«Выдалі працоўнае імя «Шрэк».КДБ паспрабаваў завербаваць магілёўскую валанцёрку

Гісторыя адбылася больш за месяц таму — 9 ліпеня. Пасля дастаткова доўгага сачэння валанцёрка Таццяна Жывіца была затрыманая групай невядомых, калі выходзіла ад сяброўкі на вуліцы Арлоўскага ў Магілёве.

tatjana_zivica.jpg

Прычынай для затрымання валанцёркі былі паштоўкі і лісты салідарнасці, якія яна з сябрамі адпраўляла палітвязням.
Невядомымі аказаліся супрацоўнікі УКДБ па Магілёўскай вобласці. У той час па Магілёве якраз масава ішлі затрыманні і допыты па крымінальнай справе нібыта аб тэрарызме.
Людзі, у якіх павінны быць гарачае сэрца і халодная галава, чакалі жанчыну ў кустах. Спярша яна палічыла іх злодзеямі, якія выйшлі на паляванне за тэлефонамі, бо менавіта гэтую прыладу схапіў невядомы дзіўнага выгляду. Але пазней асалапела ад пасведчання, дзе было напісана «КДБ».
Для пачатку яе павезлі дадому, каб правесці там ператрус. Натуральна, там нічога падазронага не выявілі, але на ўсялякі выпадак канфіскавалі ноўтбук.
Пасля супрацоўнікі спецслужбы павезлі Таццяну Жывіцу ў Магілёўскае аблупраўленне на вуліцы Піянерскай, дзе дапытвалі яе цягам некалькіх гадзін.
Калегі Жывіцы, заўважыўшы, што яна некаторы час не выходзіць на сувязь, пачалі самастойныя пошукі. Дастаткова хутка высветлілася, што яна знаходзіцца менавіта ва УКДБ па Магілёўскай вобласці. Калі Жывіцы патэлефанавала дачка, Таццяне пад ціскам чэкістаў давялося схлусіць, што яна знаходзіцца ў судзе, дзе маніторыць адзін з працэсаў.
Адвакат Таццяны Жывіцы таксама схадзіў у КДБ, аднак дзяжурны адмовіўся нават паведамляць, ці знаходзіцца валанцёрка ў іх. Да падабароннай адваката не дапусцілі.
Натуральна, што падстава для затрымання аказалася фармальнасцю. Усё, што цікавіла агентаў, — магілёўскае аддзяленне ПЦ «Вясна» і валанцёрская каманда «MAYDAY».
Супрацоўнікі КДБ задавалі пытанні, хто і чым канкрэтна займаецца ў праваабарончым цэнтры, пыталіся пра асобных людзей — Аляксея Колчына, Аляксандра Буракова, Наталлю Міхалькову і Барыса Бухеля.
Асабліва чэкістаў цікавіла, хто вядзе тэлеграм-канал «MAYDAY».
У сваю чаргу, Таццяне агенты КДБ сказалі, што яе калегі з «Вясны» ўжо пабывалі ў іх і «здалі» ўсіх і ўся (што не магло адбыцца фізічна — ужо доўгі час яны знаходзяцца за мяжой).
Таксама цікава, што чэкісты наўпрост заявілі Таццяне, што журналіст «Магілёўскай вясны» Саша Райкон (Буракоў) нібыта размясціў інфармацыю пра старшага следчага УСК па Магілёўскай вобласці Андрэя Шацько ў адным з тэлеграм-каналаў, прызнаных экстрэмісцкімі, хоць Райкон нават ніколі не быў на яго падпісаны і ніякай інфармацыяй асабістага характару пра Шацько не валодае і ніколі з ім не сутыкаўся.
Двое супрацоўнікаў «апрацоўвалі» жанчыну на працягу васьмі гадзін: у 11.00 яна была затрыманая, а ў 19.00 адпушчаная. Як і ўсім магілёўцам, якіх апошні месяц масава возяць у гэтую ўстанову, Таццяне Жывіцы прапанавалі падпісаць паперу аб супрацоўніцтве і запісаць відэа з асуджэннем экстрэмізму, што і было зроблена. Альтэрнатывай была пераканаўчая пагроза крымінальнага пераследу і затрыманне мінімум на 72 гадзіны ў якасці падазраванай. Пасля вярбоўкі жанчыне выдалі працоўнае імя «Шрэк».
А квінтэсенцыяй працы сакрэтных агентаў стала бесклапотная прапанова аддаць ім ключы ад сядзібы «Магілёўскай вясны». Пашанцавала, што ўжо доўгі час ключоў у Таццяны не было.
Гэта адбылося падчас другой сустрэчы, калі «рыцарам плашча і кінжала» здалося, што вярбоўка прайшла ўдала. Так, супрацоўнікі КДБ вырашылі пракрасціся інкогніта ў працоўнае памяшканне праваабаронцаў. Хоць «Магілёўская вясна» заўсёды працавала адкрыта і нічога не перашкаджала чэкістам проста зайсці і паглядзець, хто і як працуе.
Выйшаўшы з будынка КДБ, валанцёрка адразу распавяла аб вярбоўцы ўсім калегам, сябрам і знаёмым. Перад праваабаронцамі стала праблема зрабіць яе жыццё максімальна бяспечным. У дадзены момант па патрабаванні калег Таццяна Жывіца пераехала жыць у іншую краіну.
mspring.media