Усім турэцкім навукоўцам забаранілі выезд з краіны
Турэцкім навукоўцам забаронена выязджаць за межы краіны да асобага паведамлення. Забарона рушыла ўслед за няўдалым ваенным пераваротам, што выклікаў шырокамаштабную чыстку ў дзяржструктурах.Савет па вышэйшай адукацыі ў Турцыі забараніў ўсім навукоўцам выязджаць за межы краіны. Пра гэта паведаміла дзяржаўная тэлекампанія TRT, перадае Reuters.
Забарона будзе дзейнічаць да далейшага паведамлення, дадае агенцтва.
Аб забароне было абвешчана на наступны дзень пасля таго, як той жа савет заклікаў 1577 дэканаў турэцкіх універсітэтаў сысці ў адстаўку. Яшчэ ў 21 тыс. настаўнікаў, якія выкладаюць у прыватных навучальных установах, напярэдадні былі адкліканы ліцэнзіі.
Гэтыя падзеі пайшлі за спробай вайсковага перавароту, здзейсненага ў ноч на 16 ліпеня. Тады ваенныя паспрабавалі захапіць уладу ў краіне, аднак прэзідэнту Турцыі Таіпу Эрдагану ўдалося ўтрымаць сітуацыю пад кантролем. У сутыкненнях паміж мяцежнікамі і прыхільнікамі дзеючага ўрада загінула 232 чалавекі.
Натхняльнікам бунту Анкара лічыць ісламскага прапаведніка Фетхуллаха Гюлена, які ўжо многія гады пражывае ў ЗША. 19 ліпеня прэм'ер-міністр Турцыі Біналі Йылдырым паведаміў, што Турцыя накіравала ў ЗША запыт аб выдачы Гюлена. У Вашынгтоне заявілі, што пакуль не атрымалі запыту.
Пасля бунту 7,5 тыс. чалавек былі затрыманыя, з іх больш за 6 тыс. — вайскоўцы, а яшчэ 755 — суддзі і пракуроры. 600 затрыманых ужо арыштаваныя. Сярод узятых пад варту апынуўся былы галоўнакамандуючы турэцкіх ВПС Акын Азцюрк.
Таксама ад працы былі адхілены амаль 8 тыс. дзяржслужачых, у тым ліку 30 губернатараў правінцый і 47 кіраўнікоў раённых адміністрацый.
Пасля падаўлення путчу Эрдаган заявіў, што ў Турцыі можа быць уведзена пакаранне смерцю. Ён растлумачыў, што гэтага патрабавалі ўдзельнікі мітынгу, які прайшоў у Стамбуле 16 ліпеня. У ЕС заявілі, што Анкара не можа вярнуць вышэйшую меру пакарання, бо звязаная абавязальніцтвамі ў рамках Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека.
Паводле rbc.ru