З Літвы высылаюць «непажаданых» беларусаў

Хтосьці з іх мае прарасійскія погляды, а хтосьці не можа даказаць свой удзел у прадэмакратычных сілах.

_belarus_paszpart_dakumenty_zyccjo_2023_fota_novy_czas_logo.jpg

Беларуска, якая выйшла замуж за літоўца і жыве ў Літве 12 гадоў, сцвярджае, што яе пазбавілі сталага віду на жыхарства. Прычына банальная: яе папрасілі ў анкеце адказаць на пытанне, якой краіне належыць Крым: Расіі ці Украіне, — яна адказала «Расіі», паведамляе літоўскі партал «Delfi».

Людміла Жданюк жыве з мужам у Друскінінкайскім раёне, у Мічунаі, аднак пастаянна ездзіць на радзіму ў Гродна да хворай мамы і «цалкам падтрымлівае дзеянні Расіі». Цяпер жанчына абураная тым, што яе пазбавілі віду на жыхарства ў Літве.

Людміла расказала пракрамлёўскім СМІ, што ў канцы 2023 года яна спрабавала падоўжыць свой від на жыхарства ў Літве, яе папрасілі запоўніць анкету.

У анкеце былі мае асабістыя даныя. У канцы — некалькі пытанняў. Першае гучала так: "Ці падтрымліваеце Вы ўварванне Расіі ва Украіну?", і варыянты адказу — "Так" ці "Не". Прамежкавых варыянтаў няма. Другое пытанне: "Чый Крым?", варыянты адказу — "Расіі" ці "Украіны". Я спачатку адмовілася запаўняць анкету, але мне сказалі, што без яе не прымуць заяву. Я запоўніла, напісала, што Крым належыць Расіі», — расказала Людміла. Пазней з ёю двойчы звязаліся прадстаўнікі Дэпартамента міграцыі, прасілі ўдакладніць адказ.


Глядзіце таксама

«Затым мне паведамілі, што мае даныя выслалі ў нейкі міжнародны суд. З 15 лістапада рашэння няма, віду на жыхарства таксама няма», – абуралася беларуска. Жданюк пакуль можа знаходзіцца ў Літве, таму што атрымала візу на паўгода — да ліпеня. Аднак надзеі на атрыманне віду на жыхарства ў яе няма, асабліва пасля яе публічных выступаў.

Яе муж Данатас Бернатоніс у падобным ключы даў інтэрв'ю «Белта», 29 лютага з'явіўся артыкул пад назвай «Развальваюць сем'і».

«Сям'я распадаецца. Цяпер мне давядзецца коламі ездзіць. Тут было 36 км — і я з'ездзіў з дому ў дом. Цяпер трэба ехаць 300 км. Гэта абсурд. Так нельга рабіць. Як я магу гэта ацэньваць? Толькі негатыўна», — сказаў ён.

Нядаўна быў скасаваны від на жыхарства беларуса, які абражаў Літву і літоўцаў, праўда, віду на жыхарства яго пазбавілі за тое, што ён парушыў правілы — указаў, што працаваў у аднаго працадаўцы, а на самой справе працаваў у іншым месцы.


Глядзіце таксама

З іншага боку, актывіст «Народнай Грамады»Мікіта выйграў суд супраць Дэпартамента міграцыі Літвы, які адмовіў яму ў атрыманні статусу бежанца. Маладому чалавеку пагражала дэпартацыя ў Беларусь. На некаторы час ён быў нават затрыманы і змешчаны ў лагер для бежанцаў да вырашэння свайго пытання. Дэпартамент не бачыў падстаў для надання Мікіту такога стасусу, пераслед у Беларусі прыйшлося даказваць у судзе. Для таго, каб пазбегнуць прымусовай высылкі беларуса на радзіму, да справы падключыўся нават Еўрапейскі суд па правах чалавека, піша «Радыё Ўнэт». Але ў мужчыны няма ўпэўненасці, што нават ЕСПЧ неяк зменіць сітуацыю:

— У цэлым я бы хацеў сказаць, што мая сітуацыя не адзінкавая, у мяне ёсць знаёмыя, якія маюць падобныя праблемы. Добра, што мы гэтую тэму ўзнялі і зараз яе трэба працягваць. Я не разумею, чаму да беларусаў так ставяцца: калі мы знаходзімся тут, гэта і паказвае, што мы супраць рэжыму у Беларусі, што ён нас пераследуе, а ад нас спрабуюць адмежавацца нейкай сцяной.