У Вялікабрытаніі здымаюць кавід-абмежаванні

У Англіі больш не трэба выконваць сацыяльную дыстанцыю, а маскі застануцца толькі ў грамадскім транспарце Лондана.

У Лідсе святкуюць зняцце кавід-абмежаванняў

У Лідсе святкуюць зняцце кавід-абмежаванняў

Англія зняла абмежаванні, уведзеныя ў мэтах барацьбы з распаўсюджваннем каронавіруса SARS-CoV-2. З апоўначы ў панядзелак, 19 ліпеня, у краіне не дзейнічаюць, сярод іншага, правіла трымацца на адлегласці ад іншых людзей у закрытых памяшканнях і рэкамендацыя працаваць з дому. Адменена абмежаванне на максімальна дапушчальную колькасць наведвальнікаў разнастайных забаўляльных устаноў. А неабходнасць насіць ахоўныя маскі захаваецца толькі ў грамадскім транспарце Лондана. Засталося ў сіле патрабаванне сысці ў каранцін пры выяўленні інфекцыі сярод асобаў, з якімі ў чалавека былі непасрэдныя кантакты.
Прэм'ер-міністр Борыс Джонсан выступіў у абарону зняцця абмежаванняў, названых у СМІ "днём свабоды". Пры гэтым Джонсан заклікаў суайчыннікаў заставацца разважлівымі і зрабіць прышчэпку ад COVID-19. Сам прэм'ер знаходзіцца на каранціне пасля кантакту з інфікаванай асобай.

Крытыка з боку лейбарыстаў

Рашэнне брытанскіх уладаў выклікала незадаволенасць апазіцыі. Джонатан Эшварт, эксперт Лейбарысцкай партыі па пытаннях аховы здароўя, назваў пазіцыю афіцыйнага Лондана "безразважнай". З асабліва вострай крытыкай лейбарысты абрынуліся на адмену масачнага рэжыму.

Кожны дзень — каля 50 тысяч новых заражэнняў

У той жа час навукоўцы занепакоеныя дынамікай распаўсюджвання інфекцыі ў каралеўстве. У апошнія дні сутачны прырост заражэнняў у Вялікабрытаніі складае каля 50 тысяч выпадкаў. Больш заражэнняў у суткі рэгіструюць толькі ў Інданезіі і ЗША. Калі распаўсюд "дэльта"-варыянта віруса выйдзе з-пад кантролю, краіна можа сутыкнуцца са ста тысячамі заражэнняў у суткі і неабходнасцю штодня класці ў бальніцы па 2000 чалавек з пацверджаным дыягназам COVID-19, лічыць прафесар Імперскага каледжа Лондана Ніл Фергюсан.
Уэльс і Шатландыя маюць права ўсталёўваць уласную палітыку ў галіне аховы здароўя. Іх урады ўжо заявілі, што пакінуць у сіле шэраг абмежаванняў, уключаючы масачны рэжым.
У цэлым у 67-мільённым Злучаным Каралеўстве вірус выяўлены ў 5,43 млн чалавек, каля 129 тысяч хворых памерлі, а 4,39 млн ачунялі.
dw.com