Уладзімір Самсонаў выйшаў у паўфінал Алімпіяды
40-гадовы беларус перайграў наймацнейшага на сёньня гульца Эўропы — украінца Дзмітрыя Аўчарава, які выступае за зборную Нямеччыны. За 20 год выступаў на Алімпійскіх гульнях Самсонаў упершыню выйшаў у паўфінал Алімпіяды.
![Уладзімір Самсонаў Уладзімір Самсонаў](/img/v1/userfiles/images/506df2bd_d984_4f67_aa6e_ffa8b9116cd1_cx0_cy8_cw0_w987_r1_s_r1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Уладзімір Самсонаў
Перамогу Самсонава над Аўчаравым ужо называюць сэнсацыяй. Для беларуса гэта шостая Алімпіяда, але ні на воднай ён не выходзіў далей за чвэрцьфінал. 9-я ракетка сьвету па настольным тэнісе, свае галоўныя дасягненні ён пакінуў у 2000-х. Трохразовы пераможца Кубку сьвету, шасьціразовы чэмпіён Эўропы ў розных разрадах, апошнім часам яго імя сьвяцілася толькі ў клубных турнірах.
Самсонаў выступае разам з Дзмітрыем Аўчаравым за расейскі клюб «Факел-Газпром». Але Аўчараў маладзейшы за Самсонава на 12 год і вышэйшы за беларуса ў сусьветным рэйтынгу.
На пачатку матча Самсонаў пашкодзіў міжрэбравыя мышцы, для чаго ўзяў мэдычны тайм-аўт. Пасля прыняцця лекаў ён працягнуў гульню.
Нягледзячы на траўму і пройгрыш у першай партыі, Самсонаў перамог Аўчарава з лікам 4:2. Гэта лепшы для Самсонава вынік за 20 год выступаў на Алімпійскіх гульнях.
У паўфінале ён сустрэнецца з 4-й ракеткай сьвету Чжан Цзыке. На мінулай Алімпіядзе ў Лондане кітаец выйграў два залатыя мэдалі.
Паводле svaboda.org