Лекарку з 30-гадовым стажам звольнілі за некалькі гадзін да затрымання. Яна праходзіць па «справе Зельцэра»
Паводле крымінальнай справы, распачатай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра, затрымалі каля 200 чалавек. 51-гадовую доктарку з Мінска Наталлю Нікіціну затрымалі проста на працоўным месцы ў Мінскім цэнтры дзіцячай псіхіятрыі і псіхатэрапіі, дзе яна працавала псіхіятрам, распавядае «Вясна».
Але за некалькі гадзін да затрымання ёй прыйшло паведамленне аб звальненні. Жанчыну раней затрымлівалі падчас пратэстаў 2020 года два разы. У снежні яе з сардэчным прыступам даставілі з РУУС у лякарню, дзе яна правяла месяц. Цяпер ужо больш за тры тыдні Наталлю ўтрымліваюць у жодзінскай турме па абвінавачванні паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Маці палітзняволенай Наталлі Нікіцінай Алена Ігнацьеўна распавяла гісторыю дачкі.
Лекарка з 30-гадовым досведам і маці дваіх сыноў
Наталля Нікіціна — педыятр, псіхіятр-нарколаг, псіхатэрапеўт, экзістэнцыяльны філосаф і псіхолаг. Каля 30 гадоў яна прапрацавала лекаркай.
«Дапамагаць людзям — не толькі яе прафесія, але і прызначэнне. Зрэшты, не толькі людзям. Яна з задавальненнем прыняла прапанову стаць суаўтаркай дзвюх кніг пра гуманнае стаўленне да сабак, пра выхаванне і навучанне жывёлаў без гвалту і жорсткасці. І ў цяперашні час вяла працу над трэцяй кнігай», — кажа Алена Ігнацьеўна.
Дома чакае вяртання Наталлі з турмы падабраны на вуліцы
дварняк Торы.
У Наталлі двое сыноў. Яе старэйшы сын Аляксей, якому ўчора
споўнілася 25 гадоў, у жніўні 2020-га некалькі сутак правёў на Акрэсціна — як
раз у тыя самыя гарачыя дні.
«Наталля таксама піша выдатныя вершы. Прычым яны
нараджаюцца ў яе спантанна. Хоць яна і саромеецца казаць пра гэта», —
распавядае маці палітзняволенай.
Затрымлівалі два разы. У снежні з РУУС даставілі ў лякарню з
сардэчным прыступам
Паводле Алены Ігнацьеўны, Наталля — адна з тых беларусак, каго не пакінулі абыякавымі падзеі 2020 года.
«Менавіта 2020 год стаў, як і для шмат каго іншага, у
яе пераломным».
Наталлю затрымлівалі двойчы. Першы раз — 6 верасня 2020 года
на «Маршы адзінства». Тады на вуліцы Чабатарова зладзілі «хапун», Наталлю затрымалі ў ліку каля 300 чалавек. Усяго з гэтай
вуліцы тады вывезлі пяць аўтазакаў затрыманых. Наталлю ўтрымлівалі ў ІЧУ
Жодзіна трое сутак, дзе аштрафавалі за ўдзел у мітынгу па арт. 24.23 КаАП.
Другі раз Наталлю Нікіціну затрымалі ў снежні 2020 года.
Праз дрэннае самаадчуванне яна не ўдзельнічала ў маршы, а проста заступілася за
падлетка, якога хапалі людзі ў чорным. У тым месцы наогул ніякага маршу не
было. У РУУС Заводскага раёна Наталлі зрабілася дрэнна, ёй доўга не выклікалі «хуткую», але, нарэшце, пад канвоем даставілі ў лякарню, дзе ёй
дыягнаставалі сардэчны прыступ. У лякарні яна правяла амаль месяц. Акрамя
гэтага, Наталлю асудзілі па «народным артыкуле» на 30 базавых
велічынь (870 рублёў).
Згодна са словамі родных, у Наталлі ёсць яшчэ адно сур'ёзнае
захворванне — поліартрыт.
«З ім яна мужна змагаецца», – кажа пра хваробу
мама Наталлі.
За некалькі гадзін да затрымання звольнілі з працы
29 верасня Наталлю затрымалі наўпрост на працы — у Мінскім цэнтры дзіцячай псіхіятрыі і псіхатэрапіі. Там яна працавала псіхіятрам. Як распавядае мама Наталлі, за некалькі гадзін да затрымання ёй паведамілі пра звальненне.
«Удзень яна напісала, што яе звольнілі тым жа днём, а
ўвечары не прыйшла дадому. Калегі сказалі, што затрымалі яе проста на
працы», — распавядаюць блізкія палітзняволенай.
Наталлі прад'явілі абвінавачванне па двух артыкулах Крымінальнага
кодэкса: 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і 130 («Распальванне сацыяльнай
варажнечы») — і ўзялі пад варту.
«Верым, што хутка яна вернецца дадому»
У родных Наталлі няма ніякіх звестак пра тое, як яна цяпер. Адзінае, што ім вядома, — што яна ўтрымліваецца ў турме ў Жодзіне. Для Наталлі, як і для іншых затрыманых за каментары па «справе Зельцэра», не прымаюць перадачы. Ужо 21 дзень жанчына знаходзіцца ў тым адзенні, у якім яе затрымалі на працы.
«Але мы ведаем, што яна вельмі моцная духам. І дасць
рады ўсім нягодам. І верым, што хутка яна вернецца дадому», — кажуць
блізкія Наталлі.
Падтрымаць Наталлю лістамі і паштоўкамі салідарнасці можна па адрасе: Следчая турма №8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А.