Для Літвы беларусы ўжо не коцікі

Усё больш гучнымі ў Літве становяцца галасы, якія патрабуюць кантраляваць і абмяжоўваць міграцыю беларусаў. Праз гэта на беларуска-літоўскай мяжы ўтвараюцца вялікія чэргі. LTR.lt пабывала там.

800px_belarus_litva.png

Некаторыя эксперты сцвярджаюць, што літоўскія дзяржаўныя органы не ў стане належным чынам правяраць замежнікаў, якія ўязджаюць у краіну. «Радыё ЛРТ» пабывала на памежным пункце «Медзінінкай», размешчаным недалёка ад Вільні. Тут кіроўцы грузавікоў, якія працуюць у Літве, чакаюць уезду ў Беларусь. Яны адкрыта кажуць, што не бачаць вайны ва Украіне, і абураныя тым, што доўгія чэргі на літоўскай мяжы ствараюцца штучна.

Эвеліна Гудзінскайце, кіраўніца Дэпартамента міграцыі, кажа, што прысутнасць у Літве такіх абыякавых да вайны работнікаў з трэціх краін — гэта «трывожная навіна», і шкадуе, што такія людзі выслізгваюць з поля зроку дэпартамента.

«Мы не бачым вайны»

«Радыё ЛРТ» паразмаўляла з кіроўцамі грузавікоў, якія чакаюць уезду ў Беларусь на памежным пункце «Медзінінкай». Беларусы, якія працуюць у Літве, адкрыта кажуць, што зарабляюць грошы ў Літве і не бачаць вайны ва Украіне.

«Маё палітычнае меркаванне такое: мне цяпер зручна, што я магу зарабляць грошы ў Літве, а мая сям'я на гэтыя грошы можа жыць у Беларусі. Мая сям'я не можа жыць у Літве на гэтыя грошы, але можа жыць у Беларусі. Гэта палітыка. Мы не бачым вайны, мы яе не заўважаем. (...) Яе няма, таму што ніхто яе не бачыць і ніхто пра яе не гаворыць», — кажа адзін з дальнабойшчыкаў.

«Я не ведаю, чаму так доўга правяраюць. Я стаю ў чарзе, мне за гэта плацяць. Гэта не я руйную вашу эканоміку, гэта ваша мытня разбурае вашу эканоміку. Тое, што я раней рабіў за тыдзень, я раблю за два тыдні. Вось што я вам скажу: у чым прычына напружанасці? Вы проста не бачылі, што адбываецца ва Украіне. Хто да каго лепш ставіцца? Я магу сказаць вам, як ставяцца да ўкраінцаў у Расіі. Яны там нікому не цікавыя», — выказвае сваё меркаванне іншы беларус.

«Мы стараемся не заўважаць усяго, што адбываецца вакол. Чэргі павялічыліся не праз вайну ва Украіне, як яны кажуць, а таму, што праца памежнікаў стала больш павольнай. Чэргі штучныя, машыны правяраюць дбайней, ды і санкцыі ў нейкай ступені запавольваюць працу. Усё добра, спакойна, мірна, тут не ідзе вайна, няма геапалітычных сітуацый. Дзеці ходзяць у школу, бензін танны, праца ёсць. Тут усё было добра, тут усё добра. І мы добра працуем з Калінінградам, яны нас добра прымаюць. У Калінінград я магу трапіць вельмі хутка, а назад у Літву мне даводзіцца стаяць у чарзе. Як вы можаце працаваць?» — кажа трэці кіроўца.


Глядзіце таксама

Аднак адзін з беларусаў, апытаных «Радыё ЛРТ» на мяжы, прытрымліваецца іншага меркавання, чым яго суайчыннікі.

«Я не адчуваю сябе добра ў Беларусі. Там шмат не пагаворыш, бо ведаеш, чым усё скончыцца. Я б хацеў жыць у міры, без вайны. Гэтая вайна нікому не патрэбная. Людзі пакутуюць. Мне шкада людзей. Натуральна, гэтая вайна ўсё змяніла. Раней усё было прасцей. Гэтая вайна ўсё змяніла. Вы самі бачыце, што межы закрытыя не проста так.

Я хачу, каб усё скончылася мірна. Вядома, калі мы размаўляем з кіроўцамі з Калінінграда, калінінградцы гарлапаняць, што Расія мае рацыю, а вось меркаванне казахаў неяк адрозніваецца», — кажа мужчына.

«Гэта трывожыць»

Рэагуючы на выказванні беларусаў, якія працуюць у Літве, кіраўніца Дэпартамента міграцыі Гудзінскайце сказала, што абыякавасць да вайны ва Украіне жыхароў Беларусі выклікае сур'ёзную трывогу.

«Я б не сказала, што гэта людзі, якія абавязкова падтрымліваюць вайну. З гэтых інтэрв'ю ясна, што гэта абыякавыя людзі, якім проста абыякавая палітыка і трэба проста зарабляць грошы. Вядома, трывожна, што такіх людзей так шмат», — сказала яна.

Паводле слоў Гудзінскайце, хоць перад атрыманнем віду на жыхарства і дазволу на працу ў Літве беларускім грамадзянам даюць запоўніць анкету, у якой іх просяць паказаць сваё стаўленне да вайны ва Украіне, відавочна, што адказы, якія яны пішуць, не заўсёды адлюстроўваюць іх пазіцыю ў рэальнасці.

«Некаторых беларусаў, на жаль, інструктуюць, як правільна адказваць, каб яны правільна ставілі птушачкі, і таму, так, некаторыя з іх сапраўды выслізгваюць ад нас», — кажа кіраўніца Дэпартамента міграцыі.

Паводле яе слоў, на пачатак гэтага месяца ў Літве пражывала 224 800 замежных грамадзян, з якіх 62 474 — беларусы. Паводле статыстыкі, апошнім часам з Беларусі прыбывае менш людзей.

«За апошнія некалькі месяцаў колькасць беларускіх грамадзян, якія прыязджаюць у Літву, трохі зменшылася, а тэмпы павелічэння колькасці беларускіх грамадзян у Літве трохі замарудзіліся, калі параўноўваць з пачаткам мінулага года», — кажа спецыялістка.

Адказваючы на пытанне пра прычыны гэтага, кіраўніца міграцыйнага ведамства спасылаецца як на пастаянныя праверкі пры ўездзе, так і на змяненне палітыкі бізнесу.

«Я думаю, [гэта] звязана з усёй абстаноўкай і з тым, што бізнес, перш за ўсё, пераарыентуецца. Ён пачынае запрашаць усё больш працоўнай сілы з іншых краін, якія не ўяўляюць такіх высокіх рызык — гэта Узбекістан, Кыргызстан, Казахстан.

Іншая справа, вядома, праверкі, якія праводзіць Дэпартамент міграцыі сумесна з Дэпартаментам дзяржаўнай бяспекі. Я думаю, што [яны] таксама адсейваюць і адпужваюць некаторых беларускіх грамадзян», — кажа Гудзінскайце.


Глядзіце таксама

Хоць ёсць меркаванні, што беларускія грамадзяне сапраўды заязджаюць у Літву без усялякіх праверак, яна з гэтым не згодная.

«Усё роўна ёсць рызыка, што не ўсё будзе выяўлена, але праверкі працягваюцца. Не выключана, што від на жыхарства будзе выдадзены, але потым ануляваны. Такое ўжо здаралася», — кажа яна.

Паводле даных службы занятасці, найбольшы попыт на работнікаў з трэціх краін назіраецца ў транспартным сектары. На думку Крысціны Крупавічэне, кіраўніцы прафсаюза «Solidarumas», яны павінны праходзіць больш строгую праверку перад прыёмам на працу.

«Мы самі ўзнялі гэтае пытанне нацыянальнай бяспекі, таму што, калі мы не будзем цалкам яго кантраляваць, мы сапраўды не ведаем, хто прыязджае ў Літву, асабліва з тых краін, дзе ў нас сёння праблемы. Ёсць вайна ва Украіне, ёсць напружаныя адносіны з Беларуссю, няма адносінаў з Расіяй, і вельмі шмат людзей прыязджае сёння з гэтых посткамуністычных краін — Кыргызстана, Таджыкістана, Казахстана і гэтак далей. Але гэтую міграцыю трэба кантраляваць», — кажа яна..

Строгія праверкі

Павілас Дрыжас, кіраўнік «Міжнароднага альянсу транспарту і лагістыкі», кажа, што грамадзяне трэціх краін ужо падвяргаюцца строгім праверкам.

«У кампаніях гавораць, што правяраюць супрацоўнікаў, якія ўжо прайшлі шэнгенскую праверку, што ўжываецца дзяржавай. (...) Мы глядзім на ўсё, пачынаючы з профіляў ў Facebook і заканчваючы гісторыяй працы чалавека. Праглядаецца ўсё яго рэзюмэ, правяраюцца папярэднія працадаўцы.

Бываюць выпадкі, калі профіль чалавека паказвае, што ён публікуе і якія яго погляды. Ужо ёсць сігналы, калі кампаніі кажуць: мы не хочам, каб гэты чалавек працаваў у нас, таму што, крый божа, мы ўбачым, што ён ездзіць па Еўропе са сцягам або выявай на лабавым шкле», — кажа Дрыжас.

У сваю чаргу, эксперт па інфармацыйных войнах Індрэ Варэйкіце кажа, што нават Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) не ў стане адэкватна правяраць усіх замежнікаў, якія прыбываюць.


Глядзіце таксама

«З пачаткам вайны і беспарадкаў у Беларусі мы назіраем вельмі вялікую плынь людзей, якія прыбываюць. Праблема ў тым, што, незалежна ад таго, колькі людзей і рэсурсаў у ДДБ будзе для належнай праверкі такога патоку, я з цяжкасцю ўяўляю сабе, як гэтага можна дамагчыся ў рэальнасці.

Актуальнае пытанне: як нам быць з вайной? У выпадку вайны мы ўзмоцнім абарону краіны або будзем паводзіць сябе так, як быццам гэта звычайны год, як быццам гэта звычайная руціна?

Мне здаецца, што, перш чым патрабаваць большай адказнасці ад праваахоўных органаў, трэба крыху палітычнай волі і рашэнняў палітыкаў аб тым, ці сапраўды нармальна, што міграцыя з Беларусі не мае абмежаванняў. (...) Ну, вядома, Літва не можа закрыць гуманітарныя візы, але ці павінна яна прымаць усіх ахвотных прыехаць?» — задаецца пытаннем Варэйкіце.