Турэцкая дэмакратыя на мяжы знішчэння
Англамоўныя СМІ працягваюць разважаць пра наступствы няўдалага перавароту ў Турцыі. Больш за ўсё цяпер кажуць пра пагрозу турэцкай дэмакратыі.

Эрдаган адрэагаваў на путч з размахам, піша рэдакцыя NY Times. Амаль 35 000 ваенных, суддзяў і прадстаўнікоў спецслужбаў былі арыштаваныя або адпраўленыя ў адстаўку. 15 000 работнікаў адукацыйнай сферы былі адхіленыя ад працы. Больш за 1 500 прадстаўнікоў універсітэцкіх адміністрацый былі вымушаныя сысці з пасадаў. Чыстка, каментуе рэдакцыя, дзівіць сваімі маштабамі. Яна закранае палітычны клас і бізнесменаў, а таксама ўласна ўрад. Пры гэтым незразумела, які працэнт гэтых людзей сапраўды быў датычны да путчу. І вялікае пытанне ў тым, ці зможа далікатная турэцкая дэмакратыя перажыць такое ўзрушэнне. А калі не зможа, то перад Вашынгтонам ўстане яшчэ большае пытанне аб тым, ці магчыма Турцыі і далей заставацца ўдзельніцай НАТА.
Зараз Турцыя патрабуе экстрадыцыі Фетхулаха Гюлена, рэлігійнага і грамадскага дзеяча, які цяпер жыве ў ЗША, у штаце Пенсільванія. Улады Турцыі падазраюць яго ў арганізацыі спробы перавароту. Адміністрацыя прэзідэнта ЗША абяцала разгледзець просьбу аб экстрадыцыі, калі турэцкі бок прадставіць пераканаўчыя сведчанні. Зрэшты, больш актуальнае пытанне, падкрэслівае рэдакцыя, зараз у тым, што рабіць з тактычнай ядзернай зброяй НАТА, якая захоўваецца на авіябазе на паўднёвым усходзе Турцыі. Пакуль у ЗША не плануюць перамяшчаць гэтую зброю.
Wall Street Journal апублікаваў артыкул турэцкага каментатара пра тое, што па выніках путчу Эрдаган бярэ рэванш, і гэта можа быць згубна для дэмакратыі ў Турцыі. Пераварот з самага пачатку стаў медыйнай гісторыяй. Усю ноч у час путчу члены ўрада заклікалі грамадзян праявіць салідарнасць. Мячэці заклікалі людзей супрацьстаяць перавароту. Эрдаган таксама заклікаў, выкарыстоўваючы сацсеткі. Калі завадатары нарэшце перакрылі кабельнае вяшчанне, усе глядзелі прэс-канферэнцыю Эрдагана па маленькім курдскім канале, які да таго паслядоўна прыціскаў турэцкі ўрад. Уласна, Эрдагана выратавалі менавіта тыя рэшткі свабодных медыя, якія ён так старанна душыў.

Між тым, гісторыя працягваецца. Калі б пераварот атрымаўся, гэта б азначала канец дэмакратыі ў Турцыі. Але і распачатыя пасля яго чысткі гэтак жа пагражаюць дэмакратыі. Арышт ваенных завадатараў цалкам зразумелы, каментуе аўтар, аднак блакаванне інфармацыйных рэсурсаў і арышты, якія выходзяць далёка за межы ваеннай сферы, наўрад ці маюць непасрэднае дачыненне да змовы.
Частка гэтай чысткі, несумненна, закранае людзей, якія мелі дачыненне да Гюлену. Іронія ў тым, адзначае аўтар, што гэтых людзей у свой час паставіў на ваенныя і пазіцыі і ў суды сам Эрдаган і яго кіруючая партыя, каб яны стваралі процівагу кемалістамі і секулярным сілам.

Напрыканцы аўтар адзначае, што ён ніколькі не шкадуе пра правал перавароту, які мог бы развязаць ў Турцыі грамадзянскую вайну. За адну толькі ноч падчас спробы захопу ўлады ваеннымі загінула больш за сотню мірных грамадзян. Але і сам па сабе гэты путч падарваў канчаткова рэшткі секулярнага, усталяванага Атацюркам парадку.
Паводле polit.ru