У М’янме пачалі вызваляць праціўнікаў рэжыму. На волю выйшлі тысячы чалавек

Вайсковая хунта ў М’янме абвясціла пра вызваленне з-за кратаў больш за 5,6 тысячы праціўнікаў рэжыму. Пра гэта паведаміла дзяржаўнае ТБ 18 кастрычніка.

Як паведамляе «Deutsche Welle», улады адначасова абвінавацілі апазіцыянераў у распальванні беспарадкаў у краіне. Паводле слоў лідара хунты Мін Аун Хлайна, амністыя была абвешчаная «з гуманітарных меркаванняў». Першыя зняволеныя пачалі пакідаць турмы.

Вызваленне вязняў адбылося праз дзень пасля таго, як Асацыяцыя дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЭАН) прыняла рашэнне выключыць прадстаўнікоў хунты са спісаў удзельнікаў саміта арганізацыі, які пройдзе з 26 па 28 кастрычніка. Замест прадстаўнікоў ваеннага ўрада і падпольнага Урада нацыянальнага адзінства, у саміце возьме ўдзел прадстаўнік Мʼянмы, які не знаходзіцца ні ў адной з груповак. Такім чынам АСЭАН падкрэслівае нейтральнасць да ўнутрыпалітычнага канфлікту.

Вызваленне вязняў адназначна не з'яўляецца сведчаннем змены характару кіруючага рэжыму, а было зроблена толькі пад міжнародным націскам, лічыць спецдакладчык ААН па правах чалавека ў Мʼянме Том Эндрус. У краіне працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да людзей, якія змагаюцца за грамадзянскія правы.

Ваенны пераварот у краіне адбыўся ў лютым 2021 году, нагадвае «Свабода». Дзеючы ўрад быў разагнаны, прэзідэнт краіны — арыштаваны. Праціўнікі хунты сышлі ў падполле і пачалі барацьбу з антыдэмакратычным рэжымам, арганізаваўшы Урад нацыянальнага адзінства. 7 верасня ўрад у падполлі заклікаў насельніцтва Мʼянмы да агульнанацыянальнага паўстання.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: