Улады Грузіі трапілі пад крытыку праз «сакрэтную» дамову з Мінскам

У Грузіі ў нядзелю адна з лідарак партыі Міхаіла Саакашвілі «Адзіны нацыянальны рух Грузіі» Хація Дэканаідзэ заявіла журналістам, што нядаўна ўступіла ў сілу «сакрэтнае» пагадненне «Аб супрацоўніцтве паміж Камітэтам дзяржбяспекі Рэспублікі Беларусь і Службай дзяржаўнай бяспекі Грузіі».

Хація Дэканаідзэ

Хація Дэканаідзэ


Дэканаідзэ, якая займала ў мінулым пасаду кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Украіны, спаслалася на інфармацыю ад афіцыйных крыніц у Мінску, піша Радыё Свабода.

Згаданы ёю дакумент прадугледжвае супрацоўніцтва па лініі спецслужбаў у забеспячэнні дзяржаўнай бяспекі дзвюх краін. У тым ліку, нароўні з барацьбой супраць кіберзлачыннасці, распаўсюджаннем зброі масавага паражэння, тэрарызму і карупцыі, пагадненне прадугледжвае аказанне аператыўнага, тэхнічнага і іншага садзейнічання ў спыненні злачынстваў супраць канстытуцыйнага ладу, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці. «Злачынствамі супраць канстытуцыйнага ладу» афіцыйны Мінск маскіруе палітычныя рэпрэсіі.

Хація Дэканаідзэ і іншыя грузінскія апазіцыянеры перакананыя ў тым, што «ганебная», па іх словах, дамоўленасць закліканая ўцягнуць Грузію ў рэпрэсіі, якія ажыццяўляюцца рэжымам Аляксандра Лукашэнкі супраць сваіх апанентаў як у самой Беларусі, так і ў іншых краінах.

Лідарка партыі «Дроа» («Час, нарэшце!») Элене Хаштарыя абвінаваціла грузінскія ўлады ў «легітымацыі страшнага і незаконнага рэжыму Лукашэнкі», які, па словах Хаштарыі, не толькі «адказны за катаванні і забойствы апазіцыянераў» у самой Беларусі, але згаданым пагадненнем ужо «пагражае жыццю беларускіх апазіцыянераў, якія шукаюць прытулку ў Грузіі».

Праваабаронца і сузаснавальніца грузінскай арганізацыі «Сапар» Байя Патару заклікала СБГ устрымацца ад перадачы Мінску інфармацыі аб палітычных уцекачах з Беларусі.

«У Грузіі знаходзіцца вялікая колькасць беларусаў, у якіх амаль няма магчымасцяў паехаць у іншую краіну. Грузія павінна быць бяспечнай для палітычных уцекачоў і праваабаронцаў з Беларусі», — сказала яна ў каментары тэлеканалу «Мтавары».

Карэспандэнт Радыё Свабода Георгі Кабаладзэ адзначае, што пагадненне было падпісана ў Мінску яшчэ ў 2016 годзе, але ўступіла ў сілу толькі 1 жніўня сёлета. Дырэктар дэпартамэнта прэсы і інфармацыі СДБ Грузіі Нуца Абашыдзэ паведаміла ў інтэрв'ю журналісту Радыё Свабода, што дакумент з грузінскага боку падпісаў тагачасны кіраўнік Службы Вахтанг Гамелауры, які займае цяпер пасаду міністра ўнутраных спраў. «Пагадненне ўступіла ў сілу толькі праз пяць гадоў, паколькі ўвесь гэты час праходзіла ўнутрыдзяржаўныя працэдуры», — патлумачыла афіцыйны прадстаўнік СДБ. Яна адпрэчыла абвінавачанні апазіцыі аб магчымай экстрадыцыі ў Мінск беларускіх апазіцыянераў, якія жывуць у Грузіі, адзначыўшы, што такія формы супрацоўніцтва «дамоўленасцю не прадугледжаныя».

Тым часам, абнародаванне інфармацыі аб уступленні ў сілу пагаднення паміж СДБ Грузіі і КДБ Беларусі выклікала вострую рэакцыю сярод еўрапейскіх палітыкаў. У прыватнасці, дэпутатка Еўрапарламента Віёла Фон Краман назвала тое, што адбылося, «небяспечным выпадкам» і публічна задалася пытаннем: «Чаму грузінскія ўлады імплементуюць пагадненне пяцігадовай даўніны ў момант, калі ўвесь свет спыніў супрацоўніцтва з Беларуссю?»