У Расіі супраць літоўскіх суддзяў, якія асудзілі савецкіх кіраўнікоў, узбудзілі крымінальную справу

У Следчым камітэце Расіі ўзбуджана крымінальная справа ў дачыненні да суддзяў Віленскага акруговага суда, якія падазраюцца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 305 КК РФ (вынясенне заведама неправасуднае прысуду).

AFP

AFP

Нагадаем, 27 сакавіка Віленскі акруговы суд абвясціў прысуд па справе аб падзеях 13 студзеня 1991 года. За ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці былы міністр абароны СССР Дзмітрый Язаў завочна асуджаны да 10-ці, а былы афіцэр КДБ Міхаіл Галаватаў — да 12-ці гадоў пазбаўлення волі. Таксама да 14 гадоў турмы быў прысуджаны завочна былы намеснік міністра абароны Беларусі генерал Уладзімір Усхопчык.
«Следчыя СК Расіі ўстанавілі, што па выніках разгляду крымінальнай справы пра падзеі студзеня 1991 года ў Вільні ў сакавіку бягучага года суддзі Вільнюскага акруговага суда Айнора Мацявічэне, Айва Сувілене, Віргінія Тамашунайтэ і Артурас Шумскас вынеслі заведама неправасудны прысуд у дачыненні да Дзмітрыя Язава, Міхаіла Галаватава, Уладзіслава Шведа, Юрыя Меля, Генадзя Іванова і іншых грамадзян Расійскай Федэрацыі, прызнаўшы іх вінаватымі ў здзяйсненні злачынстваў супраць чалавечнасці і ваенных злачынстваў, і прызначыўшы пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 4 да 14 гадоў», — гаворыцца на сайце СК Расіі.
У заяве сказана, што на момант вынясення прысуду суддзям было дакладна вядома аб неадпаведнасці інкрымінаваных абвінавачаным дзей фактычным абставінам падзей студзеня 1991 года ў Вільні, а таксама пра крымінальны пераслед былых ваеннаслужачых Узброеных Сіл Саюза ССР, супрацоўнікаў праваахоўных органаў і членаў КПСС з парушэннем прынцыпаў і нормаў міжнароднага права і крымінальнага працэсу. «Не прынятыя пад увагу факты стральбы па грамадзянскім насельніцтве з дахаў і верхніх паверхаў прылеглых будынкаў, хоць дакладна вядома, што ў канфлікце ўдзельнічаў трэці бок».
Паколькі ў прысудзе суддзі канстатавалі той факт, што «па сутнасці няма магчымасці канкрэтызаваць, ад дзеянняў каго з абвінавачаных паўсталі найбольш цяжкія наступствы», у расійскім СК мяркуюць, што яны груба праігнаравалі прынцып крымінальнага судаводства, згодна з якім усе сумневы тлумачацца на карысць абвінавачаных.
«Акрамя гэтага абвінаваўчы прысуд вынесены з парушэннем агульнапрызнанага прынцыпу міжнароднага права і крымінальнага працэсу — недапушчальнасці надання крымiнальнага закона зваротнай сілы», — зазначаецца ў заяве.