Украіна легалізавала медыцынскі канабіс

Кабінет міністраў Украіны пастановай №324 ад 7 красавіка выключыў са спісу наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў некаторыя прэпараты на аснове канабісу.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


У дакуменце пазначана, што «да рэчываў ізаляванага канабідыёла (ізалята канабідыёла) гэтай пастановай меры дзяржаўнага кантролю не ўсталёўваюцца», піша АФН.

Абарот псіхатропных рэчываў Дранабінол, Набінол (сінтэтычныя канабіноіды, якія імітуюць дзеянне ТГК) і Набіксімолс (стандартызаваны экстракт канабіс з аднолькавым утрыманнем ТГК і канабідзіёла) дапускаецца толькі ў форме лекавых сродкаў або ў форме субстанцый, прызначаных для вытворчасці, вырабу такіх лекавых сродкаў, паказана ў дакуменце.

«Пытанне легалізацыі канабісу для медыцынскіх мэтаў вырашана. Рэспект КМ. Больш няма падстаў для фотак дзяцей, якія пакутуюць ад болю, і патрабуюць неадкладнай легалізацыі наркотыкаў. Праўда, пытанне вырашана не так, як хацелі дзялкі, якія мараць аб плантацыях марыхуаны са свабодным яе абаротам у самай беднай краіне Еўропы», — пракаментаваў пастанову Кабміна кіраўнік камітэта па пытаннях падатковай палітыкі Вярхоўнай Рады Данііл Гетманцаў у сваім telegram-канале.

Пытанне легалізацыі медыцынскага канабісу было ўключана ў апытальнік прэзідэнта Зяленскага на парламенцкіх выбарах. Гэтую ініцыятыву падтрымалі 64% апытаных.

У офісе прэзідэнта заявілі, што каля 2 млн украінцаў маюць патрэбу ў медыцынскім канабісе. Гэта можа дапамагчы анкахворым, якія цяпер вымушаныя прымаць больш цяжкія і небяспечныя прэпараты. Таксама вопыт іншых краін паказвае: марыхуана можа дапамагаць пры дэпрэсіях і посттраўматычных засмучэннях.

22 снежня 2020 года кіраўнік фракцыі «Слуга народа» Давід Арахамія заявіў, што ва ўрадзе вырашылі ўключыць прэпараты з медыцынскага канабіса ў спіс лекаў, што адпускаюцца па рэцэпце Ф-1 («чырвоны рэцэпт»).