У краіне капіталістычнага камунізму
Сучасная Малдова — дзікая сумесь капіталізму і савецкай спадчыны. Кавярні ў савецкім стылі з невыводным пахам вакзальных чабурэкаў мірна суіснуюць з фірмовымі крамамі тыпу «Армані» на галоўным праспекце малдаўскай сталіцы.
Малдова
Сучасная Малдова — дзікая сумесь капіталізму і савецкай спадчыны. Кавярні ў савецкім стылі з невыводным пахам вакзальных чабурэкаў мірна суіснуюць з фірмовымі крамамі тыпу «Армані» на галоўным праспекце малдаўскай сталіцы.
Тут жа можна прайсці сто метраў па навюткіх ходніках, а наступныя сто — па ўшчэнт разбітай тратуарнай плітцы. На фоне старасвецкіх і, варта прызнаць, досыць занядбаных дамоў раз-пораз з’яўляюцца сучасныя індустрыяльныя будынкі са шкла і бетону. Найноўшая гісторыя і Беларусі, і Малдовы паўставала з адной крыніцы, імя якой СССР, але цяпер мы розныя, і праблемы ў нас, пры іх агульным падабенстве, індывідуальныя.
Паводле статыстыкі, у Малдове, без уліку Прыднястроўскага рэгіёну, цяпер жыве больш за 3,5 мільёны чалавек. Але самі жыхары гавораць, што прыкладна адзін мільён малдаван у краіну хіба толькі на пабыўку прыязджае — працуюць у Расіі ці Еўропе. За час паміж двума апошнімі перапісамі (1989 і 2004 гадоў) колькасць насельніцтва скарацілася прыкладна на 350 тысяч чалавек — многія назаўсёды з’ехалі з краіны ў пошуках лепшага жыцця. На вуліцах Кішынёву народу насамрэч нямнога, тым больш моладзі ва ўзросце ад дваццаці год. Прычына ўсё тая ж — хто на заробкі з’язджае, а хто на вучобу. У студэнтаў найбольшым попытам карыстаюцца універсітэты Еўропы. Малдаўская мова належыць да раманскай групы моў, таму выхадцам з гэтай краіны лёгка даюцца італьянская ды французская мовы, для тых, хто імкнецца зрабіць кар’еру, абавязковай з’яўляецца англійская. Выкладчык аднаго з універсітэтаў Кішынёву нават падзяліўся меркаваннямі наконт таго, што праз колькі гадоў на навуковых канферэнцыях перакладчыкі з англійскай на рускую ды малдаўскую не будуць патрэбныя. Дарэчы, выехаць на вучобу ў Румынію (а гэта, між іншым, ужо Еўрасаюз) не так складана.
У адным з восеньскіх нумароў румынскай газеты «Ziua» прыводзяцца статыстычныя дадзеныя, паводле якіх на сёння каля ста тысяч грамадзян Рэспублікі Малдова адначасова з’яўляюцца і грамадзянамі Румыніі. На чарзе ў румынскім Міністэрстве замежных спраў чакаюць свайго разгляду больш за восемсот тысяч заяў ад малдаван на атрыманне або аднаўленне імі страчанага румынскага грамадзянства.
І вось тут пачынаецца самае цікавае. Каб не быць галаслоўнай, ізноў жа прывяду факты статыстыкі. А факт, як пісаў Булгакаў, самая ўпартая рэч. Вясною 2007 года Інстытут маркетынгу і сацапытанняў «IMAS Chisinau» высвятляў адносіны грамадзян Малдовы да ўзаемадачыненняў з іншымі краінамі і міжнароднымі структурамі. Каля 67 працэнтаў рэспандэнтаў выказаліся за ўступленне Малдовы ў Еўрасаюз. Зрэшты, нічога дзіўнага. Сяброўства ў ЕС абяцае пэўныя эканамічныя выгоды, аўтаномію ад Расіі, перспектывы для моладзі, якая ўжо цяпер імкнецца з’ехаць у краіны пад блакітным сцягам з залатымі зоркамі. Але... Амаль палова — 45 працэнтаў рэспандэнтаў — лічыць, што для ўступлення ў ЕС Малдова павінна звярнуцца па дапамогу да іншых краін, і амаль палова апытаных выказалі меркавання, што найперш тут можа дапамагчы Румынія. Каб стала больш зразумела, што хаваецца за гэтымі лічбамі, прывяду словы малдаўскага калегі, старшыні Саюзу журналістаў Малдовы Валерыя Сахарняну: «Мы марым пра аб’яднанне з Румыніяй».
Нягледзячы на тое, што беларусы больш за дзесяць год чуюць словы пра аб’яднанне з Расіяй, яны ўжо трывала прызвычаіліся быць грамадзянамі самастойнага (хаця гэта пытанне спрэчнае) і незалежнага дзяржаўнага ўтварэння. Размовы пра аб’яднанне цяпер, па вялікаму рахунку, успрымаюцца менавіта як размовы, а не як пасыл да дзеяння. І гэта, між іншым, нас аб’ядноўвае і дорыць нейкую надзею на будучыню: сябе і сваіх дзяцей мы бачым грамадзянамі менавіта Беларусі, а не краіны-суседкі. Жыць у сваёй хаце ўсё ж куды больш прыемна і надзейна, чым у хаце сястры, добрай ці нядобрай. Менавіта таму акрэсленыя вышэй памкненні грамадзян Малдовы ўводзяць у ментальны ступар — асэнсаваць і зразумець іх мару страціць незалежнасць няпроста.
Зазвычай, калі вяртаешся з той ці іншай краіны, задаюць пытанні пра дабрабыт — так ужо сталася, што да відовішчаў чалавеку хочацца і хлеба. У Малдове сярэдні заробак складае прыблізна 250 долараў. Як і ў Беларусі, найменш атрымліваюць вяскоўцы, а таксама працаўнікі лясной гаспадаркі — каля 150 долараў. Калі ў Беларусі ўсе прыблізна «пад адзін грэбень стрыжаныя», то ў Малдове адчуваецца значная сацыяльная пярэстасць: дарагія машын і буцікі, кошты на вопратку і абутак у адной са сталічных крамаў нічым не саступалі мінскім. І ўсё гэта на фоне нейкага гаспадарчага запусцення. Местачкоўцы тлумачаць, што многія дасылаюць родзічам грошы, зарабляючы за мяжой. Нехта стварае за кардонам пэўны капітал, пасля вяртаецца на радзіму і адкрывае сваю справу. Нехта жыве на дзве сям’і — нярэдкі спадарожнік гастарбайтэрства.
Малдова пакідае неадназначнае ўражанне: тут можна паглядзець на нефарбаваныя ў аднолькавы ружовы колер старасвецкія пабудовы, а вечарам ўваліцца ў яміну на ходніках, тут можна сустрэць гасцінных гаспадароў краіны, але так і не ўбачыць аптымізму і надзеі ў іх вачах. Мы чымсьці падобныя: нашчадкі Саюза, маем праблемы з дабрабытам, свабодаю слова, хочам, каб нашая моладзь не з’язджала за доўгім рублём... Разам з тым Малдова і Беларусь абсалютна розныя ў ментальнасці, бачанні сваёй будучыні. І справа не толькі ў тым, што ў нас папулярная вішнёвая наліўка, а ў іх — вінаграднае віно.