Якую дзяржаву будуе Эрдаган?

«Мадэль свецкай дэмакратыі ў Турцыі памерла», — піша заходняя прэса па слядах апошніх падзей у Анкары. Што за краіну збіраецца пабудаваць Эрдаган на рэштках кемалізму?

bbe319a32e1d254d2c61f56b356ce09d_xl.jpg


Як абяцае турэцкі гарант, у самым хуткім часе ў мясцовым календары з’явіцца новае свята — Дзень дэмакратыі. Яго будуць святкаваць 15 ліпеня ў памяць таго, што ў гэты дзень у 2016-м шараговыя грамадзяне сарвалі спробу вайсковага перавароту.

Праўда, разуменне дэмакратыі ў тых, хто сарваў путч, гучыць арыгінальна. Лозунгі «Няхай жыве дэмакратыя!» і «Аллах акбар!» суседнічаюць на маніфестацыях эрдаганаўцаў. Апошнія, калі верыць прэсе, там-сям ужо пачалі руйнаваць помнікі Атацюрку. Усё свед­чыць пра тое, што краіна на вачах парывае са сваім кемалісцкім мінулым і ўступае ў новую фазу. Нездарма той жа Эрдаган акрамя новага свята абяцае і новую Канстытуцыю.

Агульныя контуры таго, што задумаў кіраўнік Турцыі, зразумелыя. «Султан» (мянушка палітыка. — аўт.) марыць пра сінтэз дэмакратыі і рэлігіі. З іншага боку, тут хапае пытанняў. Перш за ўсё трэба згадаць «егіпецкі эксперымент». Егіпецкая партыя «Браты — мусульмане», якая прыйшла да ўлады на хвалі «Арабскай вясны» ў 2010 годзе, спрабавала ў тым ліку рэалізаваць напрацоўкі эрдаганаўскіх ідэолагаў. Эрдаган быў у сяброўскіх адносінах з Мухамедам Мурсі — лідарам «Братоў-мусульман», які быў потым абраны прэзідэнтам Егіпту. Як адзначае прэса, менавіта тое сяброўства і маральная падтрымка Мурсі з боку Анкары стаялі за незвычайным рашэннем Каіра — адмовіцца ў ААН ад асуджэння ў Турцыі спробы путчу 15 ліпеня.

Так ці інакш, спроба будаўніцтва ў Егіпце ісламскай дэмакратыі відавочна правалілася. Эра Мурсі запомнілася пастаяннымі канфліктамі з журналістамі, папулісцкімі захадамі для вырашэння эканамічных праблем, спрэчкамі з бюракратамі, пераследам коптаў і абсалютна варварскімі прававымі ініцыятывамі. Так, у прынятай спехам Канстытуцыі Егіпта ў 2012 годзе адсутнічаў пункт пра абарону дзіцяці. Гэты нонсэнс адзін з аўтараў тэксту растлумачыў правам дзіцяці на тое, каб весці сексуальнае жыццё з трох гадоў. Не дзіўна, што спатрэбіўся год Мурсі пры ўладзе, каб усё егіпецкае грамадства зноў пачало маліцца на вайскоўцаў, якія ў 2013 годзе «на ўра» вярнуліся да ўлады.

Аналізуючы крах рэжыму «Братоў-мусульман», эксперты адзначалі, што энтузіязм наконт рэлігіі вельмі хутка знік праз эканамічны крызіс, які зараз пануе і ў Турцыі. Другое слабае месца ў канцэптах Эрдагана — уласцівая яму ідэя рэанімацыі Асманскай імперыі, так званы «неаасманізм». «Так, мы «новыя асманы». Мы вымушаны займацца суседнімі краінамі, і нават ідзём у Афрыку. Абвядзіце на карце вакол Турцыі кола дыяметрам у 1000 кіламетраў — у яго патрапіць 20 краін; абвядзіце кола дыяметрам 3000 кіламетраў — у яго патрапіць 70 краін. А колькі краін патрапіць у такое кола вакол ЗША? Турцыя будзе цікавіцца сваім асяроддзем», — так фармулюе гэтую ідэю сам турэцкі лідар.

Прасцей казаць, маецца на ўвазе нарошчванне палітычнага ўплыву Анкары ў краінах, якія раней уваходзілі ў склад Асманскай імперыі, з паралельным адраджэннем культурных традыцый Асманскай імперыі ў межах Турцыі. Прыкладам гэтага могуць стаць нядаўнія шырокія святочныя мерапрыемствы ў гонар гадавіны захопу асманамі Канстанцінопаля і агучанае там Эрдаганам рашэнне адна­віць практыку мусульманскіх малітваў у храме Святой Сафіі (у свой час гэтыя малітвы забараніў асабіста Атацюрк, надаўшы храму статус культурнага помніка).

Між тым, «неаасманізм» не новы (упершыню яго пачалі ўжываць падчас кіпрскага крызісу 1974 года). З 2002-га, ад прыходу партыі Эрдагана да ўлады, «неаасманізм» стала прапісаўся ў выступах спікераў МЗС. Аднак практычны вынік ад гэтага невялікі. Пакуль Турцыя застаецца сябрам NАТО, яе знешняя палітыка больш-менш каардынуецца з Захадам. Напэўна, адзіны аўтаномны крок — спроба адправіць гуманітарную флатылію ў 2010 годзе ў Сектар Газа, які блакіруе Ізраіль, — скончыўся вялікім дыпламатычным скандалам. Інтэрвенцыі туркаў у Ірак і Сірыю пад соўсам барацьбы з ісламскім тэрарызмам і курдамі выклікалі раздражненне з боку асноўных геапалітычных актораў. З улікам існуючых рэалій, неаасманскія амбіцыі Турцыі могуць таксама апынуцца бурбалкай.

Нарэшце, незразумела, як да прапаганды ісламізму і ваяўнічага «неаасманізму» з боку Анкары паставяцца цюркскія краіны. Радыкальны іслам — асноўная пагроза для рэжымаў, што паўсталі ў постсавецкіх цюркскіх рэспубліках, у тым ліку ў Азербайджане, які з’яўляецца вядучым партнёрам Турцыі.

Самае цікавае, што ісламскі фундаменталізм моцна супярэчыць турэцкай традыцыі. Турцыя — вельмі нетыповая мусульманская краіна. Увесь «залаты век» сваёй імперскай гісторыі (XV–XVI стагоддзе) двор Порты шмат у чым натхняўся італьянскім Адраджэннем. У мастацтве квітнеў жанр партрэтнага жывапісу, што зусім не характэрна для мусульманскай краіны. Турэцкая жанчына была больш вольнай: ад яе не патрабавалі хаваць твар. Гарадскія жанчыны сярэдняга класа займаліся гандлем. Наогул, турэцкай нацыі ва ўсе часы быў уласцівы здаровы свецкі прагматызм.

Ці атрымаецца пабудаваць «неаасманскую» Турцыю, пра якую марыць Эрдаган? Гэта вельмі дыскусійная тэма. Як мінімум, трэба дачакацца тэзаў новай Канстытуцыі, якую анансаваў кіраўнік Анкары. Праўда, перш, чым нешта пісаць, Эрдагану трэба стабілізаваць агульнапалітычную сітуацыю. Пакуль ніхто не можа зразумець, што на самай справе адбываецца ў краіне.