"Украбаронпрам" і Мінабароны судзяцца з журналістамі з-за выкрывальнага артыкула

Галоўны рэдактар штотыднёвіка "Дзеркало тыжня. Украіна" Юлія Маставая здзіўленая рэакцыяй прэзідэнта Парашэнкі на выкрывальны артыкул аб продажы зброі на ўнутраным рынку пры фактычнай вайне. Пра гэта яна распавяла ў інтэрв'ю "Телекритике", паведамляе "Украінская праўда".



oruzije.jpg

Міністэрства абароны і дзяржаўны канцэрн "Украбаронпрам" падалі ў суд на штотыднёвік "Дзеркало тыжня. Украіна" за публікацыю артыкула "Цень вайны".
 

Суадказнікам па пазове таксама выступаюць аўтар артыкула Дзмітрый Мендзялееў і актывіст-валанцёр батальёна "Азоў" Святлана Зварыч.
 

У артыкуле, апублікаваным у № 31 (5-12 верасень 2014) і на сайце DT.ua, сцвярджаецца, што прадпрыемствы і пасрэдніцкія фірмы "Украбаронпрама" падчас ваенных дзеянняў прадавалі зброю абаронцам Украіны.
 

Мінабароны і "Украбаронпрам" будуць дамагацца ў судзе абароны сваёй дзелавой рэпутацыі і абвяржэння распаўсюджанай выданнем інфармацыі.
 

У сваю чаргу прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка даручыў Генпракуратуры прыцягнуць да адказнасці за "падрыванне абараназдольнасці дзяржавы" аўтара артыкула "у выпадку пацверджання наяўнасці складу злачынства".
 

Парашэнка таксама заявіў: "Я сцвярджаю, што падчас маёй прэзідэнцкай кадэнцыі Мінабароны зброю на ўнутраны рынак не прадавала, "Украбаронпрам "не прадаваў.
 

Юлія Маставая у сваю чаргу тлумачыць, што ў распараджэнні выдання ёсць дакументы, якія пацвярджаюць факт продажу зброі:
 

"Дакументы, якія мы прыводзім на сайце, сведчаць, што продаж адбываўся на працягу ўсіх месяцаў АТА.
 

У "Украбаронпраме", я думаю, не маглі і ўявіць, што ў нас ёсць такія дакументы. Усе яны не змясціліся ў газету — інакш гэты артыкул заняў бы ўвесь выпуск. Але ў электроннай версіі ёсць усе крыніцы, на якія мы абапіраемся, цалкам. Гаворка ідзе і пра артыкул "Цень вайны", і пра другі матэрыял Мендзялеева "Хлусня, якая забівае", — Кажа Маставая.
 

"Калі б мы не мелі справаздачы дырэктара дэпартамента фінансаў Міністэрства абароны пра тое, што зброя, тэхніка і абсталяванне, былі перададзеныя са згоды Генеральнага штаба для рэалізацыі ўпаўнаважаным структурам, мы не пісалі б і першага матэрыялу", — тлумачыць яна.
 

Маставая адзначае: "Дакументы фіксуюць злачынства, перш за ўсё — маральнае. Падчас сапраўднай вайны на ўнутраным рынку Украіны адбываўся продаж зброі і тэхнікі, у тым ліку продаж яе самім абаронцам, больш за тое — за грошы, сабраныя валанцёрамі — грамадзянамі Украіны".
 

"Каб не падрываць сваю рэпутацыю, пазоўнікам варта было б не з намі судзіцца, а спыніць продаж зброі (часта неякаснай) ва ўмовах вайны, браць вар'яцкія грошы са сваіх жа грамадзян, якія павінны атрымліваць яе бясплатна, ладзіць 40% агенцкія, пасрэдніцкія, маркетынгавыя выдаткі ... Тады яны б не сапсавалі сваю рэпутацыю ", — адзначае Маставая.
 

Па яе словах, пазоўнікі патрабуюць абвяржэння, "размова не ідзе аб матэрыяльнай кампенсацыі".
 

Таксама журналіст прызналася, што рэдакцыю здзівіла рэакцыя Парашэнкі:
 

"Усё гэта вельмі здзіўляе. Публікуючы першы матэрыял "Цень вайны", мы спадзяваліся, што дапаможам прэзідэнту, які зараз сапраўды вельмі заняты, звярнуць увагу на гэтую праблему, і яна будзе вырашана ...
 

Але, на жаль, як нам стала вядома з пратаколу пасяджэння з сілавікамі, у 20-м пункце якога гаворыцца аб даручэнні да Генпракурора Віталя Ярэмы (што таксама дзіўна) прыцягнуць да адказнасці не тых людзей, якія робяць гэта злачынства, а таго, хто падняў праблему —- аўтара артыкула", — кажа Маставая.
 

"Для мяне гэта, шчыра кажучы, загадка, чаму прэзідэнт так дзіўна і хваравіта адрэагаваў на нашу публікацыю ... Я спадзяюся, што Пётр Аляксеевіч разбярэцца ў тым, што адбываецца на самай справе. Я яшчэ маю кроплю надзеі на гэта", — адзначае журналіст.
 

Маставая таксама панаракала на судовую сістэму краіны, якая карыстаецца тымі ж метадамі, што і пры рэжыме Януковіча:
 

"Аказваецца, нічога не змянілася ў нашай краіне — метады ўсё тыя ж. Першае пасяджэнне Пячэрскага суда павінна было адбыцца ў пятніцу, 10 кастрычніка, у 8 раніцы. Мы атрымалі позву ў суд 10 кастрычніка каля 11 гадзін, а Святлана Зварыча — у суботу, 11 кастрычніка. Гэта значыць усё робіцца так, каб позва прыйшла ўжо пасля таго, як адбылося пасяджэнне. Таксама я ведаю, што Святлану Зварыч выклікалі ў пракуратуру, нас — пакуль не".
 

Журналісты да гэтага часу не ведаюць вынікаў першага пасяджэння суда:
 

"Мы яшчэ нічога пра гэта не ведаем. Наступнае паседжанне прызначанае, наколькі мне вядома, на 28 кастрычніка", — кажа Маставая.

Пераклад НЧ