У Паўночнай Македоніі сёння абіраюць прэзідэнта

На пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндуюць Стэва Пендароўскі і Гардана Сіляноўска-Даўкова. У першым туры выбараў прэзідэнта Паўночнай Македоніі ніводны кандыдат не набраў абсалютнай большасці галасоў.

Гардана Сіляноўска-Даўкова і Стэва Пендароўскі

Гардана Сіляноўска-Даўкова і Стэва Пендароўскі

У Рэспубліцы Паўночная Македонія ў нядзелю, 5 траўня, праходзіць другі тур выбараў прэзідэнта. На пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндуюць кандыдат ад кіруючага Сацыял-дэмакратычнага саюза Македоніі Стэва Пендароўскі і Гардана Сіляноўска-Даўкова, якую падтрымлівае правакансерватыўная апазіцыя. Выбарчыя ўчасткі адкрыты для галасавання да 19 гадзін па цэнтральнаеўрапейскім часе. Правам голасу валодаюць 1,8 мільёна чалавек.
У ходзе першага тура выбараў, які прайшоў 21 красавіка, ніхто з кандыдатаў не набраў абсалютнай большасці галасоў. Яўка склала 41 працэнт выбаршчыкаў. Пры гэтым для прызнання выбараў неабходная яўка ў 40 адсоткаў.
Прэзідэнта рэспублікі абіраюць падчас усеагульнага прамога галасавання тэрмінам на 5 гадоў. Адна і тая ж асоба можа займаць гэтую пасаду не больш за два тэрміны.

Канфлікт паміж Афінамі і Скоп'е


Былая югаслаўская рэспубліка — Македонія — у 1999 годзе далучылася да плана дзеянняў па падрыхтоўцы да сяброўства NATO. Але Грэцыя блакавала яе ўступленне ў альянс і Еўрасаюз. З-за наяўнасці ў складзе Грэцыі вобласці Македонія Афіны асцерагаліся, што ў выпадку замацавання назвы «Македонія» за суседняй дзяржавай Скоп'е можа прад'явіць прэтэнзіі на частку грэцкай тэрыторыі.
У чэрвені 2018 года прэм'ер-міністр Грэцыі Алексіс Цыпрас і яго македонскай калега Зоран Заеў падпісалі Прэспанскае пагадненне аб перайменаванні Македоніі ў Рэспубліку Паўночная Македонія. У студзені адпаведныя папраўкі ў канстытуцыю падтрымала неабходная большасць дэпутатаў парламента ў Скоп'е. Праз два тыдні пагадненне з Македоніяй аб перайменаванні краіны ратыфікаваў і парламент Грэцыі, адкрыўшы Скоп'е дарогу для ўступлення ў ЕС і NATO.
dw.com