Трэба забараніць Алімпіяду

У 1936 годзе ў Берліне падпольна дзейнічала група нацыстаў, якія вырашылі сарваць Алімпіяду. На іх думку, правядзенне Гульняў было памылкай Гітлера, бо дазваляла нямецкім яўрэям усталёвываць кантакты з замежнымі выведкамі.

Фота Reuters

Фота Reuters


Алімпійскія гульні — гарачы час не толькі для спартоўцаў і заўзятараў. Менавіта ў гэты час актывізуюцца аматары ідэі забараніць спадчыну барона Кубертэна.
Нават калі Кубертэн толькі агалошваў ідэю адрадзіць Алімпіяду, у яго хапала апанентаў. Напрыклад, спецы ў антычнай гісторыі казалі, што кубертэнаўская схема гульняў — чыстая прафанацыя таго, што было ў Старажытнай Грэцыі. Нягледзячы на тое, што праект барона пазней паспяхова рэалізаваўся, крытыкаў Алімпіяды менш не стала. Наадварот, іх шэрагі растуць. Якія аргументы прыводзяцца аматарамі ідэі «затушыць Алімпійскае полымя»?
Для таго, каб зразумець адмоўную сутнасць Алімпіяды, яе крытыкі часта прапаноўваюць скарыстацца тэкстам твору «Ода спорту», дзе выкладзены асноўныя прынцыпы алімпійскага руху. Супастаўляючы тыя прынцыпы з рэаліямі, можна лёгка выявіць мноства супярэчнасцяў.
Так, устаноўка «О спорт, ты мір», відавочна мала пасуе фактам шматлікіх праяў агрэсіўнага нацыяналізму, без якога не абыходзіцца ніводнае падобнае спаборніцтва. Алімпіяда даўно стала сродкам палітычных дэмаршаў. Самы свежы доказ — допінгавы скандал з расійскай зборнай, які спрыяў эскалацыі міжнароднай напружанасці аж да заклікаў некаторых расійскіх патрыётаў кампенсаваць няўдзел у Рыа бліцкрыгам ва Украіне.
Нельга без іроніі таксама чытаць абзац Оды пад назвай «О, спорт, ты справядлівасць!». Цікава, як ставяцца да яго ахвяры алімпійскіх забудоўшчыкаў? Паводле падлікаў Цэнтра жыллёвых правоў і высялення (COHRE), у межах падрыхтоўкі да Алімпійскіх гульняў з 1988 па 2008 год больш за два мільёны чалавек ва ўсім свеце былі вымушаныя пакінуць свае дамы.
У Рыа на канец 2015 года з-за алімпійскай будоўлі страцілі сваё жыллё 4 120 сем’яў. І гэта яшчэ без уліку тых, хто вымушаны быў з’ехаць з-за росту коштаў на арэнду. Так, у Барселоне напярэдадні Алімпійскіх гульняў 1992-га яны выраслі на 140 працэнтаў.
Хапае адмоўнага ўплыву Алімпіядаў на такія сферы, як экалогія, правы абарыгенаў, гістарычная спадчына... Праўда, трэба прызнаць, што сам Кубертэн не вінаваты. Адкуль больш за сто год таму наіўны барон мог ведаць, што яго задумка ператворыцца ў супербрэнд, на якім зарабляюцца грошы, робіцца палітычнае рэнамэ, праводзяцца бездумныя эксперыменты над арганізмам чалавека.
Так ці інакш, будзе дарэчным пытанне, якое сфармуліраваў адзін з крытыкаў Алімпіядаў:
«Калі МАК не займаецца рэальным прасоўваннем заяўленых ідэалаў, пабудовай міру ва ўсім свеце ці эканамічным акультурваннем гарадоў-гаспадароў Алімпіядаў, ці патрэбны ён увогуле?».
Калі Алімпіяда такая кепская, дык чаму супраць яе няма пратэстаў?
На самай справе, такіх гісторый пратэстаў мноства. У 1976 годзе кааліцыя экалагічных груповак Дэнвера дамаглася правядзення рэферэндуму наконт прыёму ў горадзе зімовай Алімпіяды. У выніку большасць дэнверцаў прагаласавала супраць алімпійскай намінацыі.
Па-іншаму зрабілі актывісты з Амстэрдаму, які падаў заяву на правядзенне Алімпіяды ў 1992-м. Яны наўпрост накіраваліся ў Лазану, дзе прымалася рашэнне пра горад-арганізатар гульняў, і заблакавалі пасяджэнне. Перапужаныя спартовыя чыноўнікі вырашылі аддаць права на Алімпіяду–92 Барселоне.
Ідэя правесці Алімпіяду ў Берліне ў 2000 годзе выклікала сапраўдную партызанку з боку мясцовых анархістаў і эколагаў, якая цягнулася амаль год і часам вылівалася ў адкрыты наўпроставы гвалт, кшталту бомбавых атакаў офісаў банкаў, якія падтрымалі ідэю Алімпіяды.

Фота kprf.ru

Фота kprf.ru


Аднак, думаецца, найбольш на сяброў МАК, якія ў выніку адмовілі Берліну, паўплывала велізарная дэманстрацыя ў дзень іх інспекцыі.
Пратэставалі супраць прыёму Алімпіяды–2016 і ў Бразіліі. Шмат бразільцаў не зразумелі, нашто праводзіць такое дарагое мерапрыемства падчас крызісу.
Чаго не хапае антыалімпійскаму руху — гэта, відавочна, ідэйнага адзінства і яснай альтэрнатывы. Напрыклад, у 1936 годзе ў Берліне падпольна дзейнічала група нацыстаў, якія вырашылі сарваць берлінскую Алімпіяду. На іх думку, правядзенне Гульняў было памылкай Гітлера, бо дазваляла нямецкім яўрэям, незадаволеным палітыкай антысемітызму, усталяваць кантакты з замежнымі выведкамі. Наўрад ці тыя антысеміты знайшлі агульную мову з каталонскімі сацыялістамі, якія ў 1936-м арганізавалі ў Барселоне альтэрнатыўную берлінскай так званую «Народную Алімпіяду».

300px_oba4114.jpg


Тым не менш, крытыка на адрас цяперашняга фармату Алімпіядаў наўрад ці будзе змяншацца. Эканамічная рэцэсія вымушае крытыкаваць МАК нават вядомых палітыкаў. Прыклад таму — нядаўняя заява кіраўніка МВФ Крысцін Лагард, якая выступіла за тое, каб Грэцыя магла б стаць вечным гаспадаром летніх Алімпійскіх гульняў. Гэта, па яе словах, магло б адначасова дапамагчы пазбавіць крызіснага становішча краіну, вызваліць грамадзян сотняў краін свету ад высялення, сацыяльных чыстак і параскраданых бюджэтаў.
Існуючая з часоў заканчэння «халоднай вайны» цяперашняя мадэль Алімпіяды не задавальняе і тых, хто зарабляе на спорце. Адсюль, на думку некаторых журналістаў, незвычайнае рашэнне выканкаму МАК — дапусціць на Гульні «каманду ўцекачоў». Мяркуецца, што гэта будзе каманда бежанцаў з розных краінаў, якая будзе выступаць пад Алімпійскім сцягам. Могуць запісвацца ў каманду і простыя спартсмены.
У гэтай, някепскай на першы погляд ідэі, некаторыя пабачылі першыя крокі за тое, каб нівеліяваць нацыянальны прынцыпу каманд-удзельніц і цалкам камерцыялізіраваць Гульні. Па сутнасці, дадзена зялёнае святло для стварэння камандаў, якія не будуць звязаныя з Нацыянальнымі Алімпійскімі Камітэтамі. Ролю апошніх могуць асцярожна браць на сябе вялікія фірмы, якія будуць выступаць спонсарамі спартоўцаў-«уцекачоў». Адным словам, цяперашняя Алмпіяда ў любым выпадку асуджаная.