Радаслаў Сікорскі: Расія прапаноўвала Польшчы акупаваць частку Украіны
Расія хацела прыцягнуць Польшчу да падзелу тэрыторыі Украіны. Пра гэта распавёў былы міністр замежных спраў Польшчы і цяперашні маршалак Сейма Радаслаў Сікорскі, якога цытуе выданне Politico Magazine.
Радаслаў Сікорскі
"Пуцін хацеў, каб Польшча накіравала войскі ва Украіну. Гэта былі сігналы, якія яны нам дасылалі. Мы ведалі, што гэта тое, пра што яны думаюць на працягу многіх гадоў", — сказаў Сікорскі.
"Гэта была адна з першых рэчаў, якую Пуцін сказаў прэм'ер-міністру Дональду Туску (неўзабаве стане прэзідэнтам Еўрапейскага савета — рэд.), калі ён наведаў Маскву. Ён працягваў казаць, што Украіна — штучная краіна і што Львоў — гэта польскі горад, і чаму б нам проста не разабрацца разам", — дадаў ён.
"Мы далі ім вельмі выразна зразумець — мы не будзем мець з гэтым нічога агульнага", — сказаў Сікорскі.
Паводле яго слоў, Расія хоча падштурхнуць краіны Захаду "да краю".
"Пуцін думае, што ён сутыкнуўся з купкай слабакоў. І ён думае, што мы не пойдзем на вайну, каб абараняць краіны Балтыі. Вы ведаеце, можа быць, ён і мае рацыю", — дадаў Сікорскі.
Паводле www.eurointegration.com.ua