Андрэй Вардамацкі пра аналогію між выбарамі ў ЗША і Беларусі

Вострая выбарчая рыторыка, абяцанні пасадзіць карупцыянераў. Ці сапраўды Дональд Трамп мае нешта супольнае з Аляксандрам Лукашэнкам?

Фота tyt.by

Фота tyt.by


Падабенства сёлетніх выбараў у ЗША і першых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ашаламляе, гаворыць у каментары для “Радыё Рацыя” выкладчык сацыялогіі ў Варшаўскім Універсітэце Андрэй Вардамацкі.

— Ёсць дастаткова агульных рысаў, якія дазваляюць гаварыць пра падабенства выбараў, якія адбыліся цяпер у Злучаных Штатах Амерыкі, і тых выбараў, якія былі ў Рэспубліцы Беларусь у 1994 годзе, — адзначыў Андрэй Вардамацкі. — З сацыялагічнага пункта гледжання можна гаварыць пра падабенства структуры электарату Лукашэнкі і Трампа. За Трампа галасавалі людзі старэйшага ўзросту, з меншым узроўнем адукацыі. У вялікіх гарадах галасавалі пераважна за Клінтан — гэта такое падабенства сацыяльна-дэмаграфічнае структуры электарату ў Трампа і Лукашэнкі.

Вы гаворыце, што тыя самыя групы грамадства галасавалі за Лукашэнку і за Трампа. А калі мы паглядзім на матывы галасавання, ці можам мы тут знайсці аналогіі?

— Андрэй Вардамацкі: Тут таксама можна гаварыць пра поўную аналогію, якая заключаецца ў тым, што матывацыя галасавання ў 1994 годзе была прагаласаваць не толькі “за”, але і “супраць”, у прыватнасці супраць Кебіча, які асацыяваўся са старой камуністычнай сістэмай, і ён быў яе сімвалам. Аналагічна ў Злучаных Штатах Клінтан з’яўлялася сімвалам амерыканскага істэблішменту, і такім чынам матывацыя галасавання была не толькі “за” Трампа, але і “супраць” Клінтан.

Хілары Клінтан сапраўды падтрымліваў істэблішмент, буйная прэса выступала за яе, вялікія зоркі, але ўсё ж такі яна прайграла.

— У сэнсе паводзінаў медыя таксама ёсць аналогія. У 1994 годзе практычна ўсе галоўныя сродкі масавай інфармацыі былі на баку Кебіча, але атрымаўся такі эфект негатыўнай адаптацыі. Пазітыўная інфармацыя пра Кебіча ўспрымалася як негатыўная, і негатыўная інфармацыя пра Лукашэнку ўспрымалася людзьмі як пазітыўная. Тое самае адбылося ў Злучаных Штатах. Пераважная колькасць у сродках масавай інфармацыі была зарыентавана на карысць Клінтан, але гэтая закумаляваная праца абярнулася супраць яе.

Падсумоўваючы, ці можна сказаць, што людзі галасавалі супраць г.зв. “старой сістэмы”, і па сутнасці беларускі народ у 1994 годзе, гэтак і амерыканскі народ сёлета, кіраваліся агульнымі матывацыямі, былі падобныя механізмы?

— Не ўжываў бы слова “народ”, не гаварыў бы так шырока — гэта занадта смела. Але існуе дастатковая колькасць рысаў, гледзячы на якія мы можам сказаць, што ёсць вельмі шырокае падабенства між выбарамі ў Беларусі ў 1994 годзе і выбарамі ў ЗША 2016 года. Галоўнымі параметрамі з’яўляецца падабенства сацыяльных груп, якія галасавалі, падабенства структуры электарату Трампа і Лукашэнкі, падабенства матывацыяў галасаванняў (яна была галоўным чынам “супраць”) і падабенства паводзінаў медыя.

На дадзены момант амерыканскае грамадства расколата прыблізна папалам — адныя падтрымліваюць Трампа, іншыя — не. Калі Дональд Трамп стане дзейным прэзідэнтам, ці можна спрагназаваць, што будзе з яго рэйтынгам, ці пра гэта яшчэ зарана казаць?

— Нічога такога цудоўнага не адбудзецца, пойдзе звыклы працэс паніжэння рэйтынгу, як гэта бывае з усімі. Будзе розніца між абяцаннямі і рэчаіснасцю, і вынікам гэтага будзе паніжэнне рэйтынгу. Гэта натуральна, нічога асабістага — гэта агульны сацыялагічны трэнд. Ведаеце, яшчэ даўно да выбараў у Злучаных Штатах да мяне на лекцыю прыйшоў студэнт, ён прыйшоў упершыню. На перапынку ён сказаў, што прыйшоў да мяне на лекцыю толькі каб задаць адно пытанне: “Што будзе са Злучанымі Штатамі, калі прыйдзе да ўлады Трамп?”. Я яму адказаў проста: “Трамп зменіцца, калі прыйдзе да ўлады”.

 Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя