Узбекістан: кірыліца вяртаецца

Услед за Казахстанам рэформа правапісу, падаецца, рыхтуецца ва Узбекістане. Толькі ў Ташкенце прасоўваюць не лацінку, а наадварот — збіраюцца скасаваць яе на карысць кірыліцы.

magnitna_dyska_s_cifri_i_bukvi_na_kirilica_gryb_na_dyskata.jpg

Гісторыя ўзбекскіх рэформаў правапісу — гэта гісторыя абсалютна валюнтарысцкіх рашэнняў. Так, у 1926 годзе дзеля справы сусветнай рэвалюцыі ад жыхароў краю патрабавалі забыць арабскі правапіс і фарсіраваць вывучэнне лацінкі. Праз 15 гадоў міжнародная кан’юктура змянілася і, каб сарваць планы брытанскай разведкі ў Цэнтральнай Азіі, улады перавялі ўзбекаў на кірыліцу.

З той жа оперы і рэформа 1993 года па вяртанні на лацінку. Лічыцца, што дэтэрмінантай такога кроку быў пошук мадэлі для постсавецкага Узбекістана. Найбольш цікава для Карымава выглядаў досвед Турцыі. У гэтай парадыгме не выклікала пытанняў неабходнасць пераходу на лацінку, як у свой час зрабіў у Турцыі Атацюрк. Адсюль 2 верасня 1993 года быў падпісаны закон «Аб увядзенні ўзбекскага алфавіту, заснаванага на лацінскай графіцы». Закон прадугледжваў прыняцце захадаў па навучанні насельніцтва лацінцы і поўны пераход на лацінку да 2000 года.

Пры гэтым напрацоўкі Атацюрка імпартаваліся ва Узбекістан без усялякай увагі да лакальных асаблівасцяў і рэсурсаў краіны. Рэформа пачала буквасаваць ледзь не спачатку — праз няздольнасць старой генерацыі вывучыць новыя правілы. Тады новаму правапісу вырашылі навучаць перш за ўсё моладзь. Між тым, менавіта ўзбекі, якія вучыліся на кірыліцы, складаюць асноўную аўдыторыю друкаваных СМІ. Паколькі запыт дыктуе прапанову, большасць газет засталіся верныя кірыліцы. Інтарэс да кірыліцы ў грамадстве захаваўся таксама праз масавую рабочую міграцыю ўзбекаў у Расію. Нарэшце, адназначная арыентацыя на Турцыю паступова змянілася шматвектарным прагматызмам Ташкенту, калі турэцкі досвед ужо не ўспрымаўся як нешта сакральнае.

Не дзіўна, што на мяжы стагоддзяў запланаваны пераход на лацінку не адбыўся. З часам склаўся ўнікальны феномен суіснавання двух правапісаў. Прычым, як выйсці з цяперашняй калізіі, ніхто не ведае. Паводле разлікаў інтэрнэт-выдання Фергана.ру, для татальнага пераходу на лацінку ў цяперашніх умовах Узбекістану спатрэбіцца як мінімум 30–40 гадоў. Аднак гэта магчыма пры ўмове, калі дзяржава сапраўды будзе шмат інвеставаць у выданне адпаведнай літаратуры, што, з улікам эканамічнага стану і нестабільнасці рэжыму, малаверагодна.

Вырашаць задачу з правапісамі прыходзіцца ўжо новаму кіраўніку дзяржавы. Маркерам таго, што ў гэтай галіне чакаюцца некія зрухі, стаў нядаўні адкрыты ліст узбекскага літаратуразнаўцы Шухрата Рызаева на адрас прэзідэнта з просьбай вярнуцца да кірыліцы.

Мала хто верыць, што Рызаеў дазволіў сабе фактычна крытыкаваць Карымава без адпаведнай санкцыі з адміністрацыі Шаўката Мірзіёева. Кожнаму вядома, што няўдалую рэформу лацінкі ініцыяваў Іслам Карымаў, які ва ўзбекскай афіцыйнай ідэалогіі мае статус «Бацькі нацыі». Любая публічная крытыка рэформы 1993-га — падкоп пад культ асобы Карымава, што цягне на палітычны артыкул. Рызаеву, відавочна, далі гарантыі бяспекі за тое, што ён крытыкуе спадчыну Карымава.

Праўда, пра Карымава ў тэксце Рызаева, натуральна, ні слова. Асноўныя тэзісы тэксту наступныя: а) правапіс павінен быць інструментам сувязі генерацый; б) выбар графікі можа зыходзіць не з геапалітычных забабонаў, а з меркаванняў практычных выгод у яе выкарыстанні і таго, які багаж ведаў ужо створаны з яе дапамогай. Асноўнае рэзюмэ — пераход на лацінку негатыўна ўздзейнічае на стан узбекскай мовы.

Артыкул выклікаў вялікі рэзананс. І самае цікавае, што ў лацінкі нечакана з’явіліся свае аматары. «Лягчэй удасканаліць існуючую сістэму (пасля аналізу і выяўлення прабелаў), чым марнаваць велізарныя сродкі на вяртанне, плюс псаваць свой імідж», — піша адзін з узбекскіх лаціфінафілаў.

Праўда, армія прыхільнікаў кірыліцы пакуль выглядае больш салідна. Гэта і касцяк інтэлігенцыі плюс вялікі сегмент аўдыторыі чытачоў (толькі 15 працэнтаў кніг друкуюцца лацінкай). Нарэшце, у гэтай фракцыі ёсць такі важны аргумент, як пазіцыя замежных медыя. ВВС і мясцовая рэдакцыя «Радыё Свабода» вядуць свае інтэрнэт-старонкі на кірыліцы.

Адным словам, вяртанне Узбекістана да кірыліцы выглядае справай вырашанай? Не. Адказ на гэтае пытанне неадназначны з улікам таго, што, як адзначалася напачатку артыкула, рашэнні наконт усіх рэформаў правапісу ў краі мелі суб’ектыўны характар. Калі Мірзіёеву, як і нябожчыку Карымаву, надакучыць прасоўваць новы правапіс, то ў грамадстве захаваецца сегмент тых, хто спажывае лацінку. Так ці інакш, цэлыя генерацыя вучылася па падручніка з лацінскай графікай. Дарэчы, той жа Рызаеў дапускае, што лацінка павінна захавацца як другі афіцыйны варыянт правапісу.

Дэбаты наконт лёсу лацінкі ва Узбекістане ідуць на фоне адваротных працэсаў у Казахстане, дзе плануюць адмовіцца ад кірыліцы.

Вось як апісвае мясцовыя працэсы ў каментары «Новаму Часу» казахскі журналіст Андрэй Грышын:

«У Казахстане, наадварот, усё ідзе па нарастаючай. На тэлебачанні кожны дзень ганяюць ролікі, што лацінка — самае што ні на ёсць неабходнае для адраджэння казахскай мовы. Пакуль жа з канкрэтыкі: да канца года павінны распрацаваць літары лацінкі для казахскай мовы. І ўжо ёсць праблемы на гэтым этапе, бо ў казахскай занадта шмат спецыфічных гукаў, і ў кожнага свой погляд на тое, як менавіта іх трэба перадаваць на пісьме. У цэлым жа тэма з пераходам на лацінку ўспрымаецца ўжо як дадзенасць. Праўда, ці пойдзе ўлада да канца ў гэтай рэформе, незразумела. Магчыма, лацінка спатрэбілася толькі як чарговы адцягваючы ўвагу манеўр на шляху транзіту ўлады альбо спроба перацягнуць на свой бок нацыяналістаў, у якіх да Назарбаева назапасілася мноства прэтэнзій».