаў перасячы яе мяжу цягам тыдня — проста непараўнальныя з некалькімі дзясяткамі на беларуска-латвійскай і трыма сотнямі — на беларуска-польскай межах.

Раней выказвалася меркаванне, што рэжым у Беларусі менавіта такім чынам вызначае напрамкі мігранцкіх хваляў (абмінаючы Літву), бо разлічвае атрымаць пэўныя бенефіты, кшталту «незаўважанай» літоўскім бокам кантрабанды, якая ідзе з Беларусі. Мы не адмаўляемся ад гэтай гіпотэзы, тым больш што і літоўцы час ад часу кажуць пра неабходнасць рэагаваць на кантрабандысцкія захады ўладаў Беларусі, і на спробы рэжыму абысці санкцыі.

Але нельга не звярнуць увагі на яшчэ адзін нюанс. Не хочацца перабольшваць здольнасці рэжымных сілавікоў у стратэгічным мысленні, аднак ці не можа такое вызваленне літоўскіх межаў ад мігрантаў з Азіі мець яшчэ і дадатковую мэту: перанакіраваць увагу літоўскага грамадства на ўцекачоў з Беларусі?

Тут прыцягвае цікавасць дзіўнае супадзенне дзвюх фактаў. Па-першае, гэта ўздым у літоўскай інфапрасторы тэмы беларускага «літвінізму», а па-другое, — запрашэнне ў Беларусь рэшткаў ПВК «Вагнер», сумесныя беларуска-вагнераўскія «вучэнні» ды развагі аб іх высоўванні ў напрамку Сувалкаўскага калідора.

Апошнія падзеі адбываліся ў чэрвені-ліпені мінулага года, а інфармацыя аб «літвінізме» пачала пашырацца ўжо з пачатку жніўня.

Зразумела, на 100% тут нічога сцвярджаць нельга. Можа, і сапраўды Літва адчувае пагрозу з боку дзясяткаў тысяч беларусаў, значная частка якіх запаўняе вольныя нішы на літоўскім рынку працы. Але калі тэма «літвінізму» ўсё ж такі ініцыяваная і раздзімаецца з падачы беларускіх і расійскіх сілавікоў, то гэтую аперацыю сапраўды варта прызнаць перамогай камітэтчыкаў.

У літоўскай прасторы мігранцкі крызіс цалкам змяніў сваю прыроду: галоўную пагрозу цяпер ствараюць не мігранты на межах, а беларускія ўцекачы ўнутры краіны.

І калі наконт справаў унутры Літвы нешта спрагназаваць цяжка, то адносна будучай дынамікі на межах Беларусі з краінамі ЕС сумневаў няма. Абапіраючыся на мінулагоднія звесткі, можна ўпэўнена прагназаваць, што ў сакавіку нас чакае яшчэ больш спробаў нелегальнага пераходу межаў. У сакавіку 2022-га года іх было больш за 2600, а ў гэтым жа месяцы 2023-га — больш за 3400.

Калі лютаўскія трэнды захаваюцца і ў гэтым месяцы, то на яго канец можа атрымацца чарговы веснавы рэкорд — нешта блізу 5000 спробаў «атакаваць» межы Беларусі з краінамі ЕС. Асноўны ўдар, хутчэй за ўсё, прыйдзецца на Польшчу і Латвію. 

А на беларуска-літоўскай мяжы варта чакаць працяг штылю (чэргі на памежных пераходах, вядома, ва ўлік не ідуць).

Глядзіце таксама