Трампаўскі ізаляцыянізм
На думку экспертаў, выбарчыя заявы Дональда Трампа па пытаннях знешняй палітыкі пасуюць дактрыне амерыканскага ізаляцыянізму. Але што сабой уяўляе сучасны амерыканскі ізаляцыянізм?
Феномен сучаснага амерыканскага ізаляцыянізму даволі незвычайны, паколькі пасля Другой сусветнай вайны гэты накірунак у палітычных дэбатах практычна знік або значна маргіналізаваўся. Гэта трошкі дзіўна, калі ўзгадаць, што практычна да 1941 года большасць палітыкаў ЗША сцвярджалі, што неўмяшанне ў міжнародныя справы гарантуе краіне шанец застацца выспай бяспекі і росквіту. Так ці інакш, у часы супрацьстаяння Захаду з СССР у амерыканскім грамадстве паўстаў кансенсус адносна неабходнасці актыўнай пазіцыі Злучаных Штатаў у свеце. ЗША лічыліся фарпостам усёй заходняй дэмакратыі.
Крах СССР і Варшаўскага блоку не астудзіў аматараў актыўнай знешняй палітыкі, а наадварот, папоўніў іх арсенал новымі аргументамі. Паколькі камуністычны блок знік, ЗША, на думку шмат каго, павінны былі ператварыцца ў абсалютнага гаранта глабальнай бяспекі. Такая ўстаноўка асабліва не аспрэчвалася і самімі амерыканцамі — літаральна да сярэдзіны нулявых, калі стала відавочна, што ў Іраку і Афганістане амерыканская вайскова-палітычная місія не мела вынікаў. Наадварот, вайна там зацягнулася. Акрамя таго, стаў папулярны тэзіс пра тое, што замежныя аперацыі Дзядзькі Сэма правакуюць хвалі імігрантаў, якія атакуюць Злучаныя Штаты, імпартуючы тэрарызм.
Перад пачаткам прэзідэнцкай выбарчай кампаніі праз сірыйскае пытанне падобныя настроі сталі ў грамадстве мейнстрымам. Праект адпраўкі жаўнераў у Сірыю выклікаў шквал пратэстаў, якія больш-менш аформіліся ў наступнае патрабаванне да кандыдатаў: ЗША павінны ўжываць зброю за мяжой выключна ў выпадку пагрозы нацыянальным інтарэсам і даць іншым краінам права самім вырашаць свой лёс.
Адразу вырас інтарэс да тэзаў акадэмікаў і палітолагаў накшталт Стывена Уолта, якія лічылі памылковымі шэраг знешнепалітычных акцый ЗША ў ХХІ стагоддзі, у тым ліку пашырэнне блоку NАТО на Усход. У сваіх публікацыях яны сцвярджалі, што Злучаныя Штаты і Захад не маюць ані кадравых, ані інтэлектуальных рэсурсаў, каб кантраляваць увесь свет. Працяг цяперашняй палітыкі прывядзе, на іх думку, да бессэнсоўных ахвяр і эканамічнага краху краіны. У якасці альтэрнатывы прапануецца стварэнне новага міжнароднага парадку. Роля Злучаных Штатаў у новай сістэме міжнародных адносін павінна выяўляцца ў падтрымцы міжнароднага балансу сіл і пагроз.
Сфармавалася ў ізаляцыяністаў і сваё палітычнае лобі ў выглядзе фракцыі рэспубліканцаў, дзе заўжды была невялікая групоўка крытыкаў актыўнай ролі МЗС. Найбольш яскравы яе персанаж — кангрэсмен Рон Пол, які асудзіў інтэрвенцыі NАТО ў Афганістан і Ірак.
Праўда, у выніку на выбарах 2016-га кумірам ізаляцыяністаў стаў не Рон Пол, а Дональд Трамп. Менавіта Трамп здолеў аб’яднаць знешнепалітычнае пытанне з актуальнымі для кожнага эканамічнымі праблемамі. Фрустрацыя наконт знешняй палітыкі дапаўняецца расчараваннем у цяперашняй эканамічнай мадэлі, якая спрыяе вываду вытворчасці са Злучаных Штатаў за мяжу, павялічваючы такім чынам рост беспрацоўя. Адсюль — папулярнасць ідэі большай эканамічнай ізаляцыі ЗША, што, быццам бы, дапаможа рэіндустрыялізацыі, справакуе ўнутраны попыт і, адпаведна, вырашыць праблему беспрацоўя. Падобны рэцэпт і прапанаваў Трамп падчас кампаніі.
Сёння, пасля перамогі, ён мае магчымасць рэалізаваць праграму ізаляцыяністаў. Для гэтага спатрэбіцца зрабіць шэраг радыкальных крокаў. Той жа Уолт лічыць, што структурная перабудова знешняй палітыкі ЗША вымагае, сярод іншага, адмовы ад цяперашніх маштабаў падтрымкі Ізраіля, спрыянне разбудове Палесціны, пазбаўленне Саудаўскай Аравіі статусу стратэгічнага саюзніка Злучаных Штатаў. Што тычыцца Усходняй Еўропы, то Уолт раіць ператварыць Украіну ў нейтральную буферную дзяржаву і замарозіць крымскае пытанне.
Наколькі новы гаспадар Белага дому можа на практыцы рэалізаваць ізаляцыянісцкія дактрыны? Акрамя рашучасці, патрэбны кампраміс з заканадаўцамі, а стаўленне да асобы Трампа супярэчлівае нават сярод аднапартыйцаў. Шмат што залежыць ад персанальнага складу адміністрацыі. І тут не выключана, што ў атачэнні Трампа будуць весці рэй не ізаляцыяністы, а, наадварот, ястрабы накшталт Джона Болтана — аднаго з ідэолагаў вайны ў Іраку. І самае інтрыгуючае пытанне — а ці сапраўды патрэбны Трампу той ізаляцыянізм? Не выключана, што крытыка дыпламатыі Абамы спатрэбілася яму толькі для таго, каб стаць сваім у вачах электарату.
У сувязі з гэтым часопіс «Neesweek» прапануе разглядаць тры версіі магчымай дыпламатыі Трампа. Па першай версіі, новы прэзідэнт можа паспрабаваць ажыццявіць формулу ізаляцыяністаў — America First (Амерыка перш за ўсё). На выхадзе мы станем сведкамі паслаблення інтарэсу ЗША да сітуацыі на Блізкім Усходзе і пацяплення адносін з Пуціным. Тады Амерыку чакае серыя гандлёвых і тарыфных войнаў. Час ад часу для падтрымкі рэйтынгу Трамп будзе жорстка абмяжоўваць міграцыйныя квоты.
У выпадку другога варыянту, калі ў Белы дом прыйдзе той жа Болтан, Злучаныя Штаты захаваюць цяперашні нацягнуты фармат адносін з Расіяй, дакладна ўцягнуцца ў канфлікт з Кітаем за кантроль над акваторыяй Ціхага Акіяну. Аднак адкрытай канфрантацыі не будзе. Каб прадэманстраваць, хто ў доме гаспадар, Трамп можа пайсці на вайну з Паўночнай Карэяй.
«Newsweek» таксама не выключае яшчэ адну версію: Трамп увогуле не будзе цікавіцца замежнымі справамі і перакладзе гэты накірунак на бюракратаў, якія, у сваю чаргу, будуць намагацца асабліва не праяўляць ініцыятыву. І Белы дом працягне курс адміністрацыі Абамы.