У медыка, што дапамагаў пацярпелым ў выбуху пад расійскім Северадзвінскам, знайшлі ў арганізме цэзій-137

У аднаго з лекараў Архангельскага абласнога шпіталю, што дапамагаў пацярпелым у выбуху на сакрэтным вайсковым аб’екце ў паселішчы Нёнакса, знайшлі ў арганізме радыеактыўны нуклід цэзій-137. Пра гэта паведамляе Белсат са спасылкай на «The Moscow Times».

sevarodvinsk.jpg


Калі ў шпіталь даставілі пацярпелых у выбуху на сакрэтным вайсковым аб’екце, лекараў не папярэдзілі, што трагічнае здарэнне было звязанае з радыяцыяй. «Гаворка пра тое, што быў радыёактыўны пыл. Людзей ніхто не папярэдзіў аб заражэнні першапачаткова. Усе, хто там быў на той момант, ратавалі пацярпелых. З іншых аддзяленняў запрашалі лекараў на кансультацыю», – распавяла агенцтву «Северные новости» крыніца ў архангельскім шпіталі.
«Як кажуць нашыя калегі, у момант, калі прывезлі пацярпелых у Нёнаксе, медыкі не былі папярэджаны, што гэта заражаныя людзі. Толькі праз некаторы час ім далі свінцовыя фартухі, але гэта ўжо была не абарона. Людзі перажываюць», – распавяла адна з медыкаў.
Крыніца «Северных новостей» сцвярджае, што на абследаванне ў Маскву накіравалі каля 50 медыкаў з Архангельску. Паводле «The Moscow Times», прынамсі ў аднаго з лекараў у арганізме знайшлі радыеактыўны нуклід цэзій-137. Выкід цэзію-137 у навакольнае асяроддзе адбываецца ў асноўным выніку ядравых выпрабаванняў і аварыяў на прадпрыемствах атамнай энергетыкі.
Паводле журналістаў, усе медыкі, хто кантактаваў з пацярпелымі ад выбуху, падпісалі дакумент аб неразгалошванні – на гэтым настойвалі працаўнікі ФСБ.
«Іх не прымушалі падпісваць, але калі трое агентаў ФСБ прыходзяць са спісам і просяць падпісаць, ім мала хто скажа не», – цытуе аднаго з лекараў «The Moscow Times».