Расія. Каму належаць казакі?
Тыя, хто цікавіцца кампутарнымі гульнямі, ведаюць пра «Казакаў» — кампутарную гульню ў жанры стратэгіі ў рэальным часе, што распрацаваная ўкраінскай кампаніяй GSC Game World.
З улікам таго, што ў 2016 годзе выйшла трэцяя версія «Казакаў», можна казаць пра поспех праекту. Аднак нечакана стратэгія трапіла на вочы Савету атаманаў Расіі (САР), які пабачыў у ёй парушэнне аўтарскіх правоў.
На думку атаманаў, толькі яны маюць права выкарыстоўваць брэнд «казак», паколькі прадстаўляюць тых самых казакаў. «Мы прэтэндуем на 10% ад даходаў. З улікам выкарыстання на працягу некалькіх гадоў належных нам правоў на імя, сума можа скласці каля 4 мільёнаў долараў», — кажа адзін з атаманаў.
Натуральна, узнікае пытанне — а як жа запарожскія казакі, якія, дарэчы, і выяўленыя ў гульні? На думку атаманаў Расіі, запарожскія казакі — гэта позні варыянт расійскіх.
Паводле САР, гістарычная радзіма казакаў — Разань, а на Доне і ў Запарожскай сечы казакі з’явіліся праз 400 гадоў пасля першай згадкі ў летапісах аб разанскіх казаках.
З іншага боку, САР гатовыя падзяліцца з братамі-ўкраінцамі і даць кожнаму чальцу ўкраінскіх казацкіх арганізацый па 8 тысяч долараў.
Паводле расійскай прэсы