«Што Пуцін, што Лукашэнка пакутуюць на манію велічы, а пакутуюць ад іх маніі звычайныя людзі»

Пісьменніца Ганна Златкоўская напісала для «Delfi» тэкст пра тое, хто насамрэч падзяляе цяпер беларусаў і літоўцаў і каму гэта выгадна.

_litva_vilnja_horad_fota_novy_czas__5__logo.jpg

У Літве перыядычна ўсплываюць дзіўныя і вельмі агрэсіўныя выпады нібыта з боку беларусаў. «Літвінізм», «Вільня наша», пасыл адзін — кшталту як забраць сабе гісторыю і тэрыторыю Вільні (Літвы?), увогуле, відавочнае трызненне. І не хацелася б нават на гэта рэагаваць, але немагчыма, бо на гэтае трызненне востра рэагуюць літоўскія СМІ і, адпаведна, літоўцы, і некаторыя, мабыць, вераць гэтым адыёзным выказванням. Калі я і мае сябры чуем такія опусы, адразу разумеем: справа рук лукашэнкаўскіх таварышаў. Аніводнаму нармальнаму палітычнаму ўцекачу з Беларусі не прыйдзе ў галаву гарлапаніць у бары «Вільня наша!». Ні адзін нармальны беларус не замахваецца на горад, хіба што згадае гісторыю ВКЛ ці Рэчы Паспалітай да яе трэцяга падзелу, там яшчэ не было Лукашэнкі — залаты час, што тут скажаш.

Неяк у гутарцы са сваім майстрам па валасах (яна літоўка) абмяркоўваючы якраз гісторыю і балючыя моманты, на якія і рэагуе мясцовая супольнасць, я сказала: наогул вялікае шчасце, што Вільня —  літоўскі горад. Бо калі б ён быў часткай цяперашняй Беларусі, то рэжым дыктатара разбурыў усё тое прыгожае, што ёсць у сталіцы. Як зрабіў і робіць гэта з Мінскам, знішчаючы гістарычныя будынкі, забудоўваючы цэнтр велічэзнымі вырадкамі са шкла і бетону, высякаючы дрэвы і выбрываючы Мінск да чысценькага вылізанага маналіту.

Не падабаецца рэжыму Лукашэнкі, што беларусы, якія ўцякаюць ад пераследу, не грызуць зямлю на чужыне, не просяць міласці ля сцен храмаў, не лаюць мясцовыя ўлады і чамусьці ўсмешлівыя і расслабленыя, калі эміграцыя абавязвае пакутаваць. Ды яшчэ тыя самыя мясцовыя ўлады ўсяляк дапамагаюць палітуцекачам асвоіцца, інтэгравацца і не моцна сумаваць.


Глядзіце таксама

Сутыкаючыся з некаторымі літоўцамі, я бачу шмат эмпатыі і спагады да нашай сённяшняй бяды. Бачу, што ўжо ёсць разуменне аб падзеле беларускага грамадства — на тых, хто падтрымлівае дыктатуру і на тых, хто не. Нам самім не падабаецца, што ўвесь час даводзіцца апраўдвацца за тых, хто патурае рэжыму, пакланяецца яму, лічачы, што толькі пры моцным гаспадары ў асобе Рыгоравіча Беларусь стане квітнеючай. Жабрацкія пенсіі, высокія цэны на прадукты, беззаконне і рэпрэсіі для іх не праблема. Гэты беларус прывык трываць і маўчаць пра свае праблемы, абы не было вайны — гэты маніфест жывы і цяпер, вайна ва Украіне для іх ідзе фонам, яны ў яе не вераць, на жаль, нам таксама ад гэтага балюча.

Але ж ёсць яшчэ беларусы, якія ніколі не падтрымлівалі рэжым за ўвесь час яго існавання. Мы спрабавалі зноў у 2020-м выказаць сваё «не», хай без гвалту і агрэсіі, але нават гэта лепш, чым пакорлівае маўчанне. За гэтае «не» беларусы атрымліваюць велізарныя тэрміны ў турмах, бягуць у чужыя краіны, кідаючы свае дамы, ледзь прыхапіўшы ніжнюю бялізну ды зубную шчотку.

Калі пачалася вайна ва Украіне, а рэпрэсіі ўжо на ўсю моц перамолвалі лёсы людзей, беларусы зноў-ткі выйшлі на вуліцы, рэальна разумеючы, што ім пагражае. Тады агулам затрымалі больш за паўтары тысячы чалавек. Іх збівалі і мучылі. Пра прастраляныя калені і пісаць страшна. Вядома, рэжыму не падабаецца, што ніяк не атрымліваецца прымусіць усіх сябе палюбіць. Калі камусьці ўдаецца збегчы ад пераследу за мяжу, «лукашысты» радасна паціраюць ручкі: ага, маўляў, цяпер зразумеюць, як гэта — пажыць у «загніваючай Еўропе» і папросяцца слёзна дадому, а яны яшчэ падумаюць, пускаць назад ці не. Нават цэлыя камісіі па вяртанні зрабілі, рэальна мяркуючы, што хтосьці з тых, хто пабываў на Акрэсціна/Валадарцы/калоніі або ўцёк ад знаходжання там, пакаяцца, молячы аб вяртанні.

Іх бяда ў тым, што яны сапраўды вераць у жудасную Еўропу, у якой не хапае грэчкі і солі, кватэры зімой не ацяпляюцца і ўсе, увогуле, мараць вярнуцца ў Савецкі Саюз. Каб ежа па талонах, боты — у спекулянтаў, лячэнне — бясплатнае і выключна айчыннымі прэпаратамі. На жаль, прапаганда прамывае мазгі. На жаль, нават некаторыя мае знаёмыя (тыя, хто застаўся жыць у Беларусі) сталі верыць, што ў нас тут парады СС-авечак, мы спім зімой у футрах і вельмі бедна харчуемся. Мае сторыз у Instagram з прасека і ікрой іх чамусьці ў адваротным не пераконваюць.

Так вернемся да агрэсіўных выпадаў. На мой погляд, відавочна, што гэта справа рук слуг Лукашэнкі, толькі ім выгадна пасварыць паміж сабой беларусаў і літоўцаў, крыўдна ім, што «збеглыя» (як яны нас называюць) не толькі жывуць без страху і зневажанняў, але яшчэ гавораць праўду пра крывавы рэжым. Крыўдна, што Захад не прызнае Лукашэнку, а вось Святлану Ціханоўскую вітае. Крыўдна, што мы калі і хочам вярнуцца дадому, то ў Беларусь без выродлівай сістэмы, калі трошкі не да законаў і можна кожнага грамадзяніна адправіць за краты, падкінуўшы яму бчб-сцяг або праверыўшы яго сацыяльныя сеткі, дзе «лайк» паставіў не туды, Бывай, свабода.


Глядзіце таксама

Вось і імкнуцца яны ўнесці смуту, гуляючы на нервах нацыянальнай ідэі з абавязковым правам замаху на нейкае гістарычнае права. Што Пуцін, што Лукашэнка пакутуюць на манію велічы, а пакутуюць ад іх маніі звычайныя людзі. Але ж мы таксама маем права не паддавацца на правакацыі. Я не ведаю, наколькі важны мой голас, не магу адказваць за ўсіх беларусаў, якія жывуць у Літве. Але я б хацела, каб мае літоўскія сябры і знаёмыя ведалі: Літва — не Беларусь. Любая гісторыя развіваецца наперад, у гэтым сэнс жыцця. Нам падабаецца, што ў нас ёсць нешта агульнае. Але мы дакладна разумеем цяперашнія межы, інакш і не перасякалі б іх з надзеяй на свабоду. Я яе як ніколі адчуваю, і менавіта таму, што Вільня — еўрапейскі горад. Гэта мой другі дом. Але ніяк не той дом, які я нібыта павінна сабе вярнуць.

Спадзяюся, што мой нясмелы голас хоць трохі дапаможа зразумець, наколькі моташна ад чарговых правакацый і што нам важна трымаць цвёрдую пазіцыю, не лічачы палітуцекачоў ворагамі, бо калі гэта здарыцца, рэжым зноў перамог у сваёй гнюснай і бруднай вайне супраць свабоды.